Яўгеній і Дар’я Уласенкі. Адна прафесія на дваіх

Галоўнае Грамадства

Настаўнік – адна з самых творчых і важных прафесій. Чалавек, які ўзяў на сябе адказнасць вучыць, выхоўваць дзяцей і развіваць іх здольнасці, павінен не толькі бязмежна іх любіць, але і падтрымліваць дысцыпліну. З няпростай справай педагога вырашылі звязаць сваю будучыню ўраджэнцы нашага раёна і ўжо сям’я – Яўгеній і Дар’я Уласенкі.

Маладыя, амбіцыйныя і поўныя энтузіязму – менавіта так можна іх ахарактарызаваць. Яны вярнуліся на малую радзіму, каб працягваць яе традыцыі і дзяліцца ведамі з вучнямі, пакідаючы след у іх сэрцах.

Да працы ў якасці настаўніка англійскай мовы Дар’я прыступіла ў гімназіі г.п. Брагіна ў мінулым годзе. Цікавасць да замежных моў праяўляла яшчэ падчас навучання ў гэтай жа ўстанове адукацыі. Хутка ўспрымала ўсю інфармацыю на занятках, хацела больш даведацца пра культуру розных краін. Таму асаблівых разваг наконт паступлення не было:  выбрала факультэт анлійскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

У яе мужа Яўгенія – падобная гісторыя, але цікавасць – да хіміі і біялогіі. Ён скончыў ГДУ імя Ф. Скарыны з дыпломам з адзнакай, пасля чаго пачаў выкладаць у Мікуліцкай сярэдняй школе, дзе працуе ўжо сёмы год.

На пытанне, чаму маладыя людзі вырашылі вярнуцца на Брагіншчыну, Яўгеній і Дар’я адказваюць проста: родныя мясціны – добры старт для пачатку дарослага жыцця і стварэння сям’і. Але гэта не адзіная прычына. Абодва адчуваюць сваю запатрабаванасць і павагу ў працоўным калектыве. Калегі Дар’і, якія былі яе настаўнікамі, зараз дапамагаюць ёй спасцігнуць усе тонкасці выкладання. Атмасфера ў калектыве цёплая і добразычлівая, тут заўсёды гатовы падзяліцца назапашаным вопытам.

Хоць маладая пара пабралася шлюбам у верасні мінулага года, гісторыя іх кахання пачалася нашмат раней. Яўген і Дар’я ведалі адзін аднаго, а сустракацца пачалі, калі Дар’я закончыла ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі. Зразумелі, што ў іх шмат агульнага, і з таго часу – разам.

Кожная сям’я – гэта надзейная нітка, якая злучае мінулае і будучыню. Маладая сям’я Уласенкаў уносіць свой уклад у развіццё адукацыі і фарміраванне маладога пакалення.