Чым разнастаіць самы працяглы адпачынак школьнікаў, паклапаціліся дарослыя
Вучэбны марафон завершаны. Наперадзе – ажно тры месяцы без званкоў на ўрок, выклікаў да дошкі, кантрольных работ, дамашніх заданняў. Прывітанне, свабода! Для дзяцей – адпачынак, а для дарослых – перыяд дадатковых клопатаў і турбот. Патрэбна арганізаваць вольны час школьнікаў так, каб яны ўмацавалі здароўе, набраліся сіл, правялі канікулы з максімальнай карысцю. А галоўнае – не сталі героямі інцыдэнтаў.
– Калі ў непаўналетніх занадта шмат вольнага часу і адсутнічае кантроль за імі з боку дарослых, паследкі могуць быць самыя сур’ёзныя: ад праяўлення цікавасці да шкодных звычак да супрацьпраўных учынкаў. Павялічваецца рызыка трапіць у небяспечнае становішча, стаць ахвярай ці саўдзельнікам злачынства, – лічыць начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Даўжанок.
Невыпадкова перад адпаведнымі службамі ставіцца задача загадзя прадумаць варыянты летняй занятасці школьнікаў, узгадніць паміж сабой усе намеры і прапановы. Сумесная прафілактычная работа павінна будавацца такім чынам, каб у дзяцей не заставалася часу на свавольствы, неабдуманыя і рызыкоўныя крокі.
Сёлета, дарэчы, на базе ўстаноў агульнай сярэдняй і дададковай адукацыі плануецца адкрыць 13 лагераў дзённага знаходжання. Ухіл у іх будзе зроблены на грамадзянска-патрыятычную, экалагічную, культурную і мастацкую дзейнасць. Праграма абяцае быць цікавай, насычанай і змястоўнай, з ахопам 246 дзяцей.
Яшчэ ў шасці лагерах, адзін з якіх – з кругласутачным знаходжаннем, вучні будуць адначасова працаваць і адпачываць. Такому варыянту занятасці аддалі перавагу 60 падлеткаў. А работай іх забяспечаць КЖУП «Брагінскае», ААТ «Брагінаграсэрвіс», «Малажынскі», «Камарынскі» і «Чамярыскі».
У чарговы раз на беразе Брагінкі каля аграгарадка Малейкі разгорнецца палатачны лагер, які для сваіх вучняў арганізоўваюць работнікі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. У ім за тры змены па дзевяць дзён аздаравяцца 112 чалавек.
Такім жа чынам будуць адпачываць 65 вучняў у яшчэ трох лагерах пад адкрытым небам – грамадзянска- і ваенна-патрыятычнага профілю. Работу з імі ў гэтых напрамках наладзіць Брагінскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Малейкаўская і Камарынская школы ў супрацоўніцтве з прафесіяналамі, якія стаяць на варце нашага спакою і бяспекі.
Пры садзейнічанні сектара занятасці плануецца рэалізаваць 18 працоўных праектаў з ахопам каля 180 вучняў. Адны зоймуцца рамонтам мэблі, другія – шыццём пасцельных рэчаў ці вырабам інфармацыйных стэндаў. На гэтыя мэты з фонду сацыяльнай абароны выдзелена 27 595 рублёў.
Прадугледжана таксама індыві-дуальнае працаўладкаванне, занятасць дзяцей у складзе валанцёрскіх атрадаў, брыгад па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, рабоце школьнага лясніцтва і інш. Многія накіруюцца на адпачынак у дзіцячыя рэабілітацыйна-аздараўленчыя цэнтры, будуць бавіць вольны час на спартыўных пляцоўках, наведваць аб’яднанні па інтарэсах… Іншымі словамі, далучыцца да карысных спраў, рэалізаваць сябе ў той ці іншай дзейнасці зможа кожны. А спецыялісты на працягу ўсяго летняга перыяду будуць нагадваць школьнікам аб згубнай сіле шкодных звычак і важнасці выканання правілаў бяспекі, папярэджваць аб паследках супрацьпраўных дзеянняў. Пад пільным наглядам застануцца дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, патрабуюць асаблівай увагі.
Сесці за парты пасля самых доўгіх канікул трэба здаровымі, бадзёрымі і толькі са станоўчымі эмоцыямі.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.