Ён увайшоў у гісторыю як бескампрамісны дзяржаўны дзеяч, які не баяўся пярэчыць Мікіце Хрушчову, а пасля і Леаніду Брэжневу. Заўсёды адстойваў інтарэсы БССР і да канца сваіх дзён заставаўся прыстойным і непакорлівым бессэнсоўным дырэктывам, верным прынцыпам сціпласці, вытрыманасці, а галоўнае – адданасці абавязку і справе.
Людзі, якія доўгі час працавалі ў вярхах беларускай піраміды ўлады, лічаць гэтага чалавека адным з самых выдатных айчынных палітыкаў мінулага стагоддзя. Яно і зразумела: ніводнае буйное эканамічнае рашэнне, прынятае з удзелам Кірыла Мазурава, сёння не ставіцца на крытычны перагляд.
Мемуарысты сыходзяцца ў адным: ён валодаў неацэннай рысай нацыянальнага характару – не прымаць рашэнняў з гарачкі. Верагодна, гэта і дапамагала будаваць паслядоўную палітычную кар’еру і пазбягаць фатальных памылак на ўсіх паваротах гісторыі. Пры такой меры адказнасці, якую нёс тады партыйны лідар, ад яго патрабаваліся якасці менеджара высокага класа, калі гаварыць сучаснай мовай. А школа – савецкая. У сваіх мемуарах «Незабыўнае» Кірыл Мазураў пісаў:
«Мы выраслі пры ўладзе Саветаў, атрымалі адукацыю ў савецкай школе, прайшлі працоўную загартоўку на будоўлях першых пяцігодак, а палітычную сталасць займелі ў ходзе разгорнутай партыяй камуністаў барацьбы супраць класавага ворага ў гады індустрыялізацыі і калектывізацыі. Асабісты, хаця і абмежаваны ўзростам удзел у ёй садзейнічаў фарміраванню нашага светаўспрымання і характару, спецыфічных рыс грамадзянскасці новага паслярэвалюцыйнага пакалення людзей. Гэта прасочваецца і ў маёй біяграфіі, і ў біяграфіях многіх маіх таварышаў».
Нарадзіўся Кірыл Трафімавіч 7 красавіка (25 сакавіка па старым стылі) 1914 года ў вёсцы Рудня-Прыбыткоўская, што ў 10 кіламетрах ад Гомеля. Быў шосты ў мнагадзетнай сялянскай сям’і і з маленства добра засвоіў кошт працы і хлеба. Але моцнай была і цяга да ведаў: у шасцігадовым узросце ўмеў чытаць і пісаць, што ў той час з’яўлялася вялікай рэдкасцю. Таму бацькі адправілі сына вучыцца ў Гомель у чыгуначную школу, а жыў Кірыл у дзядзькі Радзівона – рабочага і ўпэўненага камуніста, які аказаў вялікі ўплыў на фарміраванне асобы пляменніка. У 15-гадовым узросце ён уступіў у камсамол. І праз усё жыццё пранёс сваю ідэйную перакананасць, моцна развітае пачуццё абавязку, высокую працаздольнасць.
У 1933 годзе Кірыл Мазураў скончыў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум. І, напэўна не кожны з чытачоў ведае, што яго працоўная біяграфія ўпісана і ў гісторыю Брагіншчыны: у 30-я гады ўзначальваў некаторы час дарожны аддзел Камарынскага райвыканкама. Пра тое, як умеў згуртаваць людзей, натхніць іх на вырашэнне складаных задач, якую ўвагу ўдзяляў тут дарожнаму будаўніцтву, мне некалі распавядала ў свае амаль дзевяноста два гады Ганна Піменаўна Марчук з Камарына – сведка многіх пераўтварэнняў у пасёлку на скрыжаваннях гісторыі. Запомніўся, дарэчы, і яе расказ пра тое, як ужо пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС паехала шукаць праўду ў Маскву да самога старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Грамыкі, каб вырашыць жыллёвае пытанне. І нібы наканавана было ёй сустрэцца менавіта з Кірылам Трафімавічам. Пачуўшы, адкуль прыехала жанчына, ён, уражаны, выслухаў яе і тут жа пасадзейнічаў у вырашэнні праблемы. Значыць, пакідаць чалавека без увагі і падтрымкі ў цяжкую хвіліну было не ў яго правілах. Але ж вернемся яшчэ на некалькі гадоў назад.
