Пачатак восені 1942 года. Беларусь працягвае барацьбу з нацызмам. Нягледзячы на страты сярод мірнага насельніцтва, людскі страх, боль і слёзы, выкліканыя палітыкай фашысцкага генацыду, рады народных мсціўцаў пашыраюцца. Ужо дзейнічае больш за 300 атрадаў, у якіх амаль 33 тысячы партызан і як мінімум 8 тысяч чалавек схаванага рэзерву.
Такую магутную хвалю народнай доблесці і гераізму патрэбна было накіраваць у адзінае арганізаванае рэчышча. Таму востра паўстала пытанне аб стварэнні кіруючага органа. Як вынік – 30 мая 1942 года ўзнік Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) СССР, а праз лічаныя месяцы, 9 верасня, – Беларускі (БШПР). Структуры ўзначалілі адпаведна першы і другі сакратары ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка і Пётр Калінін. Пры гэтым абодва захавалі свае партыйныя пасады.
Асноўныя задачы, што ўскла-дваліся на партызан, былі выкладзены ў пастанове аб стварэнні ЦШПР, прынятай Дзяржаўным камітэтам абароны. Гэта, у прыватнасці, дэзарганізацыя тылу праціўніка: разбурэнне яго камунікацый, ліній сувязі, знішчэнне складоў, боепрыпасаў, рыштунку, гаручага і харчавання, нападзенне на штабы і іншыя вайсковыя ўстановы, інфармаванне камандавання Чырвонай арміі аб размяшчэнні, колькасці і руху варожых войск і інш.
На жаль, у самым пачатку вайны разрозненым партызанскім атрадам вельмі не хапала агульнай каардынацыі. Больш за тое, яны мелі вострую патрэбу ў зброі, медыкаментах, радыёстанцыях, прадуктах харчавання. Няўзгодненасць у дзеяннях і паралелізм у рабоце прыводзілі да няякаснага расходавання сіл і сродкаў, а часам і да ахвяр.
«З-за адсутнасці ўзаема-дзеяння з Чырвонай арміяй пасля зімы 1941–1942 гадоў многія атрады, што ўзніклі стыхійна, загінулі ў баях з ворагам ці ад голаду. Выжыць змаглі толькі тыя, хто меў рацыю ці вопытных камандзіраў, такіх як Сідар Каўпак ці Васіль Корж, якія ўжо да канца 1941 года змаглі наладзіць трывалую сувязь з «вялікай зямлёй», – зазначае адзін з супрацоўнікаў Музея Перамогі ў Маскве.
З успамінаў Эдуарда Нордмана, аднаго з партызан атрада Васіля Каржа, ці Камарова (па псеўданіме, узятым для канспірацыі):
«1941 год быў самы цяжкі для партызан. У Беларусі ў ліпені–жніўні было створана больш за 200 атрадаў, а бліжэй да лістапада іх засталося нямнога. Вопыту не было. Многія партызаны гінулі ў баях. Атрад Камарова працягваў змагацца. Тактыка партызан у першыя месяцы вайны заключалася ў тым, каб знянацку нападаць на адзіночныя аўтамашыны, матацыклістаў, невялікія гарнізоны. Знішчалі лініі сувязі, разбурвалі масты. Васіль Захаравіч дзейнічаў раптоўна, дзёрзка, імкліва. Ён быў непераўзыдзены майстар хуткаплыннага партызанскага бою. Ужо ў першыя месяцы вайны акупанты адчулі, што пакою ім не будзе. Васіль Захаравіч асабістым прыкладам навучаў нас, маладых, нявопытных, прамудрасцям партызанскага жыцця».
Нічога не скажаш – з камандзірам пашанцавала. І такі вопыт барацьбы з ворагам патрэбна было распаўсюджваць. Важнейшыя пытанні таго часу: як узаемадзейнічаць з людзьмі, што засталіся ў акупацыі, каардынаваць і падтрымліваць сілы народнага супраціўлення?
