Урачыста, святочна, кранальна. У Брагіне адбыўся раённы выпускны баль

Галоўнае Грамадства

Раённы выпускны баль стартаваў яркім шэсцем выпускнікоў 11-х класаў з усіх устаноў сярэдняй адукацыі Брагіншчыны. Форма адзення – парадная: дзяўчаты – у вячэрніх сукенках, юнакі – у строгіх касцюмах. Зусім хутка кожны пойдзе сваёй дарогай. Якім будзе іх шлях, час пакажа. А пакуль – іх зорны час.

У амфітэатры Брагіна баль сабраў настаўнікаў і вучняў, родных і блізкіх, знаёмых. Свята гэтае заўсёды атрымліваецца асабліва душэўным, радасным, і адначасова з ноткамі суму.

Традыцыйна першым да выпускнікоў з прывітальным словам звярнуўся старшыня райвыканкама Сяргей Карпенка:

– Сёння вельмі значны дзень. Ад усёй душы віншую вас, дарагія выпускнікі, з паспяховым завяршэннем першага важнага этапу вашага жыцця – са сканчэннем школы.

Гэта выдатны час, калі перад вамі адкрываюцца вялікія магчымасці для самарэалізацыі і дасягнення мэты. Няхай год якасці стане часам росту і развіцця, адзначыў Сяргей Вячаслававіч.

Ён канстатаваў, што сёлета ў Брагінскім раёне паспяхова завяршылі навучанне на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі 115 чалавек. А Дарына Катлабай з Чамярыскай СШ скончыла школу з залатым медалём. Яго разам з падзячным лістом і грашовай прэміяй Сяргей Вячаслававіч уручыў выпускніцы і ўпісаў яе імя ў Кнігу пашаны. Без ўвагі не засталіся і бацькі Дарыны: Аляксею Мікалаевічу і Аксане Уладзіміраўне Катлабай Сяргей Вячаслававіч уручыў падзячны ліст райвыканкама за годнае выхаванне дачкі.

Безумоўна, Дарына заслугоўвае такой высокай узнагароды. Дзяўчына – неаднаразовы прызёр абласнога і ўдзельніца трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. На працягу трох год яна была прызёрам лінгвістычнага конкурсу «Ведай родную мову» і рытарычнага конкурсу «Гавары са мной па-беларуску».

Да прысутных у гэты святочны дзень звярнулася і старшыня раённага Савета дэпутатаў Іна Міхаленка:

– Дарагія выпускнікі! Перад вамі адкрыты ўсе шляхі. Кім бы вы ні сталі, вы патрэбныя нашаму раёну і краіне. Шчыра жадаю вам міру, шчасця, здароўя, увасаблення ўсіх вашых задум.

У дапаўненне Іна Анатольеўна ўручыла 17 юнакам і дзяўчатам штогадовую прэмію.

Не забыліся ў гэты дзень ні пра лепшых выпускнікоў, ні пра іх бацькоў, ні пра настаўнікаў – усе былі заахвочаны.

Начальнік аддзела адукацыі Наталля Даўжанок падзякавала моладзі за актыўны ўдзел у інтэлектуальных, творчых і спартыўна-масавых мерапрыемствах раённага і абласнога ўзроўняў, прапагандзе здаровага ладу жыцця. А дырэктарам школ Наталля Міхайлаўна перадала атэстаты для ўручэння ўжо былым вучням і гімназістам.

Афіцыйныя ноткі мерапрыемства разбавілі песні і танцы. Радасць і хваляванне ў гэты дзень былі выразна бачныя на тварах выпускнікоў, якія потым з усмешкай успаміналі ўсе моманты гэтага важнага для іх вечара.

Асабліва кранальным стаў зварот да былых школьнікаў і гімназістаў настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ганны Леанідаўны Дзямяненкі, класнага кіраўніка 11 класа Чамярыскай СШ:

– Сёння кожны з вас запаліў сваю зорку, дык няхай жа яна ярка ззяе на небасхіле. Смела ступайце на жыццёвы шлях. Верце ў сябе, рэалізуйце свае таленты і здольнасці!

Са зваротным словам ад бацькоў выпускнікоў выступіла Наталля Яшчанка. У яе словах прагучаў гонар за дасягненні моладзі і надзея на яркую будучыню. Наталля Васільеўна выказала падзяку за ўпартасць і старанне дзяцей, пажадала ім шчасця і поспехаў у далейшым жыцці.

Атэстаты і дыпломы ўручаны, песні выкананы, а слёзы суму выплаканы. Засталося адно – развітацца са сваімі ўстановамі. У традыцыйным выпускным вальсе закружыліся дзяўчаты і юнакі.

Гэты цудоўны вечар стаў не толькі заключным пунктам у школьным жыцці маладых людзей, але і сапраўдным святам для ўсяго раёна. Застаецца толькі пажадаць: у добры шлях, выпускнікі!

\

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.