Пасля службы ў арміі, у канцы 1938-га, Мазураў вярнуўся ў Гомель. Пайшоў па камсамольскай лініі. Вайна яго застала на пасту першага сакратара Брэсцкага абкама ЛКСМБ. З першых яе дзён – на фронце, у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Палітрук роты, батальёна, інструктар палітаддзела. Пасля заканчэння курсаў «Выстрал» стаў іх камісарам. Быў двойчы паранены. У 1942 годзе па рашэнні цэнтральных органаў Савецкага Саюза Кірыл Трафімавіч стаў працаваць у тыле, з’яўляўся адным з кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі. Быў сакратаром ЦК ЛКСМБ.
Па ўспамінах партызана-падпольшчыка Амяльяна Шурпача, супрацоўніка «Звязды», Мазураў ніводным рухам ніколі не падкрэсліваў свайго высокага становішча. Разам з усімі партызанамі жыў у цеснай зямлянцы сярод абшырных балот на легендарным востраве, дзе знаходзілася база атрадаў Мінска-Палескай партызанскай зоны. Еў, як і ўсе, бедную зацірку, для смаку прыпраўленую калійнай соллю – звычайнай не было. За гады вайны абышоў амаль усю Беларусь, пабываў амаль у кожнай камсамольскай арганізацыі, у кожным партызанскім атрадзе. Яго ўсюды сустракалі як роднага, блізкага чалавека, удумлівага дарадчыка, часам суровага, але справядлівага настаўніка. Ён не толькі ўздымаў землякоў на барацьбу з захопнікам, але і сам удзельнічаў у баявых аперацыях.
Калі скончылася вайна, патрэбна было аднаўляць народную гаспадарку. І тут таксама праявіліся выдатныя арганізатарскія здольнасці Мазурава, яго высокая адказнасць за даручанае, што садзейнічала хуткаму кар’ернаму росту.
У 31 год, як толькі падлячыўся ад раненняў, стаў кіраўніком рэспубліканскага камсамола. Галоўны клопат – хутчэй аднавіць сталіцу. Збіралі па сёлах тысячы маладых людзей, і яны з задавальненнем ехалі ў горад на будаўніцтва аўтамабільнага, трактарнага заводаў. Жылі ў ваенных палатках, а потым сталі паўнапраўнымі мінчанамі.
Пазней Мазураў скончыў Вышэйшую партыйную школу, быў першым сакратаром Мінскага гаркама (1948–1950), затым – абкама (1950–1953) партыі. У 1953–1956 гг. з’яўляўся старшынёй Савета Міністраў БССР, у 1956–1965 гг. – першым сакратаром ЦК КПБ. І адразу ж узяў курс на комплекснае развіццё Беларусі.
Менавіта пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле Кірыла Мазурава з’явіліся новыя прадпрыемствы: Старобінскі калійны камбінат, Полацкі нафтаперапрацоўчы і Гродзенскі азотна-тукавы заводы. Былі пабудаваны Бярозаўская і Лукомльская электрастанцыі, уведзена ў эксплуатацыю газавая магістраль Даугава – Мінск. Сельская гаспадарка папоўнілася новымі крыніцамі энергіі, больш эфектыўнымі відамі сельскагаспадарчай тэхнікі, багатымі запасамі мінеральных угнаенняў. Пачалася газіфікацыя населеных пунктаў і электрафікацыя аддаленых вёсак.
Па ініцыятыве Мазурава распрацоў-ваўся і ажыццяўляўся план развіцця машынабудаўнічай, хімічнай, электра-тэхнічнай, прыборабудаўнічай, радыёэлектроннай, лёгкай і харчовай прамысловасцей Беларусі. Да сярэдзіны 60-х у рэспубліцы былі адноўлены і пабудаваны дарогі, якія звязалі сталіцу з усімі буйнымі гарадамі, уведзены ў эксплуатацыю два камбінаты па здабычы калійных солей і фабрыкі вытворчасці калійных угнаенняў, створаны электрахімічны і электралямпавы заводы ў Брэсце. Новыя школы, інстытуты, стадыёны, гасцініцы – пералічваць можна доўга.
А як радаваўся Кірыл Трафімавіч, калі ў рэспубліцы знайшлі нафту! У выніку ў Полацку з’явіўся цэнтр нафтаперапрацоўчай прамысловасці. Былі пабудаваны новыя гарады – Салігорск, Наваполацк, Светлагорск, Белаазёрск і Жодзіна. Беларусь пераўтварылася ў індустрыяльную рэспубліку, дзе больш за дзве трэці нацыянальнага даходу давала прамысловасць.