Кіраўніцтва БШПР шмат працавала над тым, каб зняць праблемны комплекс, звязаны з забеспячэннем партызан усім неабходным. Вось толькі адзін фрагмент з успамінаў Пятра Калініна: «Радыёграмы!.. У патоку паведамленняў часта сустракаліся крайне лаканічныя, але поўныя трывогі данясенні: «Маем патрэбу ў перавязачных матэрыялах», «Няма медыкаментаў», «Неабходны боепрыпасы!», «Прысылайце ўзрыўчатку, з-за адсутнасці толу вымушаны спыніць дыверсіі на чыгунцы». У адказ начальнік штаба па максімуме напружваў давераную яму авіяцыю, дабіваўся паступовага росту паставак па пералічаных пазіцыях.
У цэлым жа спектр задач, якія вырашаў БШПР, быў даволі шырокі. Усяго за першыя тры месяцы ён арганізаваў сістэму ўліку партызанскіх фарміраванняў. Была пачата работа па навучанні ў Беларускай школе падрыхтоўкі партызанскіх кадраў, адкуль выйшлі больш за тысячу спецыялістаў рознага профілю. Пашырылася сетка радыёстанцый для актыўнай двухбаковай сувязі з Цэнтрам. Паралельна будаваліся партызанскія аэрадромы, пляцоўкі… Колькасць народных мсціўцаў расла.
Даследчыкі прыводзяць лічбы: на 15 жніўня 1942 года ў партызанскім руху былі задзейнічаны 252 атрады, якія аб’ядноўвалі 27 744 чалавекі, на 1 лістапада таго ж года – 475 і 45 002 адпаведна, а на 1 студзеня 1943-га – ужо 512 атрадаў і 57 691 чалавек.
Важную ролю ва ўмацаванні гэтых радоў адыграла «Партызанская прысяга», тэкст якой у маі 1942 года зацвердзіў ЦК КП(б)Б. «…За спаленыя гарады і вёскі, за кроў і смерць нашых жонак і дзяцей, бацькоў і мацярэй, за гвалты і здзекі над маім народам я клянуся жорстка помсціць ворагу…» – словы, якія набатам адгукаліся ў сэрцы.
Напрыканцы 1943 года народныя мсціўцы кантра-лявалі каля 60 працэнтаў акупіраванай тэрыторыі Бела-русі. Сам факт існавання ў глыбокім тыле ворага больш як 20 партызанскіх зон, дзе жыццё ішло па савецкіх законах, меў вялікае палітычнае значэнне, садзейнічаў росту ўсенароднага супраціўлення. Сярод найбольш вядомых – Акцябрская, Клічаўская, Любанская, Суражская, Расонска-Асвейская, Чачэрская і інш. Пад аховай там не толькі жыла значная колькасць савецкіх людзей, але і сеялі, збіралі збожжа, недзе працавалі школы. Па сутнасці гэта былі і апорныя базы ў варожым тыле, і своеасаблівы тыл для партызан. Сюды, на размешчаныя аэрадромы, дастаўлялі неабходныя грузы. Адсюль здзяйснялі баявыя рэйды.
Дапамога гераічным дзеянням Чырвонай арміі праяўлялася найперш праз нанясенне народнымі мсціўцамі ўдараў па камунікацыях праціўніка для зрыву перамяшчэння салдат, паставак ваеннай тэхнікі, боепрыпасаў, паліва і харчавання. Дастаткова прыгадаць знакамітую «рэйкавую вайну», у якой прыняло ўдзел каля 74 тысяч беларускіх партызан. Дзякуючы іх скаардынаваным ударам па чыгуначных камунікацыях, да сярэдзіны верасня 1943 года перавозкі для нямецкай групы армій «Цэнтр» скараціліся на 40 працэнтаў.
А ўсяго за тры гады баявых дзеянняў у тыле ворага беларускія патрыёты знішчылі і паранілі звыш паўмільёна акупантаў, збілі ў паветры і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, вывелі са строю 1355 танкаў і бронемашын ворага. Яны падарвалі і пусцілі пад адхон 11 129 воінскіх эшалонаў і 34 бронецягнікі, разграмілі 29 чыгуначных станцый, падарвалі і знішчылі больш як 18 700 аўтамашын, узарвалі, спалілі і разбурылі 819 чыгуначных і 4710 іншых мастоў, перабілі больш за 300 тысяч чыгуначных рэек.
