Як летапіс змрочных падзей змяніўся хронікай адраджэння і развіцця
Чарнобыльская трагедыя стала страшным выпрабаваннем для беларусаў. У выніку яе наступстваў радыеактыўнаму забруджванню падвергліся 56 раёнаў – амаль чацвёртая частка рэспублікі. Перасталі існаваць 479 населеных пунктаў. Ад наступстваў катастрофы пацярпеў кожны пяты жыхар. І менавіта Брагіншчына прыняла на сябе максімальны ўдар.
Раён вялікіх надзей
Да 1986 года на наш раён ускладвалі вялікія надзеі. Раслінаводства, жывёлагадоўлю развівалі калгасы-перадавікі. Была магчымасць на месцы перапрацоўваць прадукцыю, частка якой (сыры, масла) ішла на экспарт. Чарговымі працоўнымі дасягненнямі завяршылася адзінаццатая пяцігодка (1981–1985). Пераходным Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, УЦСПС і ЦК УЛКСМ узнагароджаны раён – за павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак ільну-даўгунцу і калгас «Запаветы Леніна» – за паспяховае правядзенне зімоўкі жывёлы, павелічэнне вытворчасці і закупак прадукцыі жывёлагадоўлі ў зімова-стойлавы перыяд 1984–1985 гг. Наперадзе – работа па інтэнсіфікацыі народнай гаспадаркі ў адпаведнасці з прыярытэтнымі мэтамі «Асноўных напрамкаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1986–1990 гг. і на перыяд да 2000 года». Але красавіцкі дзень у адно імгненне перакрэсліў тыя планы і многія надзеі.
Уся тэрыторыя раёна пасля аварыі на ЧАЭС стала забруджанай. Давялося ліквідаваць 10 гаспадарак і чатыры заводы. З карыстання вывелі больш за 85 тысяч гектараў зямель. Асноўная іх частка ўвайшла ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Толькі ў 1986-м з раёна былі эвакуіраваны 13 640 чалавек, а ўсяго за гады пасля аварыі – больш чым 28 тысяч. Жыхары не вярнуліся ў дзясяткі населеных пунктаў, дзевяць з якіх пахаваны. З’явілася зона адчужэння і адсялення, дзе ўстаноўлены кантрольна-прапускны рэжым. Жыццё напоўнілася нязвычнымі для мірнага часу рэаліямі – забаронамі і абмежаваннямі. Перад Брагіншчынай паўстала пытанне: быць ці не быць?..
З разлікам на ўласныя сілы
Сухая статыстыка, безумоўна, скупа адлюстроўвае ўсе складанасці таго перыяду. Для раёна і рэспублікі ў цэлым паслячарнобыльскія гады сталі перыядам вялікай і напружанай працы, набыццём неацэннага вопыту жыцця ў новых умовах. Сістэмная і прадуманая, карпатлівая праца па мінімізацыі паследкаў аварыі пачалася па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі адразу пасля таго, як ён стаў Прэзідэнтам. І патрэбна разумець, у якіх умовах прымаліся ім гістарычна важныя, лёсавызначальныя рашэнні. Гэта – перыяд 90-х.
Развал Савецкага Саюза прывёў да знішчэння трывалых вытворчых і гандлёвых сувязей. Прамысловасць у літаральным сэнсе спынілася. Бюджэт краіны быў не ў стане пакрываць дадатковыя выдаткі. Закрыць на замок тую частку тэрыторый, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, адмовіцца ад іх прапаноўвалі прадстаўнікі «свядомай суполкі». І звязана гэта было ў першую чаргу са страхам узяць на сябе адказнасць.
Пакуль адны спекулявалі і спрабавалі зарабіць сабе нейкія палітычныя бонусы, Аляксандр Лукашэнка трымаў руку на пульсе. Яго занепакоенасць – лёс людзей. Многія страцілі ўсё, што нажывалі пакаленнямі, але яны не былі пакінуты сам-насам з бядой.
