Аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў Брагінскага ТЦСАН: дапамагаюць праяўляць таленты і здольнасці

Важнае Грамадства

У сучасным грамадстве, дзе інклюзія і падтрымка людзей з абмежаванымі магчымасцямі становяцца ўсё больш важнымі, аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў ТЦСАН адыгрывае ключавую ролю. Гэта не проста месца, дзе такія людзі атрымліваюць неабходную дапамогу і падтрымку, але і прастора, дзе яны могуць раскрыць свае таленты, знайсці сябе.

Як расказала загадчыца аддзялення Вольга Мендзелева, праца вядзецца па чатырох напрамках: сацыяльна-бытавая, сацыяльна-культурная, спартыўная і сацыяльна-псіхалагічная рэабілітацыя. Адна з галоўных форм дзейнасці – разнастайныя гурткі. Тут кожны можа выбраць занятак па душы: арыгамі, вязанне, шыццё, пляценне з бісеру, складанне алмазнай мазаікі і інш. У аддзяленні працуюць гурткі «Дамавёнак» і «Камп’ютарнае навучанне», а таксама працоўныя майстэрні «Швейная майстэрня» і «Цяпліца».

Працу аддзялення Брагінскага ТЦСАН заўважаюць не толькі ў раёне, але і на конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Напрыклад, у мінулым годзе брагінчане сталі лепшымі ў міжрэгіянальным дыстанцыйным экалагічным анлайн-марафоне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Цуды для людзей з непатрэбных рэчаў». У ім прынялі ўдзел людзі з інваліднасцю, а мерапрыемства было прымеркавана да Сусветнага дня навакольнага асяроддзя. Падапечныя разам з работнікамі паўтарылі з паперы фігуркі з мультыплікацыйнага серыяла і зрабілі анімацыю, за што атрымалі заслужаную перамогу.

Супрацоўнікі аддзялення  пастаянна імкнуцца да самаразвіцця і ўкаранення новых ідэй. Яны не толькі займаюцца з наведвальнікамі, але і самі захапляюцца творчасцю. Нядаўна асвоілі лепку з гіпсу, і зараз стэлажы ўпрыгожваюць вазы, шкатулкі, падстаўкі і інш.

Дарэчы, паспрабаваць сябе ў гэтай справе выпала магчымасць і мне. Падыход сур’ёзны. Перад тым як прыступіць да працы, патрэбна «ўзброіцца» фартухом, пальчаткамі, маскай. Каб выраб атрымаўся якасны, варта прытрымлівацца своеасаблівай тэхналогіі. Для гэтага на стале майстра стаяць вагі, вада, раствор, формы і сшытак, у якім і прапісаны суадносіны матэрыялаў. Пачынаецца праца са змешвання гіпса і вады, пасля чаго раствор заліваецца ў формы. Тут важна ўсё рабіць хутка і сачыць за тым, каб унутры не заставалася паветра. Перад тым як дастаць выраб для прасушкі (а гэта займае 2–3 дні), яму патрэбна даць прыкладна гадзіну, каб застыць. Апошні этап – фарбаванне, але гэта па жаданні майстра. Як расказалі работнікі аддзялення, гіпс – ідэальны матэрыял для афармлення інтэр’ера ў розных архітэктурных стылях, ад сучаснага да антычнага. Ляпнінай і рэльефнымі панэлямі з гіпсу можна дэкарыраваць як прыватны дом або кватэру, так і офісныя памяшканні. Пластычнасць матэрыялу дазваляе вырабляць дэкор самых складаных формаў, што робіць магчымым ажыццяўленне любой мастацкай задумы. Акрамя гэтага, матэрыял экалагічна бяспечны і вогнеўстойлівы. Дзякуючы арыгінальным метадам і падыходам, заняткі ў гуртках становяцца яшчэ больш цікавыя і разнастайныя, а ўдзельнікі атрымліваюць магчымасць паспрабаваць нешта новае і незвычайнае. У аддзяленні цэняць і падтрымліваюць кожнага.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.