Кухня продкаў. Да бульбачкі – з пашанай. Расскажам пра цікавую гісторыю бульбы

Важнае Грамадства

Многія могуць падумаць, што бульба на стале нашых продкаў была заўсёды – нездарма мы лічым яе нацыянальнай гароднінай. Між іншым, згодна з энцыклапедыяй беларускай кухні «Смачна есці», расліна з сямейства паслёнавых з’явілася на тэрыторыі нашай краіны толькі ў XVIII стагоддзі. Да гэтага часу беларусы ўжывалі ў ежу боб, гарох, чачавіцу. Папулярнымі прадуктамі былі агуркі, морква, капуста, пастарнак. Ды і ўвогуле, яшчэ ў ХVІ стагоддзі бульба лічылася экзотыкай у Еўропе, паколькі да адкрыцця Амерыкі пра яе ніхто не ведаў.

Радзіма гэтай расліны – горныя Анды, дзе нават сёння можна яе сустрэць у дзікарослым выглядзе. Разам з іншымі дзіўнымі пладамі і клубнямі бульбу прывезлі ў Еўропу ў 1536 г. іспанскія канкістадоры. І спачатку вырошчвалі толькі ў батанічных садах і аранжарэях: кветкамі ўпрыгожвалі свае ўборы багатыя дамы. А правільна выкарыстоўваць у кулінарыі клубні навучыліся амаль праз стагоддзе

У Беларусі і Літве бульба з’явілася дзякуючы апошняму каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Ён быў умераным гурманам, аднак любіў здзівіць гасцей цікавымі стравамі. У прыватнасці, згатаванымі з новай у Еўропе гародніны.

У Расійскую імперыю бульба трапіла з лёгкай рукі цара-рэфарматара Пятра I. Знаходзячыся ў Галандыі, ён паспрабаваў стравы з яе, знайшоў іх смачнымі і даслаў мяшок клубняў на радзіму. Ніхто толкам не мог растлумачыць, як іх ужываць у ежу, спроба есці ягады бульбы, як вядома, прыводзіла да хвароб і атручанняў. Рускія сяляне не хацелі саджаць і апрацоўваць «заморскі фрукт» і ўпарта адмаўляліся займацца яго культывацыяй нават праз 100 гадоў пасля Пятра I.

А вось беларусам бульбачка адразу палюбілася, і яны вырошчвалі яе з задавальненнем. У канцы XIX ст. наш Паўночна-Заходні край даваў больш за 25% усёй валавой вытворчасці бульбы ў Расійскай імперыі. Яна змагла заняць лідзіруючыя пазіцыі ў рацыёне беларусаў і стала асновай галоўнай нацыянальнай стравы – дранікаў.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.