Тады, зразумела, так званыя чарнобыльскія рэгіёны ўяўлялі сабой змрочную карціну і стваралі панурае ўражанне. Сярод праблем, што ўздымаюць людзі, – дэфіцыт кадраў, асабліва ў галіне адукацыі, аховы здароўя, ЖКГ, сельскай гаспадаркі, працяглыя затрымкі заработнай платы і пенсій, нікчэмнае забеспячэнне магазінаў, перабоі з харчаваннем дзяцей у школах і садах… Тэхніка ў перыяд пасяўной не выходзіць на палі – то не хапае паліва, то запчастак. У гэтым кіраўнік краіны пераканаўся асабіста, калі пабываў на пацярпелых тэрыторыях: адна з першых паездак была прымеркавана да 10-й гадавіны аварыі. У графіку – і Гомельская вобласць. Атмасфера – цяжкая. Але менавіта ў той момант Прэзідэнт прыходзіць да думкі: гэтыя землі патрэбна вяртаць да жыцця. І робіць свой вывад, які потым прагучыць у звароце да беларускага народа:
– Мы павінны ясна ўсведамляць, што ніхто за нас не будзе вырашаць пытанні медыцынскага забеспячэння пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы; ніхто за нас не будзе ствараць прымальныя ўмовы для жыцця ў забруджаных раёнах, для аднаўлення нашых багацейшых ворных зямель; ніхто за нас не вырашыць праблемы жыццядзейнасці людзей, адселеных з чарнобыльскай зоны.
Разлічваць на ўласныя сілы і не чакаць падарункаў ад лёсу, аб’яднаць намаганні для стваральнай працы на карысць народа і ў імя будучыні – тое, на што арыентаваў Аляксандр Лукашэнка лю-дзей. І актуальнасць сказанага ім тады нават праз дзесяцігоддзі не зменшылася.
Ад мэты да выніку
Вынік кожнага візіту кіраўніка краіны ў пацярпелыя рэгіёны – абавязковы пратакол даручэнняў і кантроль за іх выкананнем. Вернемся ў той жа 1997 год, калі Прэзідэнту даклалі аб сумнай сітуацыі вакол цэнтра радыяцыйнай медыцыны ў Гомелі. Ідэя стварыць яго ўзнікла ў 1990-м, калі востра адчувалася патрэба ў медыцынскіх установах новага тыпу, здольных захаваць здароўе людзей пасля аварыі на ЧАЭС. Але распад СССР пераўтварыў гэты аб’ект у доўгабудоўлю. Рашэнне Прэзідэнта: мільён долараў са свайго фонду для пагашэння даўгоў плюс яшчэ пяць мільёнаў на само будаўніцтва, рэспубліканскі суботнік з пералічэннем на гэтыя мэты заробленых сродкаў.
Сёння Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека – гонар краіны, галоўная арганізацыя па аказанні спецыялізаванай медыцынскай дапамогі пацярпеламу насельніцтву і навуковым забеспячэнні дзяржпраграм па пераадоленні паследкаў катастрофы на ЧАЭС. Сюды штогод звяртаюцца, каб атрымаць кансультацыі, больш за 70 тысяч пацыентаў, у тым ліку з Брагінскага раёна. Амаль 15 тысячам аказваецца дапамога ў стацыянары, уключаючы складаныя і малаінвазіўныя аперацыі. Апрача гэтага, на пацярпелых тэрыторыях працуюць выязныя брыгады, і галоўны акцэнт робіцца на дзяцей. Плюс сістэма тэлемедыцынскага кансультавання.
А колькі ў сумятні першых пасляаварыйных гадоў прымалася неабдуманых, да канца не пралічаных рашэнняў. Як тая ж ідэя будаваць для перасяленцаў пасёлкі ў чыстым полі. Многія з вымушаных «бежанцаў» так і не змаглі прыжыцца на новых месцах, у нязвычных для іх умовах. Нязбытныя надзеі на вяртанне пад родны дах, туга па малой радзіме выклікалі з’яўленне такой катэгорыі людзей, як самасёлы. Ды ўмоў для іх, вядома, ніякіх – толькі гоняць. Пусціць аўталаўкі, падключыць медыцыну, сувязістаў, усе службы, адказныя за жыццезабеспячэнне насельніцтва, – даручэнне Прэзідэнта.
