Яны сталі адным з этапаў круглагадовай спартакіяды сярод калектываў прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Баталіі разгарнуліся 15 лютага на стадыёне Камарынскага фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі.
Нягледзячы на выхадны дзень, на забег сабралася значная колькасць аматараў спорту. Тым больш што надвор’е з самай раніцы гэтаму спрыяла. Лыжнікі прадэманстравалі выдатную фізічную падрыхтоўку і волю да перамогі.
Удзельнікі лыжні разыгрывалі медалі ў асабістых першынствах, дзе мужчынам трэба было пераадолець адлегласць у 3 км, а жанчынам – 1 км. Сярод мужчын лепшым стаў Сяргей Літошанка (Камарынскі лясгас), другі вынік паказаў Міхаіл Канавальчык, бронза – у Аляксея Раманюка (абодва – з Брагінскай СШ).
У жанчын на першую прыступку п’едэстала ўзнялася Вікторыя Шавыра (Камарынскі лясгас), срэбра – на рахунку Аліны Шчучэнкі (Брагінская СШ), трэцяе месца заняла Наталля Болбас (Хракавіцкая СШ).
Па выніках напружанай барацьбы першае агульнакаманднае месца заваявала каманда лясгаса, пацвердзіўшы свой статус фаварыта. Другое месца заняла каманда Брагінскай сярэдняй школы, а трэцімі сталі прадстаўнікі Хракавіцкай СШ.
Прызёры і пераможцы ўзнагароджаны медалямі, дыпломамі і кубкам.
– Спадзяемся, што спаборніцтвы паслужаць стымулам для развіцця лыжнага спорту ў раёне і далучаць да здаровага ладу жыцця яшчэ больш жыхароў Брагіншчыны, – адзначыў старшы інспектар райвыканкама Юрый Крываручка.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.