Так, дзякуючы самаадданасці і высокаму маральнаму духу сотняў тысяч людзей, а таксама плеядзе мудрых, здольных іх згуртаваць кіраўнікоў, якія заслужылі аўтарытэт у гады Вялікай Айчыннай вайны, Беларусь за кароткі тэрмін зрабіла значны рывок у лепшую будучыню. Яна давала Савецкаму Саюзу больш, чым брала. А дасягнуць гэтага дапамагалі многія рашэнні Мазурава – узважаныя, абгрунтаваныя, і нярэдка яны ішлі ў абход агульнай стратэгіі партыі. Дастаткова прыгадаць, як прынцыпова ён адстойваў сваю пазіцыю па прысядзібных участках у спрэчках з першым сакратаром ЦК КПСС Хрушчовым, які прапаноўваў іх аб’яднаць у грамадскія гаспадаркі і паўсюдна заняць кукурузай замест кармавых траў і бульбы. Як асуджаў яго пастаянныя перабудовы, жаданне дагнаць і перагнаць ва ўсім Амерыку. Чалавек не з баязлівага дзясятка, Мазураў умеў пастаяць і за інтарэсы рэспублікі, і за аўтарытэт яе кіраўнікоў, і за ўласную годнасць.
Апрача гэтага, ён – адзін з тых, хто пачаў працэс па ўвекавечванні памяці абаронцаў Брэсцкай крэпасці, спаленых фашысцкімі карнікамі беларускіх вёсак. Яго імя – сярод аўтараў ідэі стварэння мемарыяльнага комплексу «Хатынь». У айчынную гісторыю ўвайшоў як праваабаронца незаслужана абылганых падпольшчыкаў. І мы разумеем, наколькі гэта важна зараз – захаванне гістарычнай памяці, праўды аб вайне.
Пост першага чалавека ў рэспубліцы займаў цэлых дзевяць гадоў. А пасля гэтага яшчэ трынаццаць (1965–1978) быў першым намеснікам старшыні Савета Міністраў СССР. 21 год (1957–1978) уваходзіў у склад Палітбюро ЦК КПСС. На такой «вышыні» ў Савецкім Саюзе ніколі не знаходзіўся ні адзін беларус.
Кірыл Мазураў, дарэчы, адзіны з членаў Палітбюро ЦК КПСС, які дазволіў сабе тое, на што не адважыўся ніхто з яго паплечнікаў, і гэта сведчыць аб яго бясспрэчнай смеласці. На пасяджэнні ў 1978 годзе, калі набліжаўся чарговы дзень нараджэння «дарагога Леаніда Ільіча», узнікла пытанне, як парадаваць генсека. Нехта прапанаваў прысвоіць яму чарговае – ужо трэцяе – званне Героя Савецкага Саюза. Усе дружна падтрымалі. І толькі Мазураў выказаўся супраць: «Не зразумее нас народ. Здаецца, што мы робім мядзведжую паслугу Леаніду Ільічу Брэжневу». Рашэнне, вядома, прынялі станоўчае, а Кірылу Трафімавічу параілі напісаць заяву аб адстаўцы «ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя». Яго абвінавацілі ў палітычнай блізарукасці.
Праз восем гадоў кіраўніцтва краіны, праўда, успомніла пра былога аўтарытэтнага і энергічнага кіраўніка. Мазураў быў выбраны старшынёй Усесаюзнага савета ветэранаў вайны і працы. Пры ім у гэтай арганізацыі з’явілася другое дыханне.
Савецкі ваенны і дзяржаўны дзеяч Эдуард Нордман, баявы паплечнік Мазурава, у сваёй кнізе «Штрыхі да партрэтаў: генерал КДБ расказвае…» прыгадваў:
«Усе, хто асабіста ведаў Кірыла Трафімавіча Мазурава, адзначаюць яго дзяржаўную і чалавечую мудрасць. Ён быў тонкім палітыкам і цвярозым прагматыкам. Яго вылучаў глыбокі прыродны розум, працалюбства, інтэлігентнасць, вялікія арганізатарскія здольнасці, выключная прастата і сціпласць. Ён быў асобай велізарнага маштабу… Без перабольшвання можна сказаць, што менавіта Мазураў вырасціў, выхаваў, вылучыў сотні высокакласных, таленавітых кіраўнікоў. І ў тым, што Пётр Машэраў адбыўся як выдатная асоба ХХ стагоддзя – немалая заслуга Мазурава. Гэтыя два імёны непадзельныя ў гісторыі Беларусі».
Не стала Кірылы Трафімавіча 19 снежня 1989 года. Ён пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.
Заслугі Мазурава адзначаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны першай ступені і медалямі, званнем Героя Сацыялістычнай Працы. Яго імем названы вуліцы ў Мінску і Гомелі.
У свеце, вядома, шмат палітыкаў. Але дзяржаўных дзеячаў, якія ведаюць, што патрэбна краіне заўтра, – адзінкі. Добра, што ў Беларусі такія былі і ёсць.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.