Міхаіл Максімавіч Уласаў – стралок 5-й роты 218-га палка 77-й гвардзейскай стралковай дывізіі 61-й арміі Цэнтральнага фронту, гвардыі чырвонаармеец.
Нарадзіўся ў вёсцы Аляксандраўка Томскай губерніі (цяпер – Імжорскі раён Кемераўскай вобласці Расіі) у сям’і селяніна-бедняка. Рос дужым, мускулістым хлапчуком, захапляўся мастацкай літаратурай, асабліва любіў чытаць кнігі пра Чапаева. Як і ўсе аднагодкі, марыў, будаваў планы, ажыццявіць якія перашкодзіла вайна.
20 жніўня 1941 года на абарону Айчыны пайшоў бацька Максім Васільевіч, а праз лічаныя месяцы, 7 снежня, – старэйшы брат Васіль. Некалькі разоў употай ад маці Міша ездзіў у ваенкамат з просьбай, каб яго таксама накіравалі на фронт. Добраахвотнікам. Ды тут яго чакала няўдача – было толькі 15 год. Пайшоў працаваць трактарыстам: механізатараў у калгасе не было, а хлеб Радзіме патрэбен.
У ваенкамаце стрымалі слова: вясной 1943-га Міхаілу Уласаву прыйшла павестка, і ён паехаў разам з землякамі на вучобу ў Томскае артылерыйскае вучылішча. Некалькі месяцаў авалодваў азамі ваеннай справы. Аднак стаць камандзірам-артылерыстам юнаку не давялося. Пачалася Курская бітва, і курсантаў накіравалі на фронт. У ёй Міхаіл Уласаў атрымаў першае баявое загартаванне. А вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра.
Да ракі 77-я гвардзейская стралковай дывізія выйшла пасля гарачых баёў за Чарнігаў – 26 верасня 1943 года. Перад 218-м палком, у склад якога ўваходзіла і 5-я рота, дзе служыў Міхаіл Уласаў, была пастаўлена задача фарсіраваць Днепр і захапіць плацдарм.
Разведка ўстанавіла, што на заходнім беразе, паміж вёскамі Асарэвічы і Вялле, немцы ўмацоўваюць абарону. Праціўнік, як было дакладзена, чакаў нашых войскаў на выгібе ракі – у найбольш вузкім месцы на гэтым участку. Таму было вырашана стварыць бачнасць пераправы. А рэальнае месца фарсіравання выбралі ніжэй па цячэнні.
Першай павінна была перапраўляцца 5-я рота на чале з 24-гадовым гвардыі лейтэнантам Мелікам Магерамавым. Што ўяўляла сабой гэтая штурмавая група? Звычайная пяхота, узброеная вінтоўкамі, аўтаматамі, гранатамі. Пераважная большасць – юнакі ва ўзросце 18-20 гадоў. А сібіракам Мікалаю Яромушкіну, Міхаілу Уласаву і далёкаўсходніку Віктару Бабошыну – па сямнаццаць.
У ноч на 27 верасня на лодках размясціліся некалькі дзясяткаў салдат, і – з Богам! У гэты ж час сканцэнтраваныя ў выгібе ракі кулямётная рота і ўзвод аўтаматчыкаў адкрылі шквальны агонь, ствараючы бачнасць пераправы, што дапамагло 5-й роце зачапіцца за сушу.
Усё рабілася вельмі скрытна, і таму большую частку ракі пераадолелі незаўважанымі ворагам. А потым у адно імгненне ўсё змянілася. Узвіліся варожыя ракеты, ударылі кулямёты і мінамёты.
Непадалёку ад лодкі, у якой сядзеў Міхаіл Уласаў, выбухнуў снарад, і салдаты апынуліся ў халоднай вадзе. Але гэта здарылася ўжо на мелкаводдзі. Узняўшы над сабой зброю, байцы паспяшаліся да берага. У руках Міхаіла быў яшчэ і чырвоны сцяг, які ён расправіў і ўстанавіў, калі дасягнулі сушы.
Нягледзячы на сваю малаколькаснасць, байцы, умела манеўруючы, разгрупаваліся і адкрылі шквальны агонь па ворагу, ствараючы бачнасць вялікай насычанасці ў сябе вогненных сродкаў. Фашысты ў паніцы пачалі адступаць. У гэты момант чырвонаармеец Уласаў першым уварваўся ў варожыя траншэі і ў рукапашнай схватцы штыком і прыкладам знішчыў шасцярых немцаў і адбіў дзве варожыя контратакі.