На брагінскай зямлі
У 2006-м, у дзень 20-годдзя аварыі на ЧАЭС, Прэзідэнт наведаў Брагіншчыну. На прыкладзе саўгаса «Камарынскі» ён азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём раёна і ходам вясенніх палявых работ. У цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы знаходзіліся пытанні пераспецыялізацыі сельгаспрадпрыемстваў на пацярпелых землях. І невыпадкова. Згодна з пратаколам даручэнняў, такая работа ў забруджаных раёнах пачалася ў 2001-м. Мэта – не толькі атрымаць чыстую прадукцыю, але і палепшыць сацыяльную атмасферу ў раёнах. У планах – добраўпарадкаваць вёскі, у развіццё якіх ужо шмат гадоў не ўкладваліся сродкі.
У час гэтай паездкі, дарэчы, Прэзідэнт звярнуў увагу на вялікі аб’ём работ па газіфікацыі ў пацярпелых рэгіёнах – сюды ўжо былі праведзены тысячы кіламетраў газаправодаў. Але на Брагіншчыне існавала праблема. «У вас пакуль газіфікаваны толькі тры населеныя пункты і часткова раённы цэнтр», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. І даручыў кіраўнікам адпаведных рэспубліканскіх і мясцовых органаў паскорыць пракладку газаправода ў гарадскі пасёлак Камарын і сельскія населеныя пункты.
Пабываў тады беларускі лідар і ў Брагінскай цэнтральнай раённай бальніцы. У полі яго зроку знаходзіліся пытанні развіцця аховы здароўя, аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі насельніцтву, пацярпеламу ад чарнобыльскай катастрофы, забеспячэнне кадрамі. І зноў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні мясцовых жыхароў, пацвердзіў: дзяржава будзе падтрымліваць Брагіншчыну і іншыя пацярпелыя раёны. Але і самі жыхары павінны прыкладаць намаганні, рабіць усё магчымае, каб свае населеныя пункты развіваць.
Год 2009-ты. Беларусь пераходзіць на новы этап вырашэння чарнобыльскіх праблем – ад рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый да іх актыўнага адраджэння і развіцця. Прычым з абавязковым захаваннем усіх мер па радыяцыйнай абароне насельніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў у час чарговай паездкі: у красавіку яго сустракалі ў Камарыне. Тут ужо, дарэчы, быў пракладзены газаправод – даручэнне кіраўніка краіны выканалі ў жніўні 2007-га.
Аляксандр Лукашэнка не пакінуў без увагі пытанні занятасці насельніцтва, энерга- і рэсурсазабеспячэння. Яму паказалі работу цэха дрэваапрацоўкі як прыклад эфектыўнага выкарыстання мясцовых рэсурсаў. Наведаў беларускі лідар і Камарынскую бальніцу, дзе азнаёміўся з арганізацыяй медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. А добрым паказчыкам таго, што адраджаць наш край неабходна, палічыў факт: у папярэднім годзе сюды прыехала людзей больш, чым выехала.
Цвёрдасць духу і нязломнасць волі нацыі
Ужо пазней, праз 30-гадовы перыяд пасля аврыі на ЧАЭС, кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанні журналістаў у Ельскім раёне, заўважыць:
– Ліквідаваць наступствы катастрофы мы былі вымушаны адначасова з вырашэннем задач па аднаўленні кіруемасці краіны, выратаванні заводаў і фабрык, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сацыяльнай абароне людзей. Шматлікія эксперты з важным выглядам знатакоў гаварылі, што наваяўленая рэспубліка не вытрымае такога цяжару. Нам прадракалі хаос і выраджэнне. Аднак перад тварам агульнанацыянальнага бедства беларускі народ, як гэта не раз бывала ў гісторыі, праявіў сапраўдны гераізм. Ён не апусціў рукі, знайшоў у сабе сілы з’яднацца і таму выстаяў.
Па падліках спецыялістаў, сумарны ўрон, нанесены эканоміцы краіны аварыяй на ЧАЭС, склаў астранамічную суму – больш за 230 мільярдаў долараў. Здавалася б, вось дзе Захад павінен быў праявіць тыя самыя агульначалавечыя каштоўнасці і гуманізм, якія так адстойвае. Тым больш што беларусы сталі заложнікамі катастрофы не па іх віне. Але дапамога міжнароднай супольнасці была і застаецца вельмі нязначнай – каля 1–2 працэнтаў ад нашых унутраных расходаў. Затое «важкая падтрымка» – націск санкцыямі, фінансаванне апазіцыі. І толькі дзякуючы рашучым дзеянням Прэзідэнта, які ўзяў на сябе персанальную адказнасць за будучыню пацярпелых рэгіёнаў, вытрымцы і патрыятызму людзей, якія тут засталіся, жыццё на вялікай частцы нашай краіны працягваецца. У гэтым – стойкасць, цвёрдасць духу і нязломнасць волі нацыі.
