Ён нагадвае кожнаму з нас пра непарыўную сувязь з гісторыяй, культурай і традыцыямі свайго народа. Мова – гэта не проста сродак зносін, гэта код нацыі, яе генетычная памяць, жывая крыніца мудрасці і натхнення. Нездарма кажуць: няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.
На Брагіншчыне, як і ва ўсёй Беларусі, пытанню захавання і развіцця беларускай мовы надаецца вялікая ўвага. Бо гэта не проста школьны прадмет, а частка нашай ідэнтычнасці, наша культурная спадчына, якую мы абавязаны берагчы і перадаваць нашчадкам. І прыемна бачыць, што цікавасць да яе не згасае. Пацвярджэнне таму – нядаўняе рэпетыцыйнае тэсціраванне, дзе беларуская мова стала самым папулярным прадметам сярод мясцовых вучняў.
Варта адзначыць, што ў сельскіх населеных пунктах раёна навучанне ў школах вядзецца па-беларуску. Магчыма, дзякуючы гэтаму дзеці дасягаюць значных поспехаў у алімпіядах і конкурсах. Юныя знаўцы беларускай мовы неаднаразова атрымлівалі дыпломы абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, дэманструючы глыбокія веды і любоў да роднага слова. Ёсць і ўдзельнікі конкурсу «Размаўляй са мной па-беларуску». Сярод іх – Кацярына Краўчанка з Чамярыскай СШ і Дарына Катлабай, выпускніца гэтай жа школы. Апошняя, дарэчы, неаднаразовы прызёр трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Такія поспехі – вынік плённай сумеснай працы настаўнікаў і вучняў.
– Важная роля ў папулярызацыя беларускай мовы належыць менавіта настаўнікам. Размаўляюцы на ёй, мы натхняем гэтак жа гаварыць сваіх вучняў, з’яўляемся для іх прыкладам. Вялікую цікавасць, напрыклад, у нашых дзяцей выклікае такі від дзейнасці, як выказванне на роднай мове на прапанаваную тэму, – адзначае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Чамярыскай школы Аксана Пеўнявец.
Дарэчы, дзень роднай мовы ў гэтай установе праводзіцца кожную пятніцу. Усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу імкнуцца размаўляць па-беларуску. На «мілагучнай» праводзяцца таксама і агульнашкольныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Традыцыяй з’яўляюцца тыдні роднай мовы.
«Добры дзень», «Дзякуй», «Калі ласка» – гэтыя словы і выразы гучаць у дзіцячых садках Брагіншчыны ў дні, калі з дзецьмі гавораць выключна па-беларуску. Песні, вершы, гульні – толькі на роднай мове! Гэта фарміруе ў выхаванцаў пачуццё гонару за сваю духоўную культуру.
«Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга ні асуджаць, ні ганьбіць. Яе трэба любіць, шанаваць і ўзбагачаць», – казаў знакаміты беларускі пісьменнік Янка Брыль. Вядома, вы чулі яго імя. Як і імёны іншых нашых класіў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і інш. Менавіта іх творы, напісаныя на беларускай мове, праславілі нашу краіну далёка за яе межамі.
У Дзень роднай мовы актыўна далучаюцца да святкавання і бібліятэкі раёна, прапаноўваючы чытачам шырокі спектр тэматычных мерапрыемстваў. Кніжныя выставы, літаратурныя чытанні, віктарыны, творчыя майстэрні – кожны знойдзе сабе занятак па душы.
І важна адзначыць, што кнігі на беларускай мове ў нашым раёне карыстаюцца вялікім попытам. Чытачы з цікавасцю адкрываюць для сябе свет беларускай класікі і сучаснай літаратуры, знаходзячы на старонках адказы на важныя пытанні і натхненне для новых здзяйсненняў. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца творы Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Мікалая Чаргінца і інш.
Сённяшняя дата – выдатная нагода задумацца аб значэнні беларускай мовы ў нашым жыцці, успомніць свае карані, аддаць даніну павагі тым, хто захаваў для нас гэты бясцэнны дар. Няхай яна, звонкая і пявучая, гучыць, жыве ў нашых сэрцах і перадаецца ад пакалення да пакалення.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.