Знайсці прычыну мала. Патрэбна ўхіліць

Сельская гаспадарка

Тэму  чарговага  семінара акрэсліў  старшыня  райвыканкама   Аляксандр Ятчанка:  “Захаванасць пагалоўя,   узнаўленне  статка,  вытворчыя  і  эканамічныя   паказчыкі”.  Пасля  кароткага ўступнага   слова   кіраўніка  раёна   ўдзельнікі   семінара накіраваліся  ў  КСУП Чамярыскі”,  дзе,  як было падкрэслена, старыя памяшканні,  але  ж умовы ўтрымання   жывёлы,   узровень  захаванасці – на  належным  узроўні.


Першы прыпынак – Чамярыская ферма. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Генадзь Краўчанка пачаў характарыстыку гаспадаркі з агульнай плошчы сельгасугоддзяў. Да аб’яднання яе з “Агра-Лідарам” разворвалі 4,5 тысячы гектараў (60%), зараз – 40%. Асноўныя кармы, растлумачыў, з ворыўных земляў. Пагалоўе жывёлы плануюць давесці да чатырох тысяч, надаіць за год па 4700 літраў малака ад каровы.
Прычыну “мінуса” ў паказчыках па сярэднясутачных надоях у гэтыя дні растлумачыў недастатковым уводам нецеляў у асноўны статак, але паступова ён будзе ліквідаваны. Да канца лютага давядуць надой у разліку на карову  да  14 літраў у суткі, да канца  сакавіка – 16-ці. Што  датычыць  канкрэтна Чамярыскай  МТФ, то тут атрымліваюць у гэтыя лютаўскія дні амаль па 15 літраў малака. “Падводзіць”  пакуль калектыў  Хракавіцкай фермы, дзе парушылі  тэхналогію асемянення. За першы квартал вытворчасць малака ў цэлым па гаспадарцы павінна скласці  108%.



На ўзроўні будзе і захаванасць нованароджаных цялят. Па словах Генадзя Іванавіча, за апошнія чатыры гады страты маладняку ад атрыманага прыплоду невялікія, складаюць ад двух да трох працэнтаў. За гэты ж прамежак часу і пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася на 1700. Пры той кармавой базе, якая ёсць у гаспадарцы, атрымліваць сярэднясутачныя прывагі маладняку па 750 грамаў рэальна, ды вось 100 грамаў не дабіраюць з-за скучанасці ў памяшканнях.


Пра індывідуальныя клеткі-домікі для цялят гаварылася і пісалася шмат. Ёсць яны і ў “Чамярыскім”, прычым не драўляныя, а пластыкавыя. Прыгожыя, утульныя, як лялечныя. Раённыя спецыялісты звярнулі ўвагу сваіх калег на такі аспект: на кожнай павінна знаходзіцца дата нараджэння цяляці, каб роўна праз 21 дзень перавесці маладняк у групу дарошчвання.


Удзельнікі семінара – а гэта, акрамя кіраўнікоў гаспадарак, зааветспецыялісты, – пабывалі на новай ферме, ідэнтычнай той, якая пабудавана ў Пераносах. Як вынікае са слоў Генадзя Іванавіча, на гэтай  МТФ  будзе стопрацэнтная захаванасць тэхналогіі паточна-цэхавай сістэмы вытворчасці малака. На 80% яна гатова, закуплена новае абсталяванне.


Агледзелі і старую ферму, якая не эксплуатавалася некалькі гадоў. Цяпер тут дойныя каровы.  Накіраваліся ў памяшканне, дарэчы, не новае, дзе знаходзіліся цяляты груп дарошчвання. Тыя, што перайшлі сюды пасля 21 дня ўтрымання ў індывідуальнай “кватэры”. Пры правільным кармленні канцэнтратамі да шасцімесячнага ўзросту яны дасягаюць вагі 250 кілаграмаў. Як было сказана, “узрост” памяшкання – не галоўнае. Важна захаваць тэхналогію кармлення, не парушыць яе і дасягнуць выніку, які планавалі.


