У райцэнтры прайшоў міжнародны лёгкаатлетычны прабег «Брагінская дзясятка», прысвечаны памяці ахвяр чарнобыльскай катастрофы

Галоўнае Грамадства Спорт

На старт выйшлі 490 аматараў лёгкай атлетыкі з Беларусі, Расіі і нават Мальдзіўскай Рэспублікі.

Адкрылі спартыўны марафон самыя маленькія аматары бегу – выхаванцы ўстаноў дашкольнай адукацыі. Яны пераадолелі дыстанцыю ў 60 метраў. На фінішы ўсім уручулі салодкія падарункі. Пасля гэтага ўдзельнікі лёгкаатлетычнага прабегу ўшаваналі памяць аб ахвярах чарнобыльскай катастрофы. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Сяргей Прыходзька, кіраўнік спраў райвыканкама. Ён падзякаваў усім ліквідатарам паследкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС за іх гераізм. Яны выратавалі не адно жыццё і падарылі нам будучыню. Да помніка Васілю Ігнаценку Былі ўскладзены вянок і кветкі.

Пасля невялікага перапынку – агульны старт. Першымі фінішыравалі дзяўчынкі і хлопчыкі да 12 гадоў, якія беглі адзін і два кіламетры. Дыпломы, медалі і падарункі пераможцам і прызёрам уручылі Сяргей Прыходзька і дырэктар ДЮСШ Уладзімір Корхаў.

Праз пэўную колькасць хвілін да фінішу наблізіліся і спартсмены, якія пераадолелі 10 км. Кожны з іх атрымаў памятны медаль. Сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства падзяліўся Уладзімір Краўцоў з Мінска. У свае 72 гады ён працягвае ўдзельнічаць у забегах па ўсёй краіне. На «Брагінскай дзясятцы», як расказаў, ужо трэці раз:

– Дзякуючы добраму надвор’ю дыстанцыю прайшоў з задавальненнем. Хаця за дзень да забегу было трывожна – ішлі дажджы. Але ўсё склалася найлепшым чынам. Тым больш я змог паглядзець сам райцэнтр. Ён у вас вельмі акуратны, чысты і прыгожы.

Спрабуе сябе ў марафонах і паўмарафонах і Святаслаў Далідовіч з Мінска. У Брагін ён прыехаў разам са сваім сынам Вадзімам і яго сябрамі.

– Рады прыняць удзел у гэтым забегу, тым больш што ён прысвечаны памяці ахвяр чарнобыльскай катастрофы. У Брагіне мы ўпершыню, але ўжо паспелі атрымаць асалоду ад прыроды і добрага надвор’я. Спадзяёмся, што «Брагінская дзясятка» будзе працягвацца, а мы з задавальненнем будзем прымаць у ёй удзел, – адзначыў Святаслаў.

Пакуль судзейская калегія падводзіла вынікі, аматарам бегу быў прапанаваны канцэрт работнікаў раённага дома культуры. Тут жа, у РДК, прайшла і цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і прызёраў у розных узроставых катэгорыях, а таксама самых малодшых і старэйшых удзельнікаў «Брагінскай дзясяткі», гасцей з іншых краін. Уручылі іх Уладзімір Корхаў і Валерый Тузаў, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці.

Спартсмены, якія прыбылі з іншых краін, паклалі пачатак алеі памяці ахвяр чарнобыльскай катастрофы. Сярод удзельнікаў – наш зямляк Ілля Славенскі. Ён расказаў, што шчаслівы прыехаць да сябе на радзіму, вельмі рады, што ў яго атрымалася ўзяць прызавое месца:

– З юнымі спартсменамі, канешне, цяжка змагацца, алемагчыма. Асаблівую падзяку хачу выказаць Уладзіміру Міхайлавічу Корхаву. Гэта мой першы трэнер, і я ведаю, што ён шмат чаго зрабіў, каб «Брагінская дзясятка» праводзілася штогод. Калісьці такі прабег быў маёй марай, і яна ажыццявілася настолькі, што ў райцэнтр прыязджаюць спартсмены нават з іншых краін. Няхай гэты прабег толькі набірае моц.

Дарэчы, зараз наш земляк рыхтуецца да чэмпіянату Беларусі па кросе. Актыўна ўдзельнічае ў першынствах краіны і спаборніцтвах сярод падраздзяленняў спецназу.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.