Шырока і раздольна льюцца лірычныя песні ў выкананні «Камарынскай весялухі». Даведаліся сакрэты поспеху калектыву

Галоўнае Грамадства

Назва калектыву на слыху, дарэчы, не толькі ў мясцовых жыхароў. Яго добра ведаюць як у раёне, так і за яго межамі: сустрэчы з мастацтвам дорыць больш чым дваццаць гадоў. Менавіта столькі гучаць са сцэны ў выкананні жанчын лірычныя песні. Цёпла і душэўна.

Бярэ, да слова, свой пачатак рака гэтай песеннай творчасці яшчэ з канца 90-х. Калі пры Камарынскім ГДК была створана жаночая вакальная група, а выканаўчы талент яе ўдзельніц удала спалучыўся з любоўю да нацыянальных традыцый і культуры.

Сёння ж «Камарынскую весялуху» мы добра ведаем як народны ансамбль народнай песні. Ганаровае званне яна паспяхова абараніла ў 2003 годзе. Тады калектывам кіравала Ліяна Кананок.

Ішоў час. Змяняўся састаў ансамбля, жанравы накірунак, папаўняўся рэпертуар. Песні загучалі ў новай апрацоўцы. Не толькі народныя, але і пэўных беларускіх, рускіх аўтараў. Ды захавалася адно – шчырае жаданне выканаўцаў несці ў свет мастацкі каларыт, яркія фарбы творчасці. І поспех калектыву, відаць, у самой энергетыцы, якую ён выпраменьвае.

– Для нас мала проста выйсці і выступіць. У свяце і песні павінна быць душа – гледачы гэта адчуваюць. Калі шчыра і сардэчна, без фальшу і прыкрас, выступленне пакідае моцныя ўражанні, – падкрэслівае сённяшні кіраўнік «Камарынскай весялухі» Святлана Баланда.

Здаецца, паездак, у тым ліку за межы Беларусі, выкананых песень, сустрэч з прыхільнікамі народнага мастацтва не злічыць. Як і ўдзелаў у конкурсах, фестывалях, атрыманых дыпломаў, падзяк. Ёсць нават пэўны вопыт у здымках на тэлебачанні. Але найбольш адказная справа, па словах Святланы Мікалаеўны, выступаць перад мясцовай аўдыторыяй. Перад тымі, каму ўсё блізка і знаёма. Іх патрэбна кожны раз здзіўляць, захапляць па-новаму.

Мы, вядома, толькі гледачы, госці на канцэртах. І наўрад ці той, хто ніколі не паглыбляўся ў творчы працэс, ведае, наколькі гэта карпатлівая праца: не проста прадумаць рэпертуар, падрыхтаваць сцэнарый, праспяваць, а крануць струны чалавечай душы, абудзіць пачуцці. У кожны такі відавочны поспех, выніковую справу ўкладзены арганізатарскія здольнасці і талент, шмат энергіі і сіл прафесіяналаў.

Зараз, дарэчы, у складзе ансамбля сем чалавек. Усе – супрацоўніцы Камарынскага культурна-спартыўнага цэнтра. І дагэтуль, як зазначае Святлана Баланда, яны не абыходзяцца ў сваёй творчай дзейнасці без удалых вакальных аранжыровак Ніны Рассудоўскай, якая стаяла каля вытокаў стварэння калектыву і некаторы час з’яўлялася яго хормайстрам. Яе вопыт, напрацоўкі і сёння запатрабаваны. А бяззменнай на працягу многіх гадоў вядучай салісткай застаецца Таццяна Лысенка. Заўзятая, энергічная і звонкагалосая.

Кожная з удзельніц, вядома, са сваім характарам і тэмпераментам, сямейнымі і гаспадарчымі клопатамі. Але ўсіх аб’ядноўвае любоў да роднай культуры, народнай песеннай творчасці, вялікае жаданне несці людзям свята, добры настрой. Таму і сустракаюць калектыў з радасцю, адорваюць яго шчодрымі апладысментамі. А візітнай карткай ансамбля з’яўляюцца адметныя сцэнічныя касцюмы, набытыя яшчэ пры кіраўніцтве раённым аддзелам культуры Ліны Пятніцкай. З гадамі яны не страцілі сваёй выразнасці і нацыянальнага каларыту.

Калі спявае душа і льюцца чыстай крыніцай над роднымі прасторамі звонкія, залівістыя, гарманічныя жаночыя галасы,  усе ведаюць: выступае «Камарынская весялуха».

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.