Строгі да сябе і бязлітасны да ворагаў. Расказваем, як жыў, змагаўся за родны край і вёў за сабой тысячы людзей легендарны партызанскі камандзір Васіль Корж

«Вайна народная» Общество Праекты "МП" - 2024 Проекты "МП"

З дачкой Зінаідай, санінструктарам 4-га Кубанскага кавалерыйскага корпуса.

Сёлета, дарэчы, мы адзначылі яго 125-годдзе. І, па ўспамінах тых, хто яго ведаў, гэта быў праўдалюб, чалавек справы і працы, які не шукаў славы, не марыў пра пасады. Яго сімвалам сталі вінтоўка і хлеб. Але аб усім па парадку.

Нарадзіўся Васіль Корж 13 студзеня 1899 года ў вёсцы Хорастава Салігорскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў сельскай школе.
Калі па выніках Рыжскага мірнага дагавора родныя мясціны сталі польскай вотчынай, Васілю было 22. На вачах яны пераўтвараліся ў прыдатак, крыніцу сыравіны і таннай працоўнай сілы. Усюды рассяляліся афіцэры легіёнаў Пілсудскага, якія насаджалі свой парадак і праводзілі татальную паланізацыю. Зразумела, што мясцовае насельніцтва ўспрымала іх не інакш як акупантаў.

Праз паўгода жыцця пад панамі Каржа прызвалі ў польскую армію. Там, як потым ён успамінаў, над беларусамі і ўкраінцамі чынілі здзекі, прымушалі іх выконваць самыя брудныя работы, білі – лічылі людзьмі другога сорту. Таму служба Васіля доўжылася толькі некалькі месяцаў – не вытрымаў: на ўдар польскага афіцэра кулаком у твар адказаў тым жа. За такое, вядома, пагражаў расстрэл. Давялося бегчы: напярэдадні смяротнага пакарання таварышы зрабілі падкоп.

Праз добрых людзей Корж выйшаў на адзін з партызанскіх атрадаў і пазнаёміўся з яго камандзірам Кірылам Арлоўскім. Да слова, дружба паміж імі доўжылася ўсё жыццё. І менавіта ў гэтым атрадзе Васіль набыў салідны баявы вопыт. Многія з аперацый, у якіх удзельнічаў, сталі ўзорнымі. Напрыклад, рэзананснае нападзенне на цягнік з польскімі ваеннымі на ўчастку Лунінец – Пінск у верасні 1924-га, калі ўдалося ўсіх іх раззброіць без бою. У ліку затрыманых быў і палескі ваявода палкоўнік Даўнаровіч. Але Арлоўскі не стаў чыніць расправу над высокапастаўленымі асобамі. Ён прапанаваў Даўнаровічу падаць у адстаўку і неадкладна паведаміць аб гэтым цэнтральным польскім уладам і прэсе па тэлеграфе. Ваяводзе нічога не заставалася, як падпарадкавацца. А партызаны тым часам сабралі зброю, адагналі цягнік, а мост за ім узарвалі. Затым пажадалі ваяводзе хутчэй дачакацца падмогі, а самі адышлі.

«Забіць было б прасцей за ўсё, – тлумачыў потым партызанам Кірыл Пракоф’евіч. – Але тады ўлады зрабілі б Даўнаровіча пакутнікам, а нас – бандытамі. Мы ж атрымалі маральную перамогу, якая часта важней за ваенную. Мы паказалі, што мацнейшыя за польскі Сейм, які назначыў яго ваяводам, паколькі знялі Даўнаровіча з пасады без згоды парламента».

Безумоўна, аперацыі не заўсёды праходзілі бяскроўна. Арлоўскі ў аўтабіяграфіі пісаў: «З 1920 па 1925 год па заданні разведвальнага ўпраўлення працаваў у тыле белапалякаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў якасці начальніка ўчастка, а дакладней, быў арганізатарам і камандзірам чырвонапартызанскіх атрадаў і дыверсійных груп. За адзін толькі 1924 год па маёй ініцыятыве і асабіста мной было забіта больш за 200 жандармаў і памешчыкаў».

За гады, праведзеныя ў атра-дзе Арлоўскага, Корж стаў непераўзыдзеным канспіратарам і разведчыкам. Ён удзельнічаў ва ўсіх вылазках і з’яўляўся адным з самых актыўных байцоў. А потым навыкі партызанскага майстэрства ўдасканальваў і ў мірны час у міжваеннай БССР. У прыватнасці, займаў нейкую сціплую пасаду ў мэтах канспірацыі, а насамрэч адказваў за падрыхтоўку да партызанскай барацьбы на выпадак вайны. Вядома, не з боку Германіі: у 1920-х яе атакі не чакалі. Размова вялася пра магчымае нападзенне Польшчы, тэрыторыя якой павялічылася амаль у два разы.
З 1931-га, пасля спецкурсаў аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ), Корж працаваў у Народным камісарыяце ўнутраных спраў БССР (НКУС). Афіцыйна лічыўся інструктарам Асаавіяхіма, а ў аўтабіяграфіі было: «Я сакрэтна лічыўся камандзірам партызанскага атрада з пастаянным жыхарствам у Слуцку».

