Даўно, здаецца, сцерліся з памяці часы, калі нават дашкольнікі бадзёра дэкламавалі верш Самуіла Маршака пра чырвоны дзень календара. Ад даты Кастрычніцкай рэвалюцыі нас аддзяляе ўжо больш за сто гадоў. Але чамусьці з набліжэннем сёмага лістапада многія прадстаўнікі старэйшага пакалення па-ранейшаму с настальгіяй узгадваюць святочныя калоны дэманстрантаў з пунсовымі сцягамі, транспарантамі, яