Настаўнік адной з мінскіх школ Савелій Рэпчанка прыехаў у Брагін яшчэ напярэдадні вайны – за малалетнімі дзецьмі, якія знаходзіліся ў цешчы, і быў вымушаны тут застацца. Акупацыйныя ўлады вызначылі для яго месца работы – у мясцовай тыпаграфіі, дзе выпускаліся гаспадарчыя бланкі.
Па ўласнай ініцыятыве Рэпчанка наладзіў сувязь з партызанскім атрадам Зіновіча і выконваў розныя даручэнні. А пасля расстрэлу падпольшчыкаў у кастрычніку 1942 года перад ім паставілі задачу стварыць у Брагіне новую падпольную арганізацыю. І гэта ў хуткім часе ўдалося зрабіць.
У склад групы, якую ўзначаліў Рэпчанка, увайшлі: Пракофій Марчанка, Дзяніс Стрыбук, Вольга Сімукова, Сямён Камека, Іларыён Касцюк, Пётр Свірыдзенка, Ганна Марчанка, Таццяна Стрыбук, Вольга Скараход. Навучаныя горкім урокам патрыёты пачалі дзейнічаць больш канспіратыўна: кожны меў уласны нумар (010, 012 і г.д.), які фігурыраваў у дакументах і данясеннях, а таксама псеўданім (Дубарэцкі, Каспіровіч, Васільеў і г.д).
У партызанскі атрад імя Катоўскага, з якім устанавілі сувязь з дапамогай вяскоўцаў, падпольшчыкі перадавалі каштоўныя звесткі пра немцаў і паліцаяў, іх дзеянні. Туды ж з мясцовай тыпаграфіі паступалі шрыфт, папера, фарба для лістовак, якія распаўсюджваліся сярод насельніцтва. А калі акупанты летам 1943 года вырашылі выпусціць у Брагіне абласную газету, падпольшчыкі па заданні партызан спалілі тыпаграфію разам з абсталяваннем і назапашанымі матэрыяламі. Яны ж дапамагалі катоўцам з медыкаментамі, перадалі ім вялікую колькасць зброі, боепрыпасаў, толу, якія даставалі ў чэхаславакаў і паліцыі. У Брагіне вывелі са строю дзясяткі веласіпедаў адной з нямецкіх часцей, мясцовую электрастанцыю, спалілі дзве аўтамашыны ў двары райпрамкамбіната.
Акрамя таго, дзякуючы растлумачальнай рабоце падпольшчыкаў быў разагітаваны размешчаны ў Савічах 108-мы ўласаўскі батальён з 250 чалавек, сфарміраваны гітлераўцамі з ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Усе яго байцы, знішчыўшы пяцярых немцаў-камандзіраў, перайшлі да партызан.
З лістоўкі, напісанай у ліпені 1943 года партызанамі атрада імя Р.І. Катоўскага і распаўсюджанай падпольшчыкамі сярод уласаўцаў і паліцэйскіх брагінскага гарнізона:
«Смерць нямецкім акупантам!
Добраахвотнікі!
Вераломны вораг – нямецкія захопнікі зрабілі вас саўдзельнікамі сваёй крывавай справы. Мы ведаем: большасць з вас, за выключэннем малой кучкі заўзятых нягоднікаў, не былі здраднікамі, любілі свой народ, сваю Радзіму, але падманам ды запужваннем уцягнуты немцамі ў забойства свайго рускага народа, сваіх родных і блізкіх.
Гітлераўскія нягоднікі запужваюць вас тым, што, маўляў, аднолькава не будзе вам літасці ад партызан. Не верце гэтай хлусні. Яны лгуць, як ілгалі заўсёды і ўсюды. Усіх, хто добраахвотна пяройдзе да нас, казакаў, паліцэйскіх, так званых «добраахвотнікаў», мы прымаем у свае рады, і яны разам з намі змагаюцца супраць ворагаў рускага народа – нямецкіх захопнікаў. Але гора тым, каго мы зловім, як ворага, са зброяй.
У партызанскіх атрадах ёсць былыя паліцэйскія, «добраахвотнікі». Да партызан перайшоў 108-мы батальён «добраахвотнікаў», паліцэйскія в. Крукі і іншыя.
Ганебны канец спасцігне рана ці позна кожнага здрадніка, які будзе працягваць служыць ворагу…
Гэтая лістоўка служыць пропускам для перахода да партызан».
Разам з катоўцамі і народнымі мсціўцамі са злучэння Сідара Каўпака падпольшчыкі ўдзельнічалі ў разгроме паліцэйскага гарнізона ў Брагіне ў красавіку 1943 года. А напярэдадні яны атрымалі адказнае заданне: скласці і ў вызначаны тэрмін перадаць партызанам план гарадскога пасёлка, паказаць ім размяшчэнне агнявых кропак праціўніка, а ў момант наступлення перадаць пароль, каб забяспечыць бесперашкоднае прасоўванне да населенага пункта. Пастаўленая задача была выканана.
