Дружная сям’я Юрыя Шупана з Хракавіч адзначыла трайное свята

Грамадства

Трайное свята зусім нядаўна адзначыла дружная сям’я Юрыя Шупана з Хракавіч – паважанага намі калегі, вопытнага настаўніка, добразычлівага суседа, надзейнага сябра, любячага мужа і бацькі дзвюх дачок, пяшчотнага і шчодрага дзядулі трох унукаў.

Па-першае, шостага верасня Юрый Іванавіч сустрэў 60-годдзе з дня нараджэння. Па-другое, з гэтага ж дня 38 гадоў назад пачаўся адлік яго сямейнага жыцця. Менавіта столькі ў шлюбе з Любоўю Міхайлаўнай – прывабнай, працалюбівай і чулай жанчынай, вопытным мясцовым медработнікам. І, па-трэцяе, за плячыма нашага земляка – 35 гадоў настаўніцкай дзейнасці ў роднай школе. А пачыналася ўсё так…

Пасля заканчэння Магілёўскага культа-светвучылішча імя Н.К. Крупскай ён, малады, энергічны, захоплены музыкай, вярнуўся ў родную вёску. Стаў загадчыкам мясцовага клуба і ў хуткім часе згуртаваў вакол сябе таленавітую моладзь, арганізаваў вакальна-інструментальны ансамбль.

Наш дырэктар (на той момант) Міхаіл Казачэнка узяў маладога энтузіяста, як кажуць, на прыцэл. І прапанаваў яму перайсці ва ўстанову адукацыі, каб выкладаць спевы і музыку. Не доўга думаючы, Юрый Шупан згадзіўся. Больш за тое, з ліку мясцовых педагогаў і іншых работнікаў ён стварыў агітбрыгаду, і мы пад яго кіраўніцтвам з канцэртамі ездзілі ў суседнія вёскі, каб парадаваць гледачоў вясёлымі песнямі, байкамі, вершамі.

Вось што гаворыць пра юбіляра Галіна Майсеенка (г. Гомель), яго былая вучаніца:

– Юрый Іванавіч – найдабрэйшай душы чалавек: ураўнаважаны, далікатны. Выдатны спецыяліст. І я, і ўсе мае аднакласнікі ўдзячны за тое, што навучыў спяваць, адчуваць душой музыку вялікіх кампазітараў. Ён цікава расказваў нам аб паэтах-песенніках, аб папулярных у той час спеваках. І дагэтуль у школьным альбоме захоўваю грамату аддзела адукацыі за песню «Нам этот мир завещано беречь», што выконвала на раённым конкурсе разам са сваім аднакласнікам Іванам Ефіменкам.

За ўсё ўдзячна свайму настаўніку і жадаю яму моцнага здароўя, штодзённага пазітыву.

Толькі цёплыя словы пра Юрыя Іванавіча можна пачуць і ад яго калег.

Надзея Каранчэева (г. Салігорск), былы дырэктар школы:

– У Хракавіцкай школе я працавала непрацяглы час. Але добра памятаю дружны і зладжаны калектыў настаўнікаў. Кожны з педагогаў – з высокім пачуццём адказнасці. Бескарыслівы і працалюбівы Юрый Іванавіч не абмяжоўваўся ў сваёй справе правядзеннем урокаў і гурткоў. Штодня дадаткова акампаніраваў то малодшым, то сярэднім, то старэйшым класам. І ніколі не скардзіўся на загружанасць.

…Высокі, статны, светлавалосы, з прыемнай усмешкай. Звычайна ён, калі ішоў на ўрок, у правай руцэ трымаў журнал, а на левым плячы нёс свой баян.

Шлю шчырыя віншаванні юбіляру і прывітанне Брагіншчыне.

Валянціна Казачэнка, настаўніца:

– Я ўдзячна лёсу, што мне пашчасціла працаваць у гэтай школе, побач з таленавітымі і творчымі педагогамі, у якіх шмат чаму можна было навучыцца. А пры падрыхтоўцы да святаў, важных каляндарных дат без вопыту, падказкі, прафесіяналізму Юрыя Іванавіча – ніяк. Колькі разоў сваім галасістым баянам ён уздымаў настрой землякам! Я жадаю яму: так трымаць! Здароўя і даўгалецця!

Ларыса Царанок, настаўніца:

– Мы з Юрыем Іванавічам – аднавяскоўцы. Я добра ведала яго бацькоў, ведаю сясцёр: працавітых, ветлівых, гасцінных і добразычлівых.

З прыходам Юрыя Іванавіча ў нашу школу куды лягчэй стала рыхтаваць пазакласныя мерапрыемствы. Ды і ўвогуле, значна ажывілася работа па развіцці вакальных здольнасцей дзяцей, эстэтычным выхаванні. Здароўя яму, шчасця, добрых вестак у гасцінны дом!

Некалькі пытанняў – юбіляру:

– Хто паўплываў на Ваш прафесійны выбар?

– Маці і сёстры.

– Што дапамагае пераадольваць удары лёсу?

– Вера, надзея і любоў. Вялікі сэнс укладваю ў словы: «Любіце жыццё, і яно палюбіць вас».

– Ці ёсць у Вас хобі?

– Музыка, вядома. У асноўным – класічная.

– Вашы пажаданні добрым людзям?

– Міру, спакою ў сем’ях і душах.

Любоў МАЙСЕЕНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.