Аляксей Рыгоравіч Папугаеў – камсорг батальёна 32-га палка 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі 61-й арміі Цэнтральнага фронту, гвардыі малодшы сяржант.
Нарадзіўся 15 студзеня 1924 года ў сяле Рассыпное Лозна-Аляксандраўскага раёна Варашылаўградскай вобласці Украінскай ССР у сялянскай сям’і. Рускі. Скончыў 9 класаў школы.
У кастрычніку 1941-га быў прызваны ў армію. У школе малодшых камандзіраў асвоіў воінскую спецыяльнасць мінамётчыка. З 16 студзеня 1942 года – у радах удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Свой баявы шлях Аляксей Папугаеў пачаў на Заходнім фронце на пасадзе камандзіра разліку 82-міліметровага мінамёта 32-га палка 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі 49-й арміі. Баявое хрышчэнне прыняў на рацэ Угра, змагаючыся за пасёлак Сабельнікава.
У студзені 1942-га 12-я дывізія была перакінутая пад Сухінічы, дзе вяла баі ў складзе 10-й і 16-й (з канца сакавіка 1942 года) армій Заходняга фронту. Да вясны 1943-га Аляксей Папугаеў удзельнічаў у наступальных і абарончых баях у Калужскай вобласці на Жыздрынскім накірунку.
З канца сакавіка 1943-га 12-я дывізія – у складзе 61-й арміі толькі што сфарміраванага Бранскага фронту. Яна заняла абарону на поўдзень ад Бялёва.
Гвардыі малодшы сяржант Папугаеў удзельнічаў у Арлоўскай аперацыі Курскай бітвы. Вызначыўся пры прарыве варожай абароны на Болхаўскім напрамку, за што быў узнагароджаны медалём «За адвагу».

З узнагароднага ліста:
«Тав. Папугаеў у баях з нямецкімі захопнікамі з 12.7.1943 года за населеныя пункты Пальчыкава, Хамякова і інш. дзейнічаў смела і рашуча. Ведучы ўраганны агонь са свайго мінамёта, ён адбіў некалькі контратак праціўніка і знішчыў да 50 нямецкіх салдат і афіцэраў. Нягледзячы на моцны абстрэл, ён ні на хвіліну не пакінуў сваё месца каля мінамёта».
Аляксея паважалі. З ім было лёгка ў паходзе, весела ў зямлянцы. Меркаванне байцоў стралковага батальёна: лепшага камсорга не знайсці. Ім і быў абраны на камсамольскім сходзе.
У ходзе Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі ён – у першых радах наступаючага батальёна. Натхняў байцоў асабістым прыкладам мужнасці і адвагі. Удзельнічаў у фарсіраванні Дзясны, вызваленні вёскі Любеч. Асабліва вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра.
У ноч з 28 на 29 верасня 1943 года гвардыі малодшы сяржант Папугаеў на падручным сродку адным з першых у падраздзяленні пераадолеў водны рубеж каля вёскі Глушэц Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. Дасягнуўшы варожай траншэі, гвардзейцы ўступілі ў рукапашную і прымусілі гітлераўцаў уцякаць. Камсорг, умела арудуючы штыком і прыкладам, знішчыў звыш 35 варожых салдат і афіцэраў.
Упартыя баі за пашырэнне плацдарма доўжыліся не адзін дзень, і гвардзейцы не раз адбівалі контратакі ворага.
2 кастрычніка 1943 года, выконваючы складанае баявое заданне камандавання па разведцы пярэдняга краю нямецкай абароны і выяўленні варожых агнявых кропак, Аляксей Папугаеў загінуў. Званне Героя Савецкага Саюза яму прысвоена пасмяротна Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года. Апошні прытулак ён знайшоў на Брагіншчыне – у брацкай магіле ў Малажыне.
У гонар вызваліцеля названа цэнтральная вуліца ў вёсцы Рытаве.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
*У Вялікую Айчынную вайну верасень 1943-га стаў гістарычным для ўсёй Беларусі. Менавіта ў гэтым месяцы, задоўга да пачатку легендарнай аперацыі “Баграціён”, пачалося вызваленне нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шлях крывавы, неймаверна цяжкі, усланы вялікай колькасцю загінуўшых. Толькі ў брацкай магіле Камарына, які першым скінуў з сябе цяжар гітлераўскай акупацыі, пахавана больш чым 900 савецкіх воінаў. У тым ліку пяць Герояў Савецкага Саюза. А ўсяго за подзвігі, праяўленыя пры вызваленні Камарынскага і Брагінскага раёнаў, гэтага высокага звання ўдастоены 398 воінаў. Не ўсім суджана было сустрэць Перамогу. Імёны тых, хто аддаў за яё жыццё, – на пастаментах. Расказаць пра іх гераізм і мужнасць ставіць на мэце наш цыкл публікацый. Будзем ведаць і памятаць!
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.