За дастойнае выхаванне дзяцей Юлію Галезнік з Мікуліч чакае ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання ордэнам Маці

Галоўнае Грамадства

Сабраць у поўным саставе вялікую сям’ю Галезнік у нас, на жаль, так і не атрымалася. Старэйшы сын Павел – механізатар ААТ «Імя Жукава», спяшаецца на работу рана і вяртаецца позна: у разгары – сяўба азімых. Не заўсёды можна застаць дома і бацьку, які таксама працуе ў гаспадарцы.

І Юлія Сяргееўна, і Дзмітрый Іванавіч, калі яшчэ толькі ўступілі ў шлюб, добра ведалі: у іх будзе чацвёра дзяцей – не менш. І гэта не дзіўна. Абаіх з маленства акружала вялікая колькасць родных і блізкіх. Таму поўны спакой і цішыня ў доме, адсутнасць гоману, мітусні – не для іх. Жыццё павінна бурліць. А як у ім без дзяцей, без сказанага па мноства разоў за дзень слова «мама»? Яно цяпер гучыць з вуснаў пяцярых сыноў – такіх розных, але аднолькава любімых.

Няма сумненняў: нарадзіць, вырасціць і выхаваць – бязмежна складаная, дастойная павагі праца. Бясконцыя клопаты, турботы… Вялікая адказнасць. Але ўсё кампенсуецца бацькоўскім шчасцем, надзейнай апорай і падтрымкай.

Павел, дарэчы, ужо ажаніўся. Як і бацькі, не падаўся ў вялікі горад – сямейнае жыццё і працоўную дзейнасць пачаў у вёсцы. «Ён вясёлы, дабрадушны і аптымістычны», – гаворыць пра старэйшага сына маці. Але гэта не перашкаджае яму сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязкаў.

Дваццацігадовы Віктар, у якога, на жаль, ёсць праблемы са здароўем,  разважлівы і ўдумлівы. Адказнасць і добрасумленнасць – яго рысы характару.

Багдан вучыцца ў трэцім класе, і маці прыкмячае яго стараннасць, зацікаўленасць у атрыманні ведаў. Любіць матэматыку, рускую мову і літаратуру. Як і маці, горнецца да рукатворнай творчасці.

Шчодрасць і адкрытасць да зносін – гэта пра Святаслава, будучага першакласніка, які зараз наведвае дзіцячы садок. А самаму малодшаму – двухгадоваму Цімафею пакуль яшчэ патрэбны асаблівая ўвага і клопат. Маці знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцём.

Сама ж Юлія Сяргееўна, як заўважаю, даволі жвавая, жыццярадасная і аптымістычная. «Дзеці мне ніколі не былі цяжарам, хаця, безумоўна, гэта вельмі складана – выхоўваць пяцярых», – зазначае маці. І дадае, што ў сямейных, гаспадарчых і бытавых справах адчувае на-дзейнае плячо мужа.

У прыярытэце ў вялікай сям’і – адзінства, праца, узаемная дапамога і падтрымка, клопат адзін пра аднаго, уласным дабрабыце. Так і павінна быць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.