Хутка ў поле. Па прагнозах сіноптыкаў, вясна будзе ранняя. Таму пытанне рамонту тэхнікі – не менш важнае, чым вытворчасць малака і мяса. “Гаспадарка на 95% гатова да пасяўной, – сказаў Генадзь Іванавіч. – Набылі камбінаваны агрэгат “Цігер”, супертэхніку для безадвальнай апрацоўкі глебы.” Кіраўнік “Чамярыскага” падзяліўся планамі адносна навядзення парадку ў механічнай майстэрні, асфальтавання, замены варот. Расказаў, чым ацяпляюць майстэрню. З гэтай мэтай купілі аўтаматычную цеплавую пушку з камплектам тэрмарэгулявання. Яна незаменная і пры абагрэве памяшкання, дзе захоўваецца бульба. Тры-чатыры гадзіны работы ўстаноўкі ў суткі дазваляюць падтрымліваць патрэбную тэмпературу і забяспечваюць стопрацэнтную захаванасць клубняў. Такім чынам можна зберагчы да вясны тысячу тон  другога хлеба.


– За зіму такая пушка зрасходавала 110 літраў саляркі, – удакладніў Генадзь Краўчанка.


А  ў  рамонтнай майстэрні ішла  прывычная для гэтага часу  работа. Механізатары завіхаліся  каля сельгасмашын, свае чаргі чакаў агрэгат МВУ-18 (для ўнясення мінеральных  угнаенняў). Аднаго  такога  дастаткова, каб з  новым  трактарам айчыннай вытворчасці ўнесці на палі калійныя ўгнаенні ў поўным аб’ёме.  Яго  ўмяшчальнасць – 15 тон.


Як чамярысцы дабіваюцца эканоміі энергарэсурсаў, прысутныя азнаёміліся на ферме ў Хракавічах, дзе памянялі лямпачкі напалу, а таксама сістэму вентыляцыі. Тут жа, каля клетак-домікаў, намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцін Хмелянок узнавіў у памяці спецыялістаў зааветслужбы фізіялогію нованароджанага цяляці. Растлумачыў, чаму яго неабходна паіць да двухтыднёвага ўзросту з соскі. На кармленне кожнага ідзе 5-10 хвілін, каб своечасова напаіць усіх тры разы ў дзень, нагрузка на адну цялятніцу павінна быць 25 галоў.


Дарэчы, зараз даенне кароў у КСУП “Чамярыскі”, як і ў іншых гаспадарках, трохразовае.


Затым адбылося плянарнае пасяджэнне. Заданне па вытворчасці малака і мяса за першы месяц раён не выканаў. Чаму, па якой прычыне, што неабходна зрабіць, каб паправіць становішча, расказвалі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кожны па сваёй галіне.  Старшыня райвыканкама Аляксандр Ятчанка даў слова спецыялістам  тых гаспадарак, дзе не справіліся з прагнознымі паказчыкамі, не выканалі заданне па павелічэнні пагалоўя, дапусцілі паморак маладняку. Папярэдзіў аб адказнасці за пралікі ў рабоце.


Дэталёва прааналізавалі ход рамонту тэхнікі.


У рабоце семінара прымаў удзел генеральны дырэктар РСУП “Гомельдзяржплемпрадпрыемства” Аляксандр Старацітараў. Прычыны невыканання даведзенага задання ён бачыць у “вольнасцях з асемяненнем”. Гэта азначае, што быкоў-вытворнікаў у статках быць не павінна. Працу тэхніка-асемянатара неабходна аплачваць дастойна, нават у калектыўны дагавор такі пункт патрэбна ўключыць. Ды і людзей на гэту пасаду варта падбіраць адказных і сумленных.


За таварнасць малака, улік адказнасць нясуць  бухгалтары. Паколькі сельгаспрадпрыемствы раёна не выйшлі на запланаваныя лічбы па вытворчасці малака і мяса, сітуацыю прааналізуюць спецыялісты абласного камітэта па сельскай гаспадарцы. Яны зробяць свае вынікі.


Ніна СІНІЛАВА