На мінулым тыдні споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Івана Навуменкі, выдатнага беларускага пісьменніка, вучонага і грамадскага дзеяча

Грамадства Літаратурная гасцёўня

Яго творчасць пакінула глыбокі след у нацыянальнай літаратуры.

Іван Якаўлевіч прайшоў дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, ад падпольнай барацьбы да франтавых баёў. Як і многія пераможцы, цаніў мірнае жыццё і ўмеў яму радавацца. Гэта адчувалася ў яго размовах са студэнтамі, ва ўменні пажартаваць і пацікавіцца іх лёсам.

Нягледзячы на сваю вядомасць і мноства выдадзеных кніг, уключаючы знакамітыя раманы «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці», Навуменка заставаўся сціплым і адкрытым чалавекам.

У 1995 годзе яму было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі. Яно, як ацэнка актыўнай творчай працы, выдатна падыходзіла да вучонага звання акадэміка НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі. Акрамя гэтага, Іван Навуменка – кавалер ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені.

Ён з’яўляецца аўтарам 12 зборнікаў апавяданняў і аповесцяў, шасці раманаў, многія з якіх прысвечаны роднаму краю: «Хлопцы-равеснікі», «Таполі юнацтва», «Сямнаццатай вясной», «Тая самая зямля». Як навуковец-літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук і заслужаны дзеяч навукі, ён пакінуў багатую спадчыну, якая ўключае 10 манаграфій і 300 навуковых прац.

У сваёй аўтабіяграфіі, надрукаванай у зборніку «Пяцьдзясят чатыры дарогі», Іван Якаўлевіч расказаў, што нарадзіўся ў мястэчку Васілевічы ў сям’і чыгуначнага рабочага, стрэлачніка. «Маё дзяцінства прыйшлося якраз на той час, калі па пыльнай вуліцы прагрукаў першы трактар, а ў бясхмарным блакіце неба, перастаючы быць дзівам, праляцеў самалёт», – адзначаў пісьменнік.

Іван Навуменка падкрэсліваў, што пачатак яго актыўнага жыцця супаў з трагічнымі гадамі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта назаўжды вызначыла яго жыццёвыя каштоўнасці і светапогляд: за вайну давялося ўбачыць і перажыць усякае. «Тыдзень ці два ў першы месяц баёў быў у знішчальным батальёне, спаў з вучэбнай вінтоўкай на саломе ў клубе. Потым, калі стала вядома, што мястэчка зоймуць фашысты, разам са школьнымі сябрамі рушыў на ўсход. Але далёка адысці не атрымалася, вайна дагнала каля Дняпра. Дзесьці ў канцы восені сорак першага года з ліку вучняў старэйшых класаў у мястэчку стварылася невялікая падпольная група, у якую ўваходзіў і я. Збіралі зброю, слухалі радыё, распаўсюджвалі савецкія газеты, шукалі сувязі з партызанамі. Група ацалела, хоць у сорак другім годзе фашысты і расстралялі нашага кіраўніка. У далейшым, ужо ў сорак трэцім годзе, я быў разведчыкам разведвальнай дэсантнай групы, якая дзейнічала ў калінкавіцкіх і васілевіцкіх лясах, быў сувязным, а потым байцом у партызанскай брыгадзе імя Панамарэнкі…», – успамінаў Іван Якаўлевіч.

Пазней Навуменка трапіў у запасны полк, удзельнічаў у баях пад Ленінградам, у Карэліі. Нездарма галоўная тэма твораў пісьменніка за паўстагоддзе актыўнай літаратурнай працы звязана з перажытым нашым народам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Творы Івана Якаўлевіча – узор цудоўнай беларускай мовы, якая вельмі блізкая ўсім чытачам сваёй шчырасцю, дабрынёй, чалавечнасцю.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.