Вялікае бачыцца на адлегласці
Сёння жыццё ў раёнах, якія 38 гадоў назад ахінула чорная хмара, практычна нічым не адрозніваецца ад іншых. Развітая інфраструктура, добраўпарадкаваныя тэрыторыі, магчымасць спакойна працаваць, клапаціцца пра будучыню.
З 1990 года ў рэспубліцы рэалізавана пяць дзяржаўных праграм па пераадоленні паследкаў катастрофы: на выкананне зрасходавана амаль 20 мільярдаў долараў. А гэта – аздараўленне нашых дзяцей, харчаванне ў школах, медыцынская дапамога, газіфікацыя дамоў і кватэр, атрыманне нарматыўна чыстай прадукцыі, будаўніцтва і рэканструкцыя неабходных аб’ектаў, жыллё для маладых спецыялістаў, паляпшэнне ўмоў працы… Прыярытэтам чарговай – шостай праграмы, разлічанай на 2021–2025 гады, таксама застаюцца людзі, іх бяспека, здороўе і дабрабыт. Агульны аб’ём фінансавання складае амаль тры мільярды рублёў.
Работу гэтую, па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, варта было пачаць значна раней, яшчэ ў перыяд СССР. У разважаннях і спрэчках страцілі прыкладна 10–15 гадоў. Але і так зроблена нямала – з дзяржаўнай падтрымкай, уласнымі рукамі.
Вядома, абсалютна чыстымі пацярпелыя тэрыторыі стануць яшчэ не хутка. Па разліках вучоных, апошні населены пункт Беларусі выйдзе з забруджанай зоны ў 2090 годзе. Але відавочны факт: у Брагіншчыны і іншых падобных раёнаў ёсць будучыня. Дзякуючы, як сказаў Прэзідэнт, агульным рашэнням дзяржавы і насельніцтва.
Мацнейшыя за атам
У красавіцкія дні маршрут камандзіровак Прэзідэнта традыцыйны ўжо шмат гадоў: жыццё людзей на пацярпелых тэрыторыях і аднаўленне зямель усе гэтыя гады пад асабістым кантролем кіраўніка дзяржавы. У 2021-м ён зноў на брагінскай зямлі. Райцэнтр сустрэў абноўленым знешнім выглядам, утульнасцю і камфортам. Сам час даказаў правільнасць прынятага некалі рашэння – захаваць гэты край.
Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме, закладцы Алеі Памяці, дзе 35 клёнаў сімвалізуюць 35 гадоў з дня катастрофы, пагутарыў з жыхарамі і, вядома ж, даў дададковыя даручэнні па добраўпарадкаванні і развіцці рэгіёна. Як заўсёды падчас такіх паездак, не скупіўся на падзяку лю-дзям – за тое, што тут жывуць, адраджаюць землі, выхоўваюць дзяцей. Чарнобыльскі ўдар зрабіў нас толькі мацнейшымі. Мы ўспомнілі галоўны ўрок, завешчаны нашымі бацькамі і дзядамі: ніколі не здавацца і не станавіцца на калені, – заявіў беларускі лідар.
Сёння, безумоўна, ужо не патрэбна вырашаць тыя праблемы, што стаялі больш за трыццаць гадоў таму назад. Застаўся ў мінулым час разгубленасці і няўпэўненасці. Не сумняваемся: жыць – можна! І больш думаем пра тое, як палепшыць якасць свайго жыцця, уласны дабрабыт. А калі б не прынцыповае рашэнне Прэзідэнта ў свой час? Калі б выселілі яшчэ больш лю-дзей і калючкай абнеслі вялікую частку краіны, як раілі з-за мяжы? Беларусь – без Палесся і не толькі? Страшна ўявіць. Не гаворачы ўжо пра пачуцці тых, хто каранямі ўрос у сваю зямлю. Значыць, у крылатай фразе «Любімую не аддаюць» ёсць і чарнобыльскі акцэнт.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.