Вуглы. Сэрцу мілы родны край, з ім ніколі не парвецца душэўная сувязь

Важнае Грамадства Гэта цікава

Я даўно з сям’ёй пражываю ў раённым цэнтры, але ў думках вельмі часта вяртаюся ў родны куточак, адкуль пайшла ў дарослае жыццё. Узгадваю мясціны, дзе прайшло бесклапотнае дзяцінства і шчаслівае юнацтва. Часта ў сне зноў і зноў крочу па знаёмай сцяжынцы ў школу. Колькі цікавага і запамінальнага адбылося тут! Дарагія мае аднакласнікі, паважаныя настаўнікі, вас ніколі ў жыцці не забыць. З цеплынёй успамінаю  землякоў, суседзяў, з якімі  заўсёды былі добрыя ўзаемаадносіны. На жаль, многіх ужо няма на гэтым свеце…

Мая малая радзіма – Вуглы, мілая сэрцу вёсачка. А маё дзяцінства прыпала на 70-я гады, калі яшчэ не былі заасфальтаваны вуліцы. Гэта потым, у канцы 80-х, прыйшлі ў дом каляровыя тэлевізары. Нам хапала некалькі перадач, галоўнае – не прапусціць мульцікі ці дзіцячы фільм. Па суботах імчаліся са школы дамоў, каб паглядзець «У гасцях у казкі», а ў нядзелю прачыналіся разам з «Будзільнікам». Доўгімі зімовымі вечарамі збіраліся ў нашым доме суседзі, каб разам паглядзець цікавае кіно ці проста пагутарыць. Гаспадыня частавала гасцей пячонікамі з салам ці кіслымі гуркамі з капустай.  Я з малодшай сястрой упляталі матуліну страву за абедзве шчокі. За акном – моцны мароз, завея, а ў хаце цёпла і ўтульна. Разыходзіліся пасля таго, як дыктар пазнаёміць з прагнозам надвор’я на заўтра.

Вуглы – цэнтр сельскага Савета і былога калгаса імя Энгельса. Кіраўніцтва і спецыялісты працавалі ў адным будынку. Тут жа доўгі час размяшчалася пошта. Зусім побач – магазін, установа культуры з бібліятэкай. Я добра памятаю той час, калі будаваўся новы клуб. Нам, дзецям, цікава было ўсё. На нашых вачах асфальтавалі дарогі, узводзілі фермы, дом быту, новую сярэднюю школу…

У той час сем’і былі вялікія, трымалі сваю гаспадарку. На ўсё хапала часу: і працавалі, і адпачывалі разам. У школьным бярэзніку весела праходзіў Першамай. На кожным падвор’і на Прачыстую, якая адзначалася ў канцы жніўня, гучала музыка, народныя песні, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. А дзесьці на другім канцы вуліцы жанчыны на два галасы спявалі: «Расцвела под окошком белоснежная вишня».

У нашай хаце, калі збіраліся на святы родныя, былі ў рэпертуары папулярныя ў вёсцы «Ой, цветёт калина», «Шумел камыш», «Туман яром». Здаецца, і сённня чуецца, як зацягвае бацька сваю любімую: «Ой, мороз, мороз…». Сэрца замірае ад успамінаў, а на вочы набягае няпрошаная сляза. Такое гэта ўсё блізкае, роднае, дарагое…

Шматлюдна было на вялікія святы ў мясцовым клубе. За некалькі дзён  да мерапрыемства зазывала аб’ява на канцэрт. Хваляваліся артысты-школьнікі, ведалі: на іх выступленне прыйдуць паглядзець не толькі  землякі, але і жыхары суседніх вёсак. Па традыцыі 31 снежня вяскоўцаў чакала навагодняе мерапрыемства. У зале – столькі людзей, што, здавалася, яблыку недзе ўпасці.

Для нас, піянераў, ганаровым абавязкам было прыняць удзел у святкаванні Дня Перамогі. Усе – дарослыя і дзеці – збіраліся каля помніка  загінуўшым землякам. Абавязкова запрашалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Патрэбна сказаць вялікі дзякуй сям’і  Хадасок, асабіста былому старшыні калгаса Анатолю Іванавічу за  вялікі ўклад у зберажэнне памяці аб мужных земляках, ветэранах працы, сямейных дынастыях.  З цеплынёй і гонарам можна бясконца гаварыць аб кожным.

Паважаным чалавекам у вёсцы была наша суседка Марыя Патапаўна Хадасок, а для нас – цёця Марыя, якая працавала паштальёнам. Кожны дзень спяшалася жанчына  разносіць карэспандэнцыю па дварах. Бацькі выпісвалі многа газет і часопісаў як для сябе, так і для нас, дзяцей. Самай любімай і чаканай была, вядома, раёнка. Бацька прачытваў яе «ад коркі да коркі», расказваў аб навінах маці. Я ў першую чаргу знаёмілася са зводкамі – на якім месцы калгас імя Энгельса. Асабліва радавалася за перадавікоў нашай гаспадаркі. Ганарылася, калі бачыла на старонках «Маяка Палесся» фотаздымкі бацькоў. Па традыцыі з года ў год прыходзіць любімая газета ў маю сям’ю, і цяпер з ёю не развітваюся.

Прайшоў час. Мае бацькі і многія землякі знайшлі вечны прытулак на мясцовых могілках. Засталіся толькі ўспаміны… Але калі зашчыміць сэрца – імчуся ў родныя мясціны. Разам з дзецьмі. Ім таксама цікава паглядзець, дзе нарадзіліся і жылі іх продкі. За апошні час многае змянілася ў Вуглах. Цяпер гэта аграгарадок з развітай інфраструктурай.

У кожнага з нас ёсць той куточак на зямлі, з якога пачалося пазнанне свету. Гэта зямля бацькоў. Яна  мае асаблівую прывабнасць, моцную сілу. Усё на гэтай зямлі – самае дарагое. І куды б ні закінуў лёс, з ёй ніколі не парвецца душэўная сувязь.

Таццяна ЦІШКЕВІЧ

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.