Вайна народная. Як на Брагіншчыне дзейнічала антыфашысцкае патрыятычнае падполле

«Вайна народная» Грамадства Праекты "МП" - 2024 Проекты "МП"

У нашым раёне, як паведамляюць архіўныя дакументы, яшчэ перад яго акупацыяй партыйна-савецкі актыў заклаў каля вёскі Лубенікі буйныя базы са зброяй і боепрыпасамі. Для наладжвання тут партызанскага руху былі пакінуты восем камуністаў, сярод якіх – старшыня арцелі «Чырвоны Кастрычнік» Пётр Зіновіч, кіраўнікі калгасаў і сельскіх Саветаў.

Сутыкнуўшыся восенню 1941 года з цяжкасцямі ў арганізацыі даручанай справы, некаторыя прынялі рашэнне накіравацца ў Брагін і чакаць вясны. Але тут іх пасцігла расправа: усіх арыштавалі і расстралялі. Толькі Зіновіч, старшыня Лубяніцкага сельсавета Васіль Лявоненка і старшыня калгаса Піліп Дзялец былі супраць з’яўлення ў райцэнтры – засталіся ў лесе. Яны пачалі праводзіць дыверсіі на шашы Хойнікі – Рэчыца.

Пасля разгрому партызанскіх баз (выдаў адзін са здраднікаў) Лявоненка і Дзялец сталі нелегальна пражываць у сваякоў у Вуглах. А Зіновіч, нягледзячы на тое, што за яго абяцалася вялікая прэмія, прабраўся ў Брагін і схаваўся ў хляве земляка, які пражываў побач з паліцыяй. За кароткі час ён аб’яднаў вакол сябе былых работнікаў арцелі ў падпольную антыфашысцкую групу, якая да вясны 1942-га праводзіла пад яго кіраўніцтвам патрыятычную работу.

Так, праз Яўгена Дэмуса, які працаваў на радыёвузле, быў арганізаваны рэгулярны прыём зводак Саўінфармбюро. А каб іх памножыць, распаўсюдзіць не толькі ў Брагіне, але і ў навакольных вёсках, да справы далучылі надзейных памочнікаў. У Глухавічах, напрыклад, гэтым займалася група ў складзе Гаўрыіла Пятрэнкі (кіраўнік), Канстанціна Каўша, Рыгора Голуба і Георгія Дземідзенкі. У Касачове працаваў Іван Федчанка. А ў Каваку зводкі дастаўляла Ганна Марчанка.

Пазней, калі Зіновіч ужо пайшоў у лес, каб арганізаваць партызанскі атрад, Дэмусу цудам удалося пазбегнуць арышту за тое, што самавольна ўключыў па мясцовай сетцы рэтрансляцыю перадачы з Масквы. За гэты дзёрзкі ўчынак акупанты моцна збілі юнака і выгналі яго з работы. Але распаўсюджванне зводак не спынілася.

Праз свайго сябра, які працаваў на тым жа радыёвузле, Яўген дастаў  патрэбныя дэталі, і падпольшчыкі сабралі свой прыёмнік. Яго тайна ўстанавілі на кватэры Яўгеніі Скараход. І яшчэ адзін, зроблены ўласнаручна, перадалі ў атрад Зіновіча.

Аналагічнай справай заняліся і ў Глухавічах: радыёпрыёмнік пачаў працаваць на кватэры Георгія Дземідзенкі.

Акрамя гэтага, па заданні партызан падпольшчыкі здабывалі і перадавалі ім зброю і боепрыпасы. Рабілі так: па-першае, даведваліся, у каго ёсць такі «тавар», і выкуплялі яго ці выкрадалі. Па-другое, устанавілі сувязь з двума паліцэйскімі, якія перадавалі зброю з нямецкага склада. Калі яны заступалі ў нарад на млыне ці на ўскраіне Брагіна, то бралі з сабой вінтоўкі і боепрыпасы, а потым, вяртаючыся з паста, заходзілі да Пракофія Марчанкі і Савелія Рэпчанкі, каб пакінуць усё у іх хлявах.

Падпольшчыкі таксама перапраўлялі па сваіх каналах людзей у партызаны. А на актыўных нямецкіх памагатых пісалі ананімкі ў жандармерыю – нібы яны звязаны з партызанамі, і фашысты арыштоўвалі сваіх жа саўдзельнікаў.

Савіцкае патрыятычнае падполле ўзначальвалі браты-камуністы Сцяпан і Фёдар Філіпенкі, якія вярнуліся ў родную вёску пасля выхаду з акружэння. Дзякуючы разгорнутай імі рабоце мясцовыя жыхары даведваліся праўду аб становішчы спраў на франтах, атрымлівалі лістоўкі і заклікі, зводкі Саўінфармбюро – зроблены прыёмнік тайна ўстанавілі ў настаўніцы Клаўдзіі Абушэнкі.

