Пад кіраўніцтвам трэнера-выкладчыка па цяжкай атлетыцы ДЮСШ Брагінскага раёна Юрыя Наяйчука на спаборніцтвах свае сілы прадэманстрававалі Мікіта Велігура (в/к да 66 кг), Вячаслаў Цалуйка (в/к да 93 кг) і Аляксандр Маспан (в/к да 120 кг). Для кожнага з іх гэты чэмпіянат – першы старт у паўэрліфтынгу. Дэбютным ён стаў і для Юрыя Наяйчука, бо ўпершыню выйшаў на памост у якасці трэнера, а не спартсмена.
Па выніках спаборніцтваў прадстаўнікі Брагіншчыны занялі першыя месцы ў сваіх вагавых катэгорыях па суме трохбор’я і ў жыме лежачы.
– Удзел у чэмпіянаце для мяне – новы вопыт. І я вельмі рады, што ў мяне атрымалася ўзыйсці на п’едэстал пераможцам. Асаблівую падзяку за падрыхтоўку, працу і падтрымку хацелася б выказаць Юрыю Наяйчуку. Ну і, вядома, будзем працягваць, – адзначыў Мікіта Велігура.
Вячаслаў Цалуйка расказаў, што яны выконвалі тры практыкаванні: прысяданне, жым і станавую цягу. Першыя два былі лёгкія, а вось апошняе далося нашаму земляку цяжэй.
– Выступаць на чэмпіянаце такога ўзроўню адказна. Я яшчэ раз упэўніўся, што паўэрліфтынг – эмацыйны від спорту. Негледзячы на тое што часу на падрыхтоўку ў нас было мала, мы паказалі выдатны вынік. За гэта дзякуй Юрыю Вітальевічу, – выказаўся спартсмен.
Сваім вынікам задаволены і Аляксандр Маспан:
– Як і разлічвалі з трэнерам, у мяне атрымалася ўзяць запланаваныя кілаграмы, за што хачу яму падзякаваць. Таварышы па камандзе падтрымлівалі, мы выступалі як адзінае цэлае. І, канешне, хачу падзякаваць сваёй сям’і за тое, што вераць у мяне і падтрымліваюць. Я вас люблю!
Трэнер-выкладчык па цяжкай атлетыцы расказаў, што вынікамі сваіх падапечных задаволены. Зараз спартсмены рыхтуюцца да спаборніцтваў рэспубліканскага ўзроўню.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.