У Гомелі прайшоў абласны адборачны этап рэспубліканскага конкурсу «Інжынеры будучыні» ў кампетэнцыі «Інжынерны дызайн CAD». Удзел у ім прынялі вучні гімназіі г.п. Брагіна.
Хлопцы і дзяўчаты спаборнічалі на базе абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Яны стваралі па чарцяжах 3D мадэль рэдуктара, рабілі зборку і анімацыю рухомых частак.
Па выніках конкурсу вучаніца гімназіі г.п. Брагіна Ангеліна Махнач атрымала два дыпломы II ступені.
– У такіх спаборніцтвах удзельнічаю не першы раз. Цікавіцца інжынерным майстэрствам пачала з сёмага класа, дадаткова займаюся ў гуртку «Прататыпаванне», які вядзе Сяргей Аляксандравіч Алфімцаў. Калі што не зразумела, ён заўсёды дапаможа, – адзначае Ангеліна. – Увогуле заданні тут кожны раз розныя, таму і цікавыя. Плюс яшчэ ў тым, што пасля конкурсу можна паразмаўляць з іншымі ўдзельнікамі, абмяняцца думкамі, ды і проста добра правесці час, пакуль журы падводзяць вынікі.
Сёлета Ангеліна Махнач будзе займацца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку – па выніках субяседвання яна паступіла на аддзяленне «Інжынерная экалогія». Варта адзначыць, што дакументы ва ўстанову падавалі дзеці з усёй рэспублікі. Заняткі будуць працягвацца тры тыдні.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.