Падпольшчыкі таксама збіралі і хавалі зброю і боепрыпасы, якіх тады было шмат у навакольных лясах і ў насельніцтва. Ратавалі моладзь і яўрэйскіх дзяцей ад выгнання ў Германію.

Калі акупацыйныя ўлады пачалі праяўляць цікавасць да братоў Філіпенкаў, яны пайшлі ў лес, каб весці арганізаваную ўзброеную барацьбу з гітлераўцамі і іх памагатымі. З успамінаў Сцяпана:

«21 снежня 1941 года я разам з братам Фёдарам і яшчэ адзінаццаццю мясцовымі грамадзянамі, у т.л. Фамой Якаўлевічам Грыцэнкам з в. Жэрднае, Фёдарам Сямёнавічам Стаяном, Раманам Купрыянавічам Беразняцкім, Міхаілам Фёдаравічам Філіпенкам з в. Савічы і іншымі, а таксама сямю акружэнцамі, якія часова пражывалі ў в. Грушнае (з іх памятаю толькі Мікалая Аляксандравіча Данскога), прыйшлі ў лес за вёску Нежыхаў і абсталявалі там свой лагер. Нас моцна засмучала, што не ва ўсіх партызан была зброя, ды яшчэ непакоіла, што не было прадуктаў. Але пры садзейнічанні бургамістра А.М. Фурса і савіцкіх падпольшчыкаў раздабылі вінтоўкі, патроны, гранаты. Бургамістр таксама прапанаваў удалы план забеспячэння прадуктамі. З воласці вясковым старастам немцамі даваўся загад аб зборы прадуктаў для гітлераўцаў. Калі прадукты везлі ў напрамку Савіч і Брагіна, папярэджаныя аб гэтым партызаны выходзілі на дарогу і забіралі ўсё з падвод ці саней. Гэткім жа чынам лясныя салдаты ноччу «рэквізоўвалі» і муку на млынах. А бургамістр А.М. Фурс, які перад гэтым даваў нам звесткі аб часе і маршрутах праходжання фурманак з прадуктамі, аб наяўнасці мукі на млынах, назаўтра паведамляў у брагінскую паліцыю і жандармерыю аб тым, што партызаны аграбілі абоз ці млын. Прыкладна гэткім жа чынам мы забяспечваліся мясам і малочнымі прадуктамі. У гэтай справе добра дапамагаў праз А.М. Фурса дырэктар маслазавода ў Савічах, даваенны настаўнік Грушнянскай школы  Мікалай Аляксеевіч Лявоненка».

У маі – чэрвені 1942 года адбылося аб’яднанне груп Зіновіча і Філіпенкаў. Так быў пакладзены пачатак партызанскаму атраду, якому прысвоілі імя праслаўленага героя грамадзянскай вайны Рыгора Катоўскага.

Як успамінаў пазней его стваральнік і камандзір Сцяпан Філіпенка, лясныя салдаты адразу ж пачалі непакоіць акупантаў. Нездарма начальнік брагінскай жандармерыі Вільгельм Фрыдрых неаднойчы спрабаваў выявіць іх і знішчыць. У чэрвені 1942 года ён нават закамуфляваў «пад партызан» групу карнікаў, але народныя мсціўцы загадзя даведаліся аб варожых планах праз падпольшчыкаў.

Летам 1942 года і ў далейшым катоўцы праводзілі баявыя аперацыі на тэрыторыі Брагінскага, Камарынскага і Хойніцкага раёнаў. Спачатку гэта было сістэматычнае разбурэнне варожых тылавых камунікацый – ліній тэлефоннай сувязі, мастоў, грунтавых дарог, а затым і знішчэнне нямецка-паліцэйскіх умацаваных участкаў і апорных пунктаў, фашысцкіх гарнізонаў. Удзел у такіх аперацыях прымалі і падпольшчыкі.

У Брагіне, дарэчы, патрыятычнае падполле пасля Зіновіча ўзначаліў былы бухгалтар арцелі «Чырвоны Кастрычнік» Мікалай Дубіна, а ў Савічах пасля Філіпенкаў – Фёдар Загаранскі.

На жаль, не ўсім народным мсціўцам пашчасціла сустрэць доўгачаканае вызваленне роднага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Многія загінулі ад рук нацыстаў. Так, у жніўні 1942 года ў групу партызан братоў Філіпенкаў для ўстанаўлення з імі сувязі была накіравана Яўгенія Скараход. Ведаючы, што яна пасля пойдзе да Зіновіча, Дубіна падрыхтаваў для апошняга пісьмо, у якім указаў прозвішчы і імёны многіх падпольшчыкаў Брагіна. Яно было зашыта ў пінжак жанчыны. Але па дарозе яна наткнулася на паліцэйскі пост і не паспела знішчыць напісанае. Больш за тое, у сувязной была яшчэ запіска, адрасаваная аднаму з савіцкіх падпольшчыкаў. Як вынік – арыштавалі каля 30 чалавек.