Менавіта тут, дарэчы, пазнаёміўся з будучым Маршалам Перамогі Георгіем Жукавым. У тыя гады – камандзірам 4-й кавалерыйскай дывізіі, што дыслацыравалася ў Слуцку. І, па ўспамінах Вольгі Корж – унучкі Васіля Захаравіча, яны шмат у чым сышліся і да канца жыцця падтрымлівалі сувязі. У пасляваенны перыяд нярэдка праводзілі час разам: Георгій Канстанцінавіч прыязджаў у Хорастава на паляванне, заставаўся на ноч у бацькоўскай хаце Каржа. Своеасаблівым знакам мужнасці і высакародства легендарнага партызанскага камандзіра можна лічыць і тое, што ён не адышоў ад сяброўства, нават калі Жукаў трапіў у няміласць, часта наведваў яго ў Маскве. Але вернемся ў трыццатыя…

Асаблівае месца ў біяграфіі Каржа займае Іспанія, куды ў 1936-м яго накіравалі «добраахвотнікам» па лініі НКУС. Ваяваў у складзе інтэрнацыянальнай брыгады, праявіў сябе як інструктар і кіраўнік партызанскага руху. Змагаўся з франкістамі так, што пра яго складвалі легенды.

Там жа, да слова, ваяваў у якасці камандзіра дыверсантаў Кірыл Арлоўскі. І калі ў адным з баёў ён трапіў у акружэнне і атрымаў раненне, Васіль Корж з групай партызан прарваў абарону праціўніка і вынес свайго баявога таварыша на плячах. У 1937-м за паспяховае выкананне баявых заданняў на кіцелі Каржа з’явіліся два ордэны – Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі. Як бонус – імянны гадзіннік і пуцёўка ў крымскі санаторый. Ды пазагараць на моры не ўдалося. Восенню 1938-га Каржа выклікаюць у СССР і адразу ж арыштоўваюць па даносе. Абвінавачванні сур’ёзныя – шпіянаж на карысць Польшчы. Больш за месяц яго дапытвалі ў мінскай турме НКУС, зачапіўшыся за радок у анкеце аб службе ў польскай арміі. Але прызнанняў так і не дабіліся. Васіль Захаравіч трымаўся стойка і не падпісаў ніводнага дакумента.

Існуе версія, што толькі дзякуючы ўмяшанню Кірыла Арлоўскага, тады супрацоўніка цэнтральнага апарата НКУС, «польскага шпіёна» вызвалілі. Але Корж ведаў: добрыя дзеянні сістэмы не бываюць доўгімі. Ён звольніўся з органаў і, як параілі сябры, накіраваўся ў Краснадарскі край. Там два гады ўзначальваў зернесаўгас «Крапоткінскі». Потым – саўгас імя Ланге ў Добрушскім раёне Гомельскай вобласці. А ў 1940-м ардэнаносца, героя іспанскага супраціўлення ўжо накіравалі ў Пінскі абкам партыі на сціплую пасаду загадчыка фінаддзела.

І Корж, і Арлоўскі шкадавалі, што ім не пашчасціла прыняць удзел у вызваленчым паходзе Чырвонай арміі 1939 года. Для ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР яны зрабілі больш за іншых. Аднак абставіны склаліся такім чынам, што прыкласці руку да развязкі надзённага пытання не ўдалося. Радаваў сам факт перамогі і аднаўлення справядлівасці.

Папяровай работай ва ўтульным кабінеце Васіль Корж займаўся нядоўга. 22 чэрвеня 1941 года фашысты пачалі бамбіць савецкія населеныя пункты. І ўжо вечарам таго ж дня ў Пінску па ініцыятыве Васіля Захаравіча быў створаны першы ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны партызанскі атрад. У яго ўвайшлі камуністы і камсамольцы горада. Усяго – каля 60 чалавек. А ўзначаліў атрад сам Корж, узяўшы для канспірацыі псеўданім Камароў. Са зброі – толькі вінтоўкі, 5–10 пачак патронаў на чалавека, гранаты і пара пісталетаў.

Некалькі дзён атрад ахоўваў вакзал, тыпаграфію, цеплаэлектрацэнтраль, вёў разведку на дарогах, збіраў важную інфармацыю. А 26 чэрвеня 1941-га байцы Каржа выявілі і затрымалі паблізу Пінска фашысцкіх разведчыкаў-парашутыстаў. 28-га – узняліся па трывозе і далі бой праціўніку. Дарэчы, першы ў гісторыі партызанскага руху Вялікай Айчыннай вайны. Адбылося гэта ў 13 кіламетрах ад горада на дарозе Пінск – Лагішын, дзе заўважылі лёгкія нямецкія танкі. Як потым выявілася, гэта быў узвод разведкі 293-й нямецкай дывізіі. Падпусціўшы тэхніку бліжэй, партызаны адкрылі шквальны агонь і ўзялі ў палон гітлераўцаў, у якіх адабралі планшэт з картай. У ліку трафеяў былі і аўтамат, з якім Васіль Корж потым не развітваўся да 1944 года, а таксама дабротная запісная кніжка ў скураным пераплёце, з засцежкай і нават з замочкам. У ёй партызанскі камандзір амаль два гады вёў свой дзённік: запісваў, чым атрад займаўся, які настрой байцоў, аб чым гаварылі падчас сустрэч з насельніцтвам. Цяпер гэтая кніжка захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. А на месцы першага партызанскага бою на Пінскім тракце стаіць памятны знак.

