Ганна Ефіменка: не проста атрымаць дыплом, а пацвердзіць яго штодзённай працай

Галоўнае Грамадства

Дзень настаўніка асаблівы ў жыцці кожнага педагога. Для маладых, толькі пачынаючых, – першы віншавальны. Для тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, – дзень успамінаў, цёплых слоў, удзячнасці за працу.  Для работнікаў сённяшніх, з назапашаным вопытам, – дата, якая падкрэслівае значнасць выбранай справы, узмацняе ўпэўненасць: вучыць, выхоўваць, накіроўваць на правільны шлях – гэта важна.

З асаблівым настроем, мяркую, сустрэне ў нядзелю сваё прафесійнае свята і Ганна Ефіменка. Сумненняў у тым, кім стаць, у яе ніколі не было. З маленства бачыла сябе толькі педагогам. Чаму? Адказвае так:

– Напэўна, кожны з нас, выбіраючы свой  жыццёвы шлях, сваю прафесію, арыентуецца на  тых людзей, якія побач, якія ўплываюць на наша ўспрыманне жыцця. І чый вопыт, уменні выклікаюць добрую зайздрасць. Мне, лічу, пашанцавала: акружалі цудоўныя педагогі. У Хракавіцкай школе, дзе вучылася, захаплялі ўрокі маіх настаўнікаў, асабліва Любові Барысаўны Майсеенкі, Наталлі Міхайлаўны Мальцавай. Аўтарытэтам быў і класны кіраўнік – Зоя Анатольеўна Сапоненка.

Жаданне быць такой жа інтэлігентнай, высокаадукаванай, паважанай асобай, як і яе педагогі, перамагло. У 2008 годзе яна, выпускніца сельскай школы, стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з якога потым выйшла выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. І для сябе цвёрда вырашыла: працаваць – толькі ў родным раёне.

Першыя крокі ў прафесію Ганна Яўгеньеўна зрабіла ў Брагінскай сярэдняй школе. І ў хуткім часе атрымала прапанову паспрабаваць свае сілы ў раённым вучэбна-метадычным кабінеце. Справа, вядома, некалькі новая, але гэта не спалохала. Побач – вопытныя калегі, адчувала іх падтрымку і дапамогу.

Сёння Ганна Яўгеньеўна – метадыст з 11-гадовым стажам. Спецыяліст, якога лічаць, вобразна кажучы, правай рукой настаўнікаў. Бо дапамагае ім прафесійна развівацца, расці, укараняць новыя падыходы і метады ў навучанні, не замыкацца ў межах сваёй установы – толькі так можна разлічваць на поспех.

– У нас шмат таленавітых, творчых, перспектыўных педагогаў, якія з года ў год заяўляюць аб сабе на абласным, рэспубліканскім, міжнародным узроўнях. Яны не толькі перадаюць дзецям веды, але і фарміруюць у іх навыкі крытычнага мыслення, супрацоўніцтва, самастойнасці. Як вынік – вучні паказваюць высокія вынікі на алімпіядах і конкурсах, становяцца больш матываванымі і зацікаўленымі ў вучобе, – адзначае Ганна Яўгеньеўна.

І да гэтага варта дадаць, што паверыць у сябе, дасягнуць высокіх вяршынь цяжка без метадычнай падтрымкі. Сучасны метадыст не проста той, хто правярае і кантралюе, а ў першую чаргу памочнік, дарадца і натхняльнік, які накіроўвае.

Сёння, безумоўна, шмат гавораць пра ўзняцце прэстыжу прафесіі настаўніка. Пра тое, што людзі, якія яе выбралі, павінны быць бездакорнымі. Бо яны – апора дзяржавы, у іх руках – будучыня Беларусі. На гэтым акцэнтаваў увагу ў жніўні падчас Рэспубліканскага педсавета Прэзідэнт: «Калі сёння не будзе адукаванай, выхаванай у сваёй краіне моладзі, заўтра не будзе і краіны».

На думку Ганны Яўгеньеўны, толькі сам настаўнік можа ўмацаваць свой аўтарытэт, станоўчы імідж. Для гэтага ён павінен  нястомна працаваць над сабой, быць гатовым да змен і інавацый, актыўна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі. Тым больш што мы жывём у дынамічны час: развіваецца навука, удасканальваюцца методыкі, змест адукацыі – за ўсім патрэбна паспяваць.

– Важную ролю таксама адыгрывае ўменне стварыць добразычлівую атмасферу ў класе, наладзіць даверлівыя адносіны з вучнямі і бацькамі. Гэта дазваляе весці адкрыты дыялог, абмяркоўваць пытанні і праблемы, што ўзнікаюць, разам знаходзіць шляхі іх вырашэння. І яшчэ вялікае значэнне мае актыўны  ўдзел настаўніка ў грамадскім жыцці. Чым больш акружаючыя ўпэўнены ў яго прыстойнасці, прафесіяналізме і кампетэнтнасці, тым вышэйшы імідж, – лічыць метадыст.

Яна не можа не пагадзіцца з тым, што быць педагогам – прызванне. І вялікая адказнасць. Каб знайсці падыход да кожнага дзіцяці, зразумець яго патрэбы, зацікавіць і раскрыць патэнцыял, патрэбны не толькі адпаведныя веды, але і цярплівасць, настойліваць у дасягненні мэты, чалавечнасць. І толькі захоплены сваёй дзейнасцю зможа захапіць вучняў, паўплываць на іх свядомасць.

– Пастаянны пошук, рух наперад, аналіз і абагульненне педагагічнага вопыту, супрацоўніцтва з настаўнікамі, работа ў камандзе – тое, за што я люблю сваю справу, – прызнаецца Ганна Яўгеньеўна.

Змяняецца час. З’яўляюцца новыя адукацыйныя тэхналогіі, метады выкладання. Але па-ранейшаму галоўным у працэсе навучання і выхавання з’яўляецца асоба педагога, яго прафесійнае майстэрства, стыль жыцця і дастойныя ўчынкі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.