«Турма, дзе ўтрымліваліся арыштаваныя патрыёты, знаходзілася на некаторым аддаленні ад паліцыі і жандармерыі. Канваіраваць на допыт і з допытаў даводзілася па вуліцах на вачах насельніцтва, і гэтая нязручнасць непакоіла Фрыдрыха. Выйсце са становішча знайшоў начальнік турмы. На працягу сутак сіламі зняволеных ён ачысціў канюшню ў двары турмы і абсталяваў у ёй прасторнае месца для допытаў і катаванняў падпольшчыкаў… У хляве быў прэс для сціскання грудной клеткі, віселі вяроўкі для падцягвання да балкі і інш. прыстасаванні», – знаходжу ў матэрыяле аб злачынствах нямецка-акупацыйных войск на тэрыторыі Брагінскага раёна ў 1941–1943 гадах, падрыхтаваным Аркадзем Ельчыным. У свой час ён, ураджэнец Камарына, педагог, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, правёў разам са сваімі вучнямі вялікую даследчую работу па аднаўленні падзей, што адбываліся ў нашым краі ў пачатку саракавых. І зараз вынік гэтай працы захоўваецца ў Брагінскім гістарычным музеі з карціннай галерэей.

Ад асобных радкоў, у якіх – жорсткая праўда вайны, праўда фашысцкай ідэалогіі, халадзее ўнутры:

«Не праходзіла і дня, каб Мікалая Дубіну не выклікалі на допыт. Адтуль яго звычайна прыносілі ў беспрытомнасці.

На адным з допытаў Міхаілу Халіманчыку каты паклалі на грудзі тоўстую дошку, і двое паліцэйскіх падскоквалі на яе канцах, пакуль у яго з горла не хлынула кроў.

Івана Федчанку некалькі разоў падцягвалі вяроўкай да балкі і зверскі катавалі да страты прытомнасці.

Жэню Скараход амаль штодзённа білі гумавымі дубінкамі, нагамі, прыпякалі рукі і ногі цыгарэтамі. Калі гэта не дало выніку, перайшлі да правакацый. Абяцалі захаваць жыццё за прадажніцтва таварышаў, прапаноўвалі шалакад, цукеркі. І тады Жэня, прыходзячы ў злосць, давала волю праклёнам, асыпала карнікаў словамі нянавісці і пагарды».

Ні бязлітасныя катаванні, ні здзекі, ні пагрозы смерцю не зламалі волю падпольшчыкаў. Найбольш актыўных – каля 20 чалавек – немцы і паліцаі расстралялі на ўскраіне Брагіна. Астатніх вывезлі на работы ў іншыя гарады, Германію, некаторых вызвалілі. Сярод забітых – Мікалай Дубіна, Яўгенія Скараход, Міхаіл Клішэвіч, Раман Беразняцкі, Клаўдзія Юдзянок, Раман Беразняцкі, Пётр Анапрэенка, Таццяна Шчука і інш.  Расправіліся потым і з сем’ямі гэтых падпольшчыкаў.

З акта аб злачынствах нямецка-фашысцкіх акупантаў ў г.п. Брагіне восенню 1941 года і пазней:

«Сям’я Дубіны: жонка, трое дзяцей ад пяці да сямі гадоў і цешча. Іх прывезлі расстрэльваць. Жонку Дубіны двойчы падводзілі да ямы, прымушалі распранацца і двойчы адводзілі пасля яе мальбы і просьбы. Пасля тое ж самае рабілі з яе дзецьмі. Дзяўчынка пры гэтым крычала: «Мама, мамачка! Я не баюся…» Жонка Дубіны вельмі прасіла, каб хутчэй расстралялі яе дзяцей і каб іх не мучылі. Але ў той дзень сям’ю не расстралялі, а расстралялі на наступны дзень».

Дакладна ўстаноўлена, што ўдзел у арыштах падпольшчыкаў прымаў адзін з брагінскіх паліцаяў – Сяргей Пацега. Менавіта ён канваіраваў у турму Мікалая Дубіну і Яўгена Дэмуса. А катавалі іх і іншых зняволеных 2–3 тыдні. Гэтыя і многія іншыя факты злачынстваў Пацегі, а таксама актыўная карная дзейнасць яшчэ аднаго здрадніка – Рыгора Шаўкуненкі былі пацверджаны пры расследаванні генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны работнікамі пракуратуры. Вядома, што ў 1964 годзе над гэтымі паліцаямі ў Брагіне праходзіў адкрыты суд. Ад пакарання здраднікам схавацца не ўдалося.

Пасля разгрому падпольнай арганізацыі ў Брагіне перад патрыётамі была пастаўлена задача стварыць новую. І цяпер яны, навучаныя горкім урокам, дзейнічалі больш канспіратыўна. Але аб гэтым – у наступным матэрыяле ў рамках праекта «Вайна народная».

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.