Каля двухсот маладых спецыялістаў і студэнтаў сустрэліся з больш вопытнымі калегамі, каб абмеркаваць перспектывы развіцця прафесіі і ўсёй медыясферы ў цяперашніх умовах. Былі таксама закрануты актуальныя пытанні падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Беларусі.
Міністр інфармацыі Марат Маркаў падкрэсліў, што ў XXI стагоддзі сацсеткі становяцца важнымі пляцоўкамі для выказвання меркаванняў, дзе актыўна ўдзельнічаюць не толькі аўтары, але і карыстальнікі. Гэта дае маладым журналістам шырокія магчымасці для фарміравання інфармацыйнага парадку дня.
Ён адзначыў, што ў краіне больш за тысячу зарэгістраваных СМІ. Пры гэтым велізарны патэнцыял для развіцця маюць платформы YouTube і TikTok, дзе рэспубліканскія СМІ прыцягваюць мільёны падпісчыкаў, а раённыя рэдакцыі дэманструюць імклівы рост аўдыторыі. Марат Маркаў таксама заявіў, што лічбавае асяроддзе спрыяе з’яўленню новых формаў падачы інфармацыі, дзе блогеры-аматары могуць канкурыраваць з цэлымі рэдакцыямі, быць лідарамі грамадскай думкі. Аднак неабходнасць не толькі асвойваць новыя медыя, але і ўмець з імі прафесійна працаваць.
На форуме таксама было падкрэслена, што электаральная кампанія – гэта своеасаблівы экзамен для ўсіх. Старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка адзначыў, што ключавымі фактарамі тут з’яўляюцца павышэнне прававой культуры і папулярызацыя выбарчага працэсу. Ён звярнуў увагу на важнасць актыўнай працы ЦВК у медыя: грамадзяне павінны разумець умовы правядзення выбараў.
Старшыня ЦВК Беларусі адзначыў, што рэгістрацыя кандыдатаў у Прэзідэнты пройдзе з 22 па 31 снежня. Адпаведныя пасведчанні аб рэгістрацыі ім выдадуць у двухдзённы тэрмін. З 1 па 25 студзеня 2025 года будзе весціся перадвыбарная агітацыя. Кожнаму кандыдату адвядуць пэўны час у эфіры тэлеканалаў і радыё, а таксама плошчу ў газетах. Ігар Карпенка падкрэсліў, што нельга ўжываць агітацыю, у якой выкарыстоўваюцца прапаганда вайны, заклікі да парушэння канстытуцыйнай цэласнасці краіны, абразы, паклёп у дачыненні да службовых асоб, іншых кандыдатаў у Прэзідэнты.
Датэрміновае галасаванне стартуе 21 студзеня і працягнецца да 25-га. Асноўны дзень галасавання – 26 студзеня 2025 года. Вынікі выбараў ЦВК абвесціць не пазней за 5 лютага. А другі тур пры неабходнасці будзе праведзены не пазней за 9 лютага.
Спікерамі на форуме таксама выступілі дырэктар Нацыянальнага філіяла (прадстаўніцтва) МТРК «МІР» у Беларусі Вольга Шпілеўская, намеснік галоўнага рэдактара інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны» Вікторыя Аль Алі і галоўны рэдактар раённай газеты «Кобрынскі веснік» Вольга Белазёрская. Кожны з іх расказаў пра асаблівасці сваіх медыя і раскрыў сакрэты адаптацыі кантэнта пад кожную з сацыяльных сетак.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.