11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Няма  апраўдання  злачынствам супраць  чалавецтва

Галоўнае Грамадства

Гісторыя чалавецтва захоўвае шмат трагічных дат і жахлівых падзей. Адна з самых страшных, крывавых старонак XX стагоддзя – Другая сусветная вайна, падчас якой загінулі мільёны людзей не толькі на франтах, але і ў фашысцкіх засценках.

На тэрыторыі Германіі і акупіраваных ёю краін дзейнічала больш за 14 тысяч канцлагераў. Прыгадаем Асвенцім, Заксенхаўзен, Дахау, Равенсбрук, Майданэк, Трэблінку… Усе гэтыя і многія іншыя месцы на карце Еўропы былі пераўтвораны ў жорны смерці, сродкі масавага знішчэння людзей. У іх утрымлівалася больш за 18 мільёнаў чалавек, з якіх выжылі толькі сем мільёнаў. Многія не вытрымалі жорсткіх умоў эксплуатацыі, пабояў і здзекаў, непасільнай працы. А колькі зажыва спаленых у крэматорыях, загубленых у газавых камерах, у выніку заражэння інфекцыйнымі хваробамі, медыцынскіх экспе-рыментаў… Жудасна, страшна і бесчалавечна.

На Нюрнбергскім працэсе ў 1946 годзе, калі праходзіў сусветны суд над нацыстамі, міжнародны трыбунал прызнаў, што заключэнне ў няволю мірных грамадзян замежных дзяржаў, выкарыстанне ў прымусовым парадку іх працы ў інтарэсах Германіі з’яўляецца не толькі ваенным злачынствам. Яно было кваліфікавана як злачынства супраць чалавецтва.

У памяць аб тых, хто загінуў і выжыў у тым пекле, штогод 11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысц-кіх канцлагераў. Дата, дарэчы, выбрана невыпадкова. Яна ўстаноўлена ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў аднаго з буйнейшых нацысцкіх канцлагераў – Бухенвальда, якое адбылося 11 красавіка 1945 года. Праз гэтую фабрыку смерці за час яе існавання (1937–1945) прайшло больш за 200 тысяч чалавек. Спачатку гэта былі нямецкія палітвязні, а ў гады Другой сусветнай вайны – прадстаўнікі многіх іншых нацыянальнасцей. Там загубілі звыш 56 тысяч жыццяў, у тым ліку 19 тысяч савецкіх ваеннапалонных. Вязні, якія ажыццявілі паўстанне, такім чынам выратаваліся, бо напярэдадні гітлераўскія ўлады аддалі загад аб іх фізічным знішчэнні. Дзякуючы гэтаму бунту ў фашыстаў не атрымалася замесці свае крывавыя сляды.

Сотні месцаў прымусовага ўтрымання дзейнічала ў перыяд акупацыі і на тэрыторыі нашай краіны. «Для грамадзянскага насельніцтва фашысты стварылі цэлую сістэму канцлагераў, называючы іх «жаночымі», «працоўнымі», «лагерамі СД», «штрафнымі», «гета» і г.д. Сутнасць была адна: усе яны з’яўляліся месцамі прымусовага заключэння, лаге-рамі смерці, механізмам для масавага знішчэння людзей», – адзначаецца ў кнізе «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі 1941–1944 гг.», выдадзенай у 1995 годзе.

Вядома, што ў Брагіне ў 1941-м таксама існавала гета. Больш за 600 яго вязняў расстралялі або закапалі жывымі ў дзвюх вялікіх ямах у раёне цяперашняй вуліцы Набярэжнай. Звыш 2000 жыхароў Брагінскага і Камарынскага раёнаў былі прымусова вывезены ў Германію. Многія з іх загінулі ў няволі.

Зараз на Брагіншчыне пражываюць 10 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. У кожнага з іх свой лёс, свае ўспаміны пра тыя страшныя дні, калі кожная хвіліна, кожны крок маглі стаць апошнімі. Усе яны тады былі дзецьмі…

Каб ведаць і разумець, што ўяўляе сабой нацызм, пра такое забываць нельга. Будзем памятаць, шанаваць і берагчы мір.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.