Паводле ўспамінаў Савелія Рэпчанкі, баявыя дзеянні партызан пачаліся ў чатыры гадзіны раніцы. Карыстаючыся перададзеным паролем, яны знялі пасты аховы і падышлі ўшчыльную да Брагіна. Завязаўся бой. Фашысты, што размяшчаліся ў будынку школы, былі захоплены знянацку. Сігнал да бою яны прынялі за чарговую вучэбную трывогу. За адну гадзіну гарнізон быў разгромлены, а ўсе штабныя дакументы апынуліся ў руках народных мсціўцаў.
Іншыя падраздзяленні партызан, уварваўшыся ў пасёлак, вялі жорсткія вулічныя баі. Частка гарнізона, схаваўшыся за ўмацаваным валам, аказвала ўпартае супраціўленне. Фашыстам удалося выклікаць з Жытоміра авіяцыю, і некалькі самалётаў бамбілі ўскраіны населенага пункта. Але бомбы трапілі ў самы «пятачок», дзе схаваліся гітлераўцы і паліцаі…
Як вынік – акупанты страцілі некалькі дзясяткаў салдат і афіцэраў. Былі знішчаны 25 дзотаў і дотаў з кулямётамі, 2 склады са зброяй, склады з абмундзіраваннем, амуніцыяй і іншай ваеннай маёмасцю, збожжам і гаручым, млын, скурзавод, установы акупантаў. Партызаны захапілі ў якасці трафеяў 10 станковых і 5 ручных кулямётаў, 4 батальённыя мінамёты, шмат вінтовак і аўтаматаў, боепрыпасаў і прадуктаў.
Пасля гэтага бою ў верасні 1943 года падпольшчыкі пакінулі свае месцы і разам з сем’ямі пайшлі ў партызанскі атрад, дзе змагаліся з ворагам да злучэння з часцямі Чырвонай арміі.
У ліку баявых аперацый, якія правялі катоўцы на тэрыторыі Брагінскага, Камарынскага і Хойніцкага раёнаў з лета 1942 года, – знішчэнне нямецка-паліцэйскіх умацаваных участкаў і апорных пунктаў у Шкуратах і Хракавічах, удары па варожых гарнізонах у Савічах, Круках, Пірках, Мікулічах, Баршчоўцы, Радзіне. 27 ліпеня 1943 года на дарозе Жэрднае – Выграбная Слабада партызаны разграмілі фашысцкі транспарт, затым спалілі склады з ваенным рыштункам і боепрыпасамі ў Брагіне, Савічах, Астраглядах і Аравічах.
Па заданні Беларускага штаба партызанскага руху падрыўнікі атрада ўзарвалі чыгунку на ўчастку Чарнігаў – Оўруч. Пад адхон яны пусцілі паравоз і некалькі вагонаў са зброяй і жывой сілай ворага, на некалькі гадзін быў паралізаваны рух цягнікоў.
Пры актыўным удзеле катоўцаў праводзілася баявая аперацыя ў вёсцы Аравічы, куды напярэдадні прыбылі на адпачынак 50 нямецкіх лётчыкаў. Нягледзячы на ўзмоцненую ахову, гітлераўцы былі перабіты, а разам з імі знайшлі свой бясслаўны канец і каля 30 паліцэйскіх.
З успамінаў аб баявым жыцці Фёдара Загаранскага, былога камандзіра роты партызанскага атрада імя Катоўскага:
«Камендантам паліцыі ў Брагіне быў нейкі Марчанка, вядомы сваімі здзекамі з мясцовага насельніцтва. Падчас разгрому нямецкага гарнізона ў Лоеве каўпакаўцы ашукалі брагінскую паліцыю. Выкарыстаўшы нямецкую лінію сувязі, яны паведамілі ў Брагін (ад імя лоеўскіх паліцаяў), што вядуць бой з партызанамі, дабіваюць іх, прапануюць выехаць на дапамогу. Партызаны загадзя замініравалі ўчастак дарогі, наладзіўшы каля гэтага месца засаду. Так машыны з брагінскімі паліцаямі былі ўзарваны. У гэтай акцыі разам са сваімі прыхваснямі-паліцаямі загінуў і камендант Марчанка.
Калі на гэтую пасаду заступіў другі Марчанка, у нашым атрадзе вырашылі расправіцца і з ім. Улічваючы, што новы фашысцкі паслугач быў вельмі асцярожны ў выездах за межы Брагіна, дамовіліся даканаць яго партызанскай хітрасцю. І даканалі, пераслаўшы яму, быццам у знак удзячнасці ад гітлераўцаў, пасылку з мінай нацяжнога дзеяння. Выбухам былі знішчаны Марчанка-другі і яшчэ некалькі ворагаў.
