Многія лічаць, што час на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка спыніўся. Але гэта не так – жыццё тут працягваецца

Грамадства

Сёлета ў Калыбанскім лясніцтве прынялі новы табун маладых коней. Для жывёл створаны ўсе ўмовы: прасторны кармавы стол, вагавая, эстакада для агляду і лячэння, а з надыходам цяпла – і бязмежныя пашы. Папярэдняя група коней у лютым ужо пакінула гэтую тэрыторыю.

– Для коней тут максімальна натуральнае асяроддзе, наколькі гэта магчыма ў запаведніку, – расказвае Вадзім Раманенка, ляснічы Калыбанскага лясніцтва. – Увага ветэрынарных урачоў, збалансаванае харчаванне і свабода перамяшчэння – залог здароўя і паспяховага развіцця.

Але клопат пра коней – толькі малая частка той працы, якая праводзіцца супрацоўнікамі запаведніка. Пакуль жывёлы набіраюцца сіл на пашах, спецыялісты актыўна займаюцца лесааднаўленнем. Маладыя елкі, сосны і бярозы, высаджаныя клапатлівымі рукамі, надаюць лясам новую сілу.

У гэтым годзе парк тэхнікі папоўніўся чатырма трактарамі, прызначанымі для нарыхтоўкі драўніны, неабходнай для падтрымання інфраструктуры запаведніка і забеспячэння жывёл кормам. Асаблівая ўвага надаецца стварэнню і падтрыманню ў належным стане супрацьпажарных палос. Такія шырокія просекі, ачышчаныя ад сухой травы і буралому, служаць бар’ерам на шляху агню, прадухіляючы распаўсюджванне пажараў. Гэта асабліва важна ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання.

Традыцыйна ў адселеныя вёскі прыязджаюць супрацоўнікі навукова-даследчага цэнтра. Яны назіраюць за папуляцыямі звяроў і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, фіксуючы змены ў іх стане. Вынікі гэтых даследаванняў маюць вялікае значэнне для разумення працэсаў, што адбываюцца ў зоне адчужэння, і распрацоўкі эфектыўных мер па яе аднаўленні.

Не забываюць у запаведніку і пра здароўе дзікіх жывёл. Рэгулярна праводзіцца вакцынацыя: уздоўж абочын раскідваюцца адпаведныя прынады. Узімку, калі знайсці ежу становіцца асабліва складана, для ласёў раскладваюць соль, а для птушак усталёўваюць шпакоўні і падсыпаюць корм.

Акрамя аховы прыроды, запаведнік вядзе і гаспадарчую дзейнасць. Адным з накірункаў з’яўляецца пчалярства. Сабраны тут мёд перад тым, як паступае ў продаж, праходзіць строгі кантроль на адпаведнасць нормам радыяцыйнай бяспекі. У запаведніку таксама вырошчваюць саджанцы пладовых дрэў, якія карыстаюцца попытам у насельніцтва.

Унікальны жывёльны свет – яшчэ адзін гонар ПДРЭЗ. На тэрыторыі адселеных вёсак захавалася ўся фаўна: козы, ласі, алені, зубры, ваўкі і інш. Супрацоўнікі рэгулярна падлічваюць іх колькасць і, назіраючы за папуляцыямі, прымаюць меры для захавання.

Займаюцца і добраў-парадкаваннем: рамантуюць будынкі, усталёўваюць альтанкі і г.д., ствараючы камфортныя і зручныя ўмовы для працы.

Асаблівая ўвага надаецца захаванню памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны і воінах-афганцах. Помнікі, размешчаныя на тэрыторыі запаведніка, утрымліваюцца ў належным стане. Іх рэгулярна фарбуюць, вакол абкошваюць траву. Сочаць і за станам знакаў, указальнікаў, асноўных дарог. А яшчэ – за выкананнем правілаў наведвання зоны, папярэджваюць спробы незаконнага пранікнення сюды і браканьерства.

Зямля, якая перажыла катастрофу, – яшчэ адзін доказ таму, што жыццё працягваецца нават у самых складаных умовах.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.