Каля 100 журналістаў рэгіянальных СМІ, кіраўнікоў прэс-службаў, спецыялістаў па сувязях з грамадскасцю раённых аб’яднанняў прафсаюзаў прынялі ўдзел у VI медыяфоруме, арганізаваным Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.
Як ён праходзіў, расказала яго ўдзельніца Вольга ПАЛЯШЧУК, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю раённага аб’яднання прафсаюзаў:
– Гэта пляцоўка, на якой журналісты знаёмяцца з дзейнасцю прафсаюзаў, абмяркоў-ваюць актуальныя для рэгіёнаў пытанні, знаходзяць шляхі для іх вырашэння. Сёлета галоўнымі тэмамі медыяфорума сталі сучасныя тэндэнцыі ў інфапрасторы, актуальныя падзеі грамадска-палітычнага і сацыяльнага жыцця краіны, удзел у выбарчым працэсе.
Намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, генеральны дырэктар выдавецкага дома “Праф-Прэс” Алена Манкевіч адзначыла, што журналістаў і прадстаўнікоў прафсаюзаў аб’ядноўвае работа з людзьмі. У нас агульная справа – не толькі бачыць і разумець праблемы, але і дэталёва разбірацца ў сітуацыях, знаходзіць праўду і расказваць аб гэтым.
Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што прафсаюзы ўжо ўступілі ў справаздачна-выбарную і электаральную кампанію. Адказная работа па ўсебаковым яе асвятленні ляжыць, вядома ж, на прадстаўніках медыя. А ў час, калі ў інтэрнэт-прасторы круціцца шмат рознай інфармацыі, у тым ліку і недаставернай, падыходзіць да кожнага пытання неабходна аб’ектыўна і аператыўна.
Прадоўжыў тэму генеральны дырэктар агенцтва “Мінск-Навіны”, старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў, які зрабіў акцэнт на тэхналогіях данясення дакладнай інфармацыі. Па яго меркаванні, напярэдадні маштабнай сацыяльна-палітычнай выбарчай кампаніі важна як мага большай колькасці людзей расказаць, як будуць праходзіць выбары, фарміравацца Савет Рэспублікі і Усебеларускі народны сход.
“Калі наша зброя праўда, то выкарыстоўваць яе патрэбна на поўную моц”, – упэўнены палітычны аглядальнік тэлеканала АНТ Ігар Тур, выступленне якога датычылася фэйкавых навін у перыяд выбарчай кампаніі. На думку журналіста, фармат “рэагаваць на фэйк фэйкам” – неэфектыўны. Як і спосаб адпрацоўкі ўкіду: ствараецца ён за хвіліны, а аспрэчванне патрабуе стараннай падрыхтоўкі. Таму менавіта аператыўнасць – важны інструмент журналіста.
Па словах Ігара Тура, айчынная журналістыка навучылася супрацьстаяць фэйкам, але і апаненты таксама не дрэмлюць. Не выключна што падчас электаральнай кампаніі будуць выкарыстоўвацца новыя прыёмы, і да гэтага спецыялістам медыя патрэбна быць гатовымі.
Удзельнікі форума таксама абмеркавалі іншыя моманты каманднай работы прафсаюзаў і сродкаў масавай інфармацыі, расказалі аб дасягненнях, абмяняліся карысным вопытам. Усе прыйшлі да высновы, што наша агульная задача – садзейнічаць будаўніцтву дзяржавы, у якой чалавек, яго жыццё, сацыяльна-працоўныя правы і інтарэсы з’яўляюцца галоўнай дамінантай.
Падрыхтавала Галіна ШАЎЧЭНКА
Фота: 1prof.by