Шчырае жаданне быць патрэбнай і карыснай людзям трымае яе на працы сацыяльнага работніка больш чым дваццаць гадоў.
У гэтай прафесіі сканцэн-траваліся лепшыя чалавечыя якасці: дабрыня, спагада, міласэрнасць, спачуванне і цярпенне. Яна патрабуе шмат фізічных, маральных, эмацыянальных затрат. І далёка не кожнаму па сілах, па складзе характару. А людзі, якія выбіраюць сацыяльную службу, заслугоўваюць асаблівай павагі. Бо нясуць на сваіх плячах клопат аб самых слабых: пажылых, інвалідах, адзінокіх, хворых. І для многіх з’яўляюцца адзіным злучальным звяном са знешнім светам, надзеяй на заўтрашні дзень.
На Брагіншчыне маюць патрэбу ў дапамозе на даму больш за тры з паловай сотні жыхароў, да якіх спяшаюцца 63 сацыяльныя работнікі. Не адзін кіламетр даводзіцца ім штодня пракрочыць ці пракалясіць па вёсках, аграгарадках і пасёлках, каб пабываць у сваіх падапечных, выканаць іх даручэнні. Працоўныя будні насычаныя і не з лёгкіх: купіць і даставіць прадукты, лекі, прынесці дроў, вады, прыбраць у доме, расчысціць, калі патрэбна, снег, пры неабходнасці – прыгатаваць ежу, дапамагчы з асабістай гігіенай… Выслухаць усё, што набалела, суцешыць, падбадзёрыць, сказаць добрае слова – гэта ўжо не ў спісе сацыяльных паслуг, але часам з’яўляецца самым важным.
За 23 гады ў прафесіі Вольга Шубянок з Лубенікоў упэўнілася: мала быць для такіх людзей проста памочнікам у бытавых і гаспадарчых клопатах. Куды больш каштоўнае – чуласць, душэўная цеплыня, шчырая размова. Без гэтых якасцей, умення знаходзіць агульную мову са старэйшым пакаленнем у сферы сацыяльнага абслугоўвання доўга не пратрымаешся. А Вольгу Арсенцьеўну прывёў сюды, можна сказаць, выпадак – кандыдатуру ў свой час падшукваў старшыня сельсавета. Згадзілася на яго прапанову – і не пашкадавала. Нягле-дзячы на тое, што вывучылася на бухгалтара.
Паспрабаваўшы сябе ў гэтай справе, а потым – у якасці прадаўца, пераканалася: «Гэта – не маё». Прызванне знайшла менавіта ў прафесіі сацыяльнага работніка. Усе падапечныя для яе – нібыта родныя.
У маршруце клопатаў жанчыны зараз дзевяць адрасоў: шэсць – у Лубеніках і тры – у Рудні Жураўлёвай. На-дзейнай апорай і падтрымкай уваходзіць яна ў дамы старэйшых землякоў. Дапамагае ім пераадольваць цяжкасці і праблемы, выратоўвае ад суму і тугі. Сітуацыя, калі дзеці жывуць і працуюць у горадзе, а бацькі не хочуць пакідаць родную хату, для сельскай мясцовасці тыповая.
Пастаянна ўдзяляць належную ўвагу блізкім, якія ўжо не ў стане з усім спраўляцца самастойна, не дазваляюць абставіны. А нехта і ўвогуле на схіле гадоў застаўся адзін, ды яшчэ адольваюць хваробы, узрост бярэ сваё. Побач у такіх выпадках сацыяльны работнік. Ён і сябар, і памочнік, і псіхолаг, і кур’ер, і кансультант, калі патрэбна, – прафесійны статус абавязвае.
Вядома, у кожнага з пажылых людзей свой характар, побытавы ўклад, сваё стаўленне да тых ці іншых праяў паўсядзённасці. Але павагу выклікае ўжо тое, што яны з’яўляюцца для нас прыкладам мудрасці, самаадданай працы і патрыятызму. За плячыма кожнага – няпросты жыццёвы шлях, на якім былі і крутыя павароты, і глыбокія ўхабіны. А сёння чалавеку, які ўжо толькі з настальгіяй успамінае сваю маладосць, патрэбна зусім нямнога: цёплыя адносіны, прыветлівае слова і агеньчык дабрыні.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.