Вось як расказваў аб той ночы ў дывізійнай газеце “Боевое знамя” Магерамаў:
“Пераправа намечалась на небольших лодках, по пять человек в каждой. На каждую я посадил по два автоматчика, по расчёту с ручным или станковым пулемётом. С первой же группой лодок были отправлены два противотанковых ружья.
В первом часу ночи дал команду отплывать. Бесшумно лодки поплыли вперёд. Через полчаса сержант Лут и красноармеец Коврижко первыми вступили на западный берег Днепра. Одна за другой подплывали лодки. Немцы пока не заметили нас. Прошло ещё минут двенадцать. И вот неожиданно затрещали немецкие пулемёты и автоматы. Командую: «Вперёд!» В немецкие траншеи дружно врываются Лут, Коврижко, Заседателев, Вазиров, Власов, Мишенин, Туртуганов и другие. Немцы не выдерживают натиска и удирают. Мы занимаем оборону в немецких траншеях. Фрицы вскоре опомнились и перешли в контратаку…”
У баях за ўтрыманне і пашырэнне плацдарма на правым беразе Дняпра чырвонаармеец Уласаў знаходзіўся ў першых радах байцоў, удзельнічаў у адбіванні жорсткіх варожых контратак, знішчаў гітлераўцаў ружэйным агнём і гранатамі, вёў іншых за сабой.
Дзякуючы актыўным дзеянням воінаў 5-й роты была забяспечана паспяховая пераправа на правабярэжжа іншых падраздзяленняў палка, а потым і дывізіі ў цэлым.
Гераізм і мужнасць, праяўленыя салдатамі і афіцэрамі пры фарсіраванні Дняпра, захопе і ўтрыманні плацдарма, высока ацаніла Радзіма. Увесь асабовы састаў 5-й роты быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. А 16 байцоў, уключаючы Міхаіла Уласава, удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Адпаведны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў прыняты 15 студзеня 1944 года.
На жаль, Міхаіл Уласаў не дажыў да гэтага дня. “…У адзін з кастрычніцкіх дзён сорак трэцяга на плацдарме ўспыхнуў бой. Наша пяхота ўзнялася ў атаку. Да паласы варожых траншэй заставалася некалькі дзясяткаў метраў, калі наперадзе атакуючага Міхаіла Уласава ўзняўся вогненны слуп выбуху. Асколкам снарада Міхаіл быў паранены… Санітары падабралі Уласава, даставілі ў медсанбат, а адтуль адразу ж у палявы шпіталь. У машыне, апрытомнеўшы, баец папрасіў медсястру:
– Маці напішыце, што адпачываю… Хутка зноў на фронт…”, – чыталі пра Героя ў красавіку 1976 года падпісчыкі “Маяка Палесся”.
Смяротнае раненне Міхаіл Уласаў атрымаў 18 кастрычніка – у баі за вёску Асарэвічы. Тут жа ён знайшоў свой апошні прытулак: пахаваны ў брацкай магіле. Імя Героя носіць адна з вуліц вёскі.
Захавалася, дарэчы, пісьмо Міхаіла Уласава сваёй маці:
“Здравствуйте, мамаша, братишка Ваня, сестрёнки Анфиса и Верочка! Я жив, здоров, чего и вам желаю. Я был ранен в правую ногу осколком. Награждён медалью “За отвагу”. И скоро вновь вступаю в бой. Должен получить орден Красного Знамени. Если умру за Родину, то буду орденоносцем. На днях около меня взорвалась мина, убила моих товарищей, а я остался жив. Живу хорошо, всего у меня достаточно. Мы гоним немцев так, что они бегут и всё бросают. Я одного немца захватил в окопе, замотал в одеяло и привёз к своим. Пишите чаще. Ваш сын Михаил Власов. 5 октября 1943 года”.
Валентина БЕЛЬЧЕНКО
*У Вялікую Айчынную вайну верасень 1943-га стаў гістарычным для ўсёй Беларусі. Менавіта ў гэтым месяцы, задоўга да пачатку легендарнай аперацыі “Баграціён”, пачалося вызваленне нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шлях крывавы, неймаверна цяжкі, усланы вялікай колькасцю загінуўшых. Толькі ў брацкай магіле Камарына, які першым скінуў з сябе цяжар гітлераўскай акупацыі, пахавана больш чым 900 савецкіх воінаў. У тым ліку пяць Герояў Савецкага Саюза. А ўсяго за подзвігі, праяўленыя пры вызваленні Камарынскага і Брагінскага раёнаў, гэтага высокага звання ўдастоены 398 воінаў. Не ўсім суджана было сустрэць Перамогу. Імёны тых, хто аддаў за яё жыццё, – на пастаментах. Расказаць пра іх гераізм і мужнасць ставіць на мэце наш цыкл публікацый. Будзем ведаць і памятаць!
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.