Забаронамі памяць не знішчыць

Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Мы памятаем пра ваш подзвіг, салдаты Перамогі!

На планеце не стала больш спакойна. І агрэсія толькі расце. Даследчыкі прызналі два апошнія гады самымі канфліктнымі з часоў завяршэння халоднай вайны. Украіна, Газа, Нагорны Карабах, Судан, Конга – далёка не поўны пералік гарачых кропак. У 2023-м, як падлічылі аналітыкі Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў, у свеце дзейнічала 183 рэгіянальныя канфлікты. Пры гэтым аўтары агляду зазначаюць, што «вызначальнай рысай сучаснага глабальнага канфліктнага ландшафту стала іх невырашальнасць». Назіраецца «змрочная карціна росту насілля ва многіх рэгіёнах, войн, якія хранічна перашкаджаюць усталяванню міру». У дадатак – яшчэ некалькі несуцяшальных лічбаў: колькасць выпадкаў насілля толькі за год вырасла на 28%, а лік загінуўшых – на 14%. Аналітыкі папярэдзілі, што вайна зноў успрымаецца лідарамі некаторых дзяржаў як карысны інструмент палітыкі.

Думаю, не толькі мяне – усіх людзей з цвярозым розумам такое заключэнне прыводзіць у жах. Для нас, беларусаў, мір – асноўнае, самая вялікая каштоўнасць. Імкненне да яго – у гімне, у крыві, у вобразе думак. Нягледзячы на тое, што нехта думае інакш, ставіць пад сумненне нашу Перамогу, адмаўляе генацыд на нашай зямлі. Што ёсць вар’яты, якія ўзносяць на п’едэстал гонару здраднікаў і калабарацыяністаў, учараш-ніх забойцаў і катаў, пакланяюцца нацысцкай сімволіцы. І што ёсць рэальныя пагрозы па перыметры беларускіх граніц – іх Прэзідэнт краіны дакладна абазначыў на VII Усебеларускім народным сходзе. Невыпадкова яго работа пачалася з абмеркавання і прыняцця важнейшых дакументаў, якія датычацца нацыянальнай бяспекі.

«Беларусь – кампактная краіна, беларусы – міралюбівы народ, які мае запас магутнай жыццёвай энергіі. Рэсурс унікальны, і можна шмат казаць аб тым, як у розныя перыяды гісторыі ён дапамагаў выжываць. Пры гэтым маніякальнае жаданне быць мацнейшымі ў гэтым свеце нам незразумелае і чужое. Але мы ведаем, што значыць быць моцнымі ў імя міру. Гэта наша памяць. Гэта наш гістарычны вопыт, які каштаваў нам вельмі дорага.

Сёлета мы адзначым 80-годдзе вызвалення Бела-русі ад нямецка-фашыс-цкіх захопнікаў. Пакаленне пераможцаў паказала, што сіла нацый не ў капіталах, не ў вайсковай моцы, не ў амбіцыях – яна ў сапраўдных каштоўнасцях, у імкненні да справядлівасці і веры ў сябе», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Так, тэма гістарычнай памяці для нас заўсёды была святой. А паняцце патрыятызму ніколі не з’яўлялася абстрактным. Каб зразумець, як ставімся да свайго мінулага, на якіх прыкладах і традыцыях выхоўваем моладзь, падрастаючае пакаленне, дастаткова прайсці па вуліцах нашых пасёлкаў і гарадоў. Паўсюль – помнікі воінам-вызваліцелям, ахвярам фашызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны: прыходзім, смуткуем, ганарымся, дзякуем, ускладваем кветкі… І не сумняваемся: гэта савецкі салдат выратаваў свет ад карычневай чумы. Яму не было роўных у стойкасці, мужнасці, адданасці Айчыне. Ён дайшоў да Берліна.

На жаль, не ўсе грамадзяне цяпер ужо незалежных, а не ў складзе СССР дзяржаў бачаць сябе нашчадкамі той гераічнай гісторыі, нашчадкамі пераможцаў. Шкада. Як і тое, што ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры расстаўляюцца знакі прыпынку ў фразе «забыць нельга памятаць». Ведаць пра гэта, але рабіць выгляд, што вакол нічога не адбываецца, было б няправільна.

«Настаў час, калі ўсім людзям добрай волі трэба аб’яднацца, каб адзіным фронтам выступіць супраць распальвальнікаў новай сусветнай вайны, якія зноў узнялі сцягі фашызму і нацызму. На нашых вачах Злучаныя Штаты Амерыкі і іх сатэліты, спрабуючы захаваць сусветную гегемонію і затармазіць развіццё краін, якія яны лічаць сваімі канкурэнтамі, разбураюць сістэму глабальнай бяспекі, тыражуюць каляровыя рэвалюцыі і ўзброеныя канфлікты на ўсіх кантынентах, груба ўмешваючыся ў справы незалежных дзяржаў. Імі перапісваецца гісторыя Другой сусветнай вайны, а на ўзроўні еўрапейскіх структур прымаюцца рэза-люцыі і пастановы, якія апраўдваюць нацысцкіх ваенных злачынцаў і перакладваюць на СССР віну за развязванне гэтай вайны, што стала самай крывавай бойняй у жыцці чалавецтва», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў сваім прывітанні ўдзельнікам II Міжнароднага антыфашысцкага кангрэса, што праходзіў у жніўні 2023 года ў Беларусі.

