З кожным годам застаецца ўсё менш людзей, якія могуць расказаць нешта цікавае пра гісторыю адселеных вёсак. Адна з такіх – Крукі.
Гэтыя мясціны рэдка чуюць чалавечыя галасы, бо тут ужо даўно ніхто не жыве, а праезд – толькі па пропусках. Вакол – струхлелыя сцены дамоў, зарослыя дрэвамі і кустамі вуліцы, крыжы на могілках.
– Без спецыяльнага дазволу праехаць у зону можна толькі ў дні, калі сустракаюць Радаўніцу і традыцыйна памінаюць памерлых. Але наведваць мясціны можна і ў іншы час. Проста, акрамя дакумента, які пацвярджае асобу, патрэбен пропуск, – расказвае Аляксандр Калясан, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС аблвыканкама.
На днях у выселенай вёсцы можна было пачуць малітву. Тут, у Круках, адбыўся малебен, які адслужыў іерэй Расціслаў Бандарэнка. А мелкі дождж нібы акрапляў могілкі, дзе калісьці стаяла царква.
Першыя згадванні аб Круках знаходзяцца ў люстрацыі старостваў Кіеўскага ваяводства (1615–1616 гг). Тады яна належала Любецкаму староству, якое пажыццёва трымаў пан Мікалай Струсь. На тэрыторыі пражывала 15 сялян, агульны пабор з якіх складаў 59 злотых і 9 грошаў. У 1754 годзе яны перайшлі ў маёмасць ашмянскага пана Францішка Ракіцкага.
Царква ж на тэрыторыі Крукоў з’явілася напрыканцы існавання Рэчы Паспалітай – у 1790 годзе. Пабудавалі яе ў гонар святой вялікапакутніцы Параскевы за сродкі жыхароў.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Крукі знаходзіліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва. Згодна з перапісам, праведзеным праз два гады, тут налічвалася 33 двары, у якіх пражывала 120 мужчын і 103 жанчыны. Пазней вёска ўвайшла ў Мінскую губерню Расійскай імперыі.
Жыхары Крукоў заўсёды ўважліва ставіліся да патрэб царквы. Так, у 1872 годзе за рамонт, які абышоўся прыхаджанам у 262 рублі і 85 капеек (не ўлічваючы працы па вывазе лясных матэрыялаў), вяскоўцам была аб’яўлена падзяка епархіяльных уладаў. Такая ж узнагарода праз тры гады чакала і селяніна Івана Міронавіча Зайца за садзейнічанне ў абнаўленні храма. Пазней жыхары вёскі зноў былі адзначаны за ахвяраванне ў Крукоўскую царкву. На гэты раз яны перадалі ў храм грабніцу для плашчаніцы коштам 140 рублёў у гонар 300-гадовага юбілею царствавання Раманавых. Тады ж храм наведалі свяшчэннапакутнік Мітрафан, епіскап Мінскі і Тураўскі.
Каля 1925 года царква ў Круках стала прыхадской. Матэрыялы ўсесаюзнага перапісу насельніцтва за 1926 год сведчаць, што свяшчэннікам там быў Андрэй Кірылавіч Радзільскі, ураджэнец Кіева.
У 1930-я гады царква была зачынена. Яе разабралі, а з матэрыялу пабудавалі краму. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў гэтым будынку абсталявалі царкву. Аднак праіснавала яна нядоўга: згарэла восенню 1943-га пры вызваленні вёскі. На тым месцы доўгія гады стаялі тры вялікія дубовыя крыжы – як памяць, што на царкве былі тры купалы.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.