Пакуль партфелі з падручнікамі «адпачываюць» перад новым навучальным годам, у моладзі Брагіншчыны працягваецца працоўная пара. З 4 па 17 ліпеня юнакі і дзяўчаты займаліся ачысткай тэрыторый ад смецця, праполкай клумб, палівам дрэў.
Экалагічны атрад «Прамень», створаны раённай арганізацыяй БРСМ на базе КЖУП «Брагінскае», пачаў працу ў ліпені. У яго склад уваходзілі адзіннацаць падлеткаў. Амаль усе – навучэнцы сярэдняй школы райцэнтра. А іх камандзір, Дзмітрый Быліцкі, скончыў Гомельскі дзяржаўны каледж электронікі і інфармацыйных тэхналогій.
Як расказаў юнак, у складзе такога атрада ён упершыню. Аб ім даведаўся ад знаёмага, які прапанаваў сёлета папрацаваць. Працы Дзмітрый не баіцца, таму пагадзіўся. Тым больш, што грошы лішнімі не будуць.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся і Аляксей Назаранка. Сёлета ён скончыў дзявяты клас. У атрадзе хлапчук таксама ўпершыню. Улічваючы, што да навучальнага года засталося больш за месяц, грошы плануе патраціць на школьныя прылады.
Моладзь адказна падыходзіць да сваёй справы: кожную раніцу брыгадзір замацоўвае групы за пэўнай тэрыторыяй.
Як расказала галоўны спецыяліст РК ГА «БРСМ» Вольга Раманавец, усяго гэтым летам у студатрадаўскім руху прымуць удзел 70 маладых жыхароў Брагіншчыны. У асноўным – старшакласнікі. Працоўны дзень для такіх падлеткаў (ва ўзросце 14–16 гадоў) працягваецца чатыры гадзіны.
Побач з імі – работнік КЖУП «Брагінскае», які адказвае за тэхніку бяспекі. Зарплата падлеткаў залежыць ад аб’ёму і якасці выкананай працы. Усё – у адпаведнасці са справаздачай і ведамасцю, куды ўносяцца ўсе неабходныя даныя.
Гэта выдатная магчымасць для моладзі Брагіншчыны не толькі зарабіць на ўласныя патрэбы, але і ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне, атрымаць каштоўны вопыт, навучыцца адказнасці і працавітасці, якія неабходныя для паспяховай будучыні.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.