Чым можа завяршыцца такая падтасоўка фактаў, каб пазбавіць цэлыя народы гістарычнай праўды, добра вядома. Далёка хадзіць не патрэбна: паказальны прыклад – нашы суседзі. Літаральна на днях, у канцы красавіка, ва ўкраінскім Роўне знеслі манумент Вечнай Славы, усталяваны ў гонар савецкіх воінаў і адкрыты ў саракавую гадавіну Перамогі. Ён складаўся з амаль 50-мятровага абеліску, кампазіцыі з трох бронзавых скульптур (салдата, партызана і дзяўчынкі) і гарэльефа з 18 фігур. Мясцовыя СМІ з задавальненнем адзначылі, што гэта апошні гарадскі помнік, які падпадаў пад закон аб так званай дэкамунізацыі. А мэр горада пахваліўся, што абломкі скульптуры здадуць на металалом і на выручаныя сродкі закупяць беспілотнікі для ўкраінскай арміі. Ну што сказаць?.. Па-мойму, ужо па адным пляўку ў сваю гісторыю, стаўленні да салдата-героя і яго подзвігу можна зразумець, хто перад табой.

У апошнія гады, дарэчы, на тэрыторыі Украіны было дэманціравана больш за 2,5 тысячы савецкіх помнікаў, перайменавана 987 населеных пунктаў і 52 тысячы вуліц. А ў краінах Еўрасаюза, па даных на 1 снежня 2023 года, знесена звыш трох тысяч манументаў савецкім воінам. Іх вар’яты называюць помнікамі хлусні, зусім забыўшы, хто іменна вызваліў свет ад фашысцкай нечысці. Незваротныя страты Чырвонай арміі,  напрыклад, толькі ў Польшчы – больш за 600 тысяч чалавек.

Цікава, што б сёння сказаў свайму ўнуку Сямён Іванавіч Зяленскі, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны паказаў сябе храбрым і валявым камандзірам: спачатку – мінамётнага ўзвода, а потым – стралковай роты. У рамках дэкамунізацыі прэзідэнт Украіны змог бы сарваць з дзеда, які ваяваў на баку «расійскіх акупантаў», два ордэны Чырвонай зоркі, – па прыкладзе, як зараз на яго Радзіме абыходзяцца з манументамі. Больш за тое, Уладзімір Зяленскі рэалізаваў галоўную мару бандэраўскіх вылюдкаў – ліквідаваў у сваёй краіне Дзень Перамогі, замест якога ўстанавіў Дзень Еўропы. Той самай, якая так «мужна» змагалася з гітлераўцамі, што капітуліравала ў рэкордныя тэрміны. Варта прыгадаць: Польшча, з нападзення на якую пачалася Другая сусветная вайна, абаранялася ад войск Германіі ўсяго 27 дзён. Некалькі больш пратрымаліся Нарвегія – 2 месяцы і 1 дзень і Францыя – 1 месяц і 12 дзён.  Данія – 6 гадзін, Галандыя – 5 дзён, Югаславія – 11, Бельгія –18, Грэцыя – 24. Савецкі Саюз ішоў да сваёй мэты 1418 дзён і завяршыў вайну ў логаве ворага. Дзень 9 Мая, здавалася б, павінен быць, як і для нас, беларусаў, святы. Але Украіна яго з лёгкасцю аддала Еўропе, для якой іншай даты ў календары на 365 дзён чамусьці не знайшлося.

Зразумела, што сёння неафашызм, які культывуецца элітай шэрагу дзяржаў свету, прыкрываецца самымі рознымі шырмамі – то дэмакратыяй, то барацьбой за правы чалавека, то абаронай нацыянальных інтарэсаў. Але нават у тых краінах, дзе Дзень Перамогі забаронены, людзі нясуць кветкі да помнікаў савецкім воінам і бясстрашна працягваюць адзначаць гэтае свята. Значыць, памяць у іх адабраць не змаглі. Яна ўказамі ці нейкімі іншымі дакументамі не рэгулюецца: хоць сто подпісаў пастаў – не спрацуе. І ёсць мяжа маральнаму здрадніцтву і гістарычнаму забыццю: у Беларусь – ні кроку, не прапусцім! У адрозненне ад таго, хто сёння кіруе (хіба што толькі на словах) Украінай, наш Прэзідэнт упэўнены: мы павінны быць моцнымі, каб захаваць мір у сваёй краіне, захаваць традыцыі, захаваць духоўны стрыжань.

Дадаць больш нечага.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