Наступную аперацыю назвалі «Партызанскі мядок». Сутнасць яе таксама зводзілася да міны-сюрпрызу. У бідон з мёдам паклалі міну з гадзіннікавым механізмам, завёўшы яго на пэўны час. Гэта было зроблена ў вёсцы Савічы-Двор, непасрэдна на пасецы, якая ў той дзень не ахоўвалася паліцэйскімі. На гэты раз не адсылалі свой «падарунак», а арганізавалі ўсё так, быццам партызаны ў паспешлівасці не змаглі захапіць бідон мёду з сабой.
Назаўтра немцы і паліцаі выявілі на пасецы «пакінутую пры адступленні» партызанскую падводу, на якой стаяў бідон. Баючыся атруты, яны спачатку далі пакаштаваць мёд мясцовым дзецям, а затым, супакоіўшыся, павезлі салодкі груз да будынка, дзе размяшчаўся савіцкі гарнізон. У вызначаны час магутны выбух страсянуў паветра над вёскай. Ад яго загінулі 15 фашыстаў і паліцаяў.
У жніўні – верасні 1943 года на Брагіншчыне дзейнічалі таксама партызанскія фарміраванні: лоеўскі «За Радзіму», хойніцкія імя Чапаева і імя Суворава, а ў міжрэччы Дняпра і Прыпяці – створаныя там атрады імя Чапаева і імя Кацюбінскага з Чарнігаўскага злучэння.
Партызаны жлобінскага атрада «Смерць фашызму» ў канцы 1942 – пачатку 1943 гадоў разам з іншымі атрадамі ўдзельнічалі ў баях з ворагам у раёне населеных пунктаў Лубенікі, Майск, Петрыцкае.
Вясной 1943-га з партызанскага атрада імя Катоўскага была вылучана ініцыятыўная група на чале з яго камандзірам Сцяпанам Філіпенкам. Сумесна з групай прадстаўніка Палескага падпольнага абкама КП(б) Беларусі Івана Шэйна на Камарыншчыне стварылі партызанскі атрад імя Варашылава.
Моцныя ўдары па акупантах на тэрыторыі сучаснага раёна ранняй вясной 1943 года і пазней наносілі партызанскія злучэнні на чале з С. Каўпаком, Я. Мельнікам, А. Фёдаравым, М. Навумавым і інш. Дзеянні такіх фарміраванняў станавіліся больш узгодненымі і выніковымі. Сілу партызан вымушаны былі прызнаць самі гітлераўцы.
З паведамлення генеральнага камісара Жытомірскай акругі ў Берлін (4 мая 1943 года):
«За справаздачны перыяд абстаноўка па-ранейшаму характарызуецца актыўнасцю партызан. Прыкладна 15 000 кв. км паўночнай часткі маёй генеральнай акругі, у прыватнасці, большая частка былых раёнаў баявых дзеянняў Лельчыц і Ельска, а таксама р-на Брагіна, большая частка Рэчыцкага, Петрыкаўскага, Алэўскага і Оўруцкага раёнаў практычна больш не знаходзяцца пад кіраўніцтвам немцаў. У іх пануюць партызаны, і яны поўнасцю падпарадкоўваюцца Саветам. Такія раённыя цэнтры, як Брагін, Рэчыца, Мазыр, Петрыкаў, з гэтага часу патрэбна разглядаць як апорныя пункты ці як пазіцыі кругавой абароны. Улада гебітскамісараў наўрад ці распаўсюджваецца на некалькі кіламетраў за межы раённага цэнтра, так што ў створанай абстаноўцы не можа быць і размовы аб нейкім упарадкаваным кіраўніцтве і эканамічным выкарыстанні гэтай тэрыторыі».
Поспехі Чырвонай арміі летам 1943 года ў ходзе Курскай бітвы і іншых наступальных аперацый стварылі рэальныя ўмовы для вызвалення Левабярэжнай Украіны і паўднёва-ўсходняй часткі Беларусі. Гэты фактар, а таксама актывізацыя партызанскага руху ў ходзе рэйкавай вайны ў жніўні – верасні 1943 года і іншых баявых аперацый народных мсціўцаў наогул амаль поўнасцю паралізавалі дзейнасць акупацыйных улад у рэгіёнах партызанскіх зон.
На жаль, вайна ў тыле ворага, як і на фронце, не абыходзілася без страт і ахвяр. У баях з гітлераўцамі, пры выкананні заданняў многія загінулі, і ўдзячныя брагінчане шануюць памяць тых, хто аддаў жыцці за мір і спакой на роднай зямлі. У гонар іх у Брагіне, Камарыне, Савічах, іншых населеных пунктах узведзены помнікі, устаноўлены мемарыяльныя знакі. Захоўваюцца матэрыялы аб партызанскім руху ў нашых мясцінах. Імя камісара партызанскага атрада імя Катоўскага Пятра Зіновіча носіць адна з вуліц Брагіна.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.