Не хопіць старонак у газеце, каб падрабязна апісаць баявыя заслугі Каржа і яго паплечнікаў. Прывяду толькі статыстыку. Партызаны Васіля Захаравіча правялі ў тыле ворага цэлых 1119 дзён. Яны знішчылі больш за 26 тысяч фашыстаў, разграмілі 60 нямецкіх гарнізонаў, 5 чыгуначных станцый, пусцілі пад адход 468 эшалонаў з жывой сілай і ваеннай тэхнікай, разбурылі 519 км тэлефонных ліній ворага. З 60 чалавек атрад Камарова да канца 1942 года перарос у злучэнне, у якім налічвалася звыш 2000 байцоў, а ў канцы 1944-га іх ужо было каля 15 тысяч. Мудры падыход, вопыт і практычныя дзеянні Каржа сталі рэальнай «палявой акадэміяй» для цэлай плеяды партызанскіх кіраўнікоў. У барацьбе з ворагам яму дапамагала добрае веданне мясцовасці, свайго народа, пастаянная інфармацыйна-прапагандысцкая работа. Камандзір пераконваў партызан-камароўцаў: «Мы ваюем за народ! Наша апора і падтрымка – мясцовае насельніцтва. Ніколі не крыўдзіце мужыка! Галодны – папрасі, людзі апошнім падзеляцца. Сілаю возьмеш – ніколі не даруюць крыўду. Не крыўдзіць, а абараняць насельніцтва – наша прызванне».

Партызаны адзначалі перш за ўсё чалавечнасць Васіля Каржа. «Ён быў строгі да сябе, спагадлівы да іншых і бязлітасны да ворагаў», – характарызавалі яго паплечнікі. Падвесці такога камандзіра лічылася сорамным і маладушным.

Заканамерна, што ў 1943 годзе Васіль Корж стаў генерал-маёрам. А 15 жніўня 1944-га атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. У ліку ўзнагарод, акрамя вышэй-згаданых, яшчэ адзін ордэн Чырвонага Сцяга, два ордэны Леніна, ордэн Айчыннай вайны першай ступені, медалі.

Пасля вайны Васіль Захаравіч вучыўся ў Акадэміі Генштаба Узброеных Сіл СССР. Затым быў намеснікам міністра лясной гаспадаркі Беларусі. У 1953-м вярнуўся ў родную вёску і больш як 10 гадоў кіраваў калгасам «Партызанскі край». З адсталага вывеў яго ў перадавы.

Усе, хто ведаў гэтага чалавека, здзіўляліся яго працалюбству. Патрабавальны, разумны і добры, ён не цярпеў гультаёў і прагульшчыкаў. У калгасе была жорсткая дысцыпліна. А сам з раніцы да вечара – сярод людзей. Ніводнай просьбы не пакідаў без увагі. На землях, адваяваных у палескіх балот, стварыў новую інфраструктуру, праклаў дарогі, пабудаваў каменныя дамы і шмат чаго іншага зрабіў на карысць людзей.

Памёр Васіль Корж у 1967 годзе. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Пінску, Салігорску, Давід-Гарадку, Лунінцы і Слоніме. А на малой радзіме, у вёсцы Хорастава, знакамітаму земляку ўстанавілі помнік. Каб і новыя пакаленні ведалі, ганарыліся, не забывалі…

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

*У юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы працягваем рэалізацыю новага праекта, прысвечанага гістарычным падзеям Вялікай Айчыннай. Яго назва –  «Вайна народная» – гаворыць сама за сябе. І здаецца, што тэма народнага супраціўлення фашызму ў тыле ворага даўно вывучаная і добра вядомая. Аднак кожны новы зварот да архіўных матэрыялаў, дакументальнай хронікі, літаратурных і іншых крыніц адкрывае нам малавядомыя, але даволі цікавыя і значныя факты з гісторыі партызанскага і падпольнага руху. Таму лічым сваім журналісцкім абавязкам данесці іх да чытачоў, праўдзіва і аб’ектыўна адлюстраваць карціну гераічнага і трагічнага мінулага, паказаць асабісты ўклад беларускіх партызан і падпольшчыкаў, у тым ліку мясцовых, у Вялікую Перамогу.

Сучаснае і будучыя пакаленні павінны ведаць, што Беларусь заслужана атрымала ганаровае званне  рэспублікі-партызанкі, і выхоўвацца на прыкладах высокага патрыятызму.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту. Працяг будзе.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.