Летні час – асаблівы перыяд, які з нецярпеннем чакаюць дзеці. Для іх гэта час гульняў, забаў і незабыўных прыгод. Лета асацыіруецца з цёплымі сонечнымі днямі, кветкамі, зелянінай і, вядома ж, з дзіцячымі ўсмешкамі. З яго надыходам двары, паркі, вуліцы напаўняюцца весялосцю, жартамі, смехам і гульнямі. Можна сустрэць дзяўчынак і хлопчыкаў, якія катаюцца на веласіпедах, гушкаюцца на арэлях, будуюць замкі з пяску і запускаюць паветраных змеяў. Бацькі ж назіраюць за сваімі сынкамі і дачушкамі, успамінаючы ўласнае дзяцінства ў такія бестурботныя дні.
Адной з падзей гэтага лета стаў фотаконкурс «Лета ў вашым аб’ектыве», арганізаваны «МП». Мы запрасілі ўсіх чытачоў падзяліцца найбольш яскравымі момантамі гэтых дзён. Конкурс выклікаў цікавасць, і мы атрымалі цудоўныя здымкі, на якіх – прыгажосць прыроды, яе дары, мілыя сэрцу мясціны, адпаведны настрой і, вядома ж, шчырыя ўсмешкі дзяцей.
Лепшым прызнаны фотаздымак, на якім – маленькая дзяўчынка ў акружэнні рамонкаў. Як даведаліся, імя – Таісія. Яе прамяністая ўсмешка і непасрэднасць, шчырая радасць не пакінулі нас абыякавымі. Гэты здымак, як і ўсё лета, напоўнены сонечным святлом, цеплынёй тых, хто нас акружае.
Наш фотаконкурс яшчэ раз пацвердзіў, што лета – не проста пара года, а непаўторныя моманты шчасця і ўспаміны, якія саграваюць сэрца ў любы час.
Новых вам яркіх уражанняў, цёплых абдымкаў, добрага настрою, асалоды ад адпачынку! І новых удзелаў у нашых фотаконкурсах!
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.