Афіцыйна БШПР праіснаваў да 20 лістапада 1944 года. Супраць германскіх акупантаў на тэрыторыі нашай рэспублікі гераічна змагаліся 374 тысячы партызан, што пацвярджаецца архіўнымі дакументамі. А з улікам 70 тысяч падпольшчыкаў армія байцоў налічвала (без схаваных рэзерваў) звыш 440 тысяч чалавек. Да іх патрэбна дадаць яшчэ і дзясяткі тысяч вяскоўцаў, якія днём працавалі ў гаспадарцы, а ноччу, узброеныя сякерамі і піламі, разам з партызанамі разбурвалі масты, тэлеграфныя лініі, стваралі завалы на дарогах, з’яўляліся праваднікамі і г.д. Вызваленчая вайна сапраўды была народная. І менавіта такі прадуманы і скаардынаваны рух у тыле ворага адцягваў на сябе даволі вялікія сілы вермахта, што значна дапамагло Чырвонай арміі і ў выніку паскорыла набліжэнне Перамогі.
А немцы так і не змаглі прымусіць працаваць прамысловасць акупіраваных савецкіх рэспублік на рэйх, як гэта адбылося з сотнямі прадпрыемстваў у Еўропе.
Лічбы і факты
- Беларускі штаб партызанскага руху працаваў пад непасрэдным кіраўніцтвам Цэнтральнага штаба і ЦК КП(б)Б.
- У перыяд са жніўня 1942-га па май 1943 года ад калектываў працоўных, жыхароў савецкага тылу ў распараджэнне БШПР паступіла 13 вагонаў з пасылкамі для народных мсціўцаў. Сярод дастаўленых падарункаў значыліся: чаравікі – 2084 пары, боты – 924 пары, гімнасцёркі – 979, ручнікі – 4424, кубкі – 2219, запальніцы – 175, сцізорыкі – 339 і інш.
- На тэрыторыі рэспублікі дзейнічалі 41 партызанскі аэрадром і 83 пляцоўкі для прыёму грузаў на парашутах. За перыяд акупацыі рэспублікі савецкія лётчыкі здзейснілі 5945 вылетаў, даставілі партызанам каля 2,5 тысячы тон розных грузаў, перавезлі з «вялікай зямлі» 2626 чалавек і вывезлі з партызанскіх зон амаль 9 тысяч параненых.
- Падчас дзейнасці БШПР у аддзел кадраў паступіла 199 874 пісьмы (больш за 100 у дзень).
- На 1 чэрвеня 1944 года на тэрыторыі Беларусі ў партызан-скіх брыгадах і асобных атрадах падтрымлівалі сувязь з «вялікай зямлёй» 147 радыёстанцый.
- Усяго за час акупацыі ў рэспуб-ліцы былі арганізаваны і вялі баявыя дзеянні 1255 партызанскіх атрадаў, з якіх 997 уваходзілі ў склад брыгад, а 258 змагаліся з ворагам самастойна.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
*У юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы працягваем рэалізацыю новага праекта, прысвечанага гістарычным падзеям Вялікай Айчыннай. Яго назва – «Вайна народная» – гаворыць сама за сябе. І здаецца, што тэма народнага супраціўлення фашызму ў тыле ворага даўно вывучаная і добра вядомая. Аднак кожны новы зварот да архіўных матэрыялаў, дакументальнай хронікі, літаратурных і іншых крыніц адкрывае нам малавядомыя, але даволі цікавыя і значныя факты з гісторыі партызанскага і падпольнага руху. Таму лічым сваім журналісцкім абавязкам данесці іх да чытачоў, праўдзіва і аб’ектыўна адлюстраваць карціну гераічнага і трагічнага мінулага, паказаць асабісты ўклад беларускіх партызан і падпольшчыкаў, у тым ліку мясцовых, у Вялікую Перамогу.
Сучаснае і будучыя пакаленні павінны ведаць, што Беларусь заслужана атрымала ганаровае званне рэспублікі-партызанкі, і выхоўвацца на прыкладах высокага патрыятызму.
Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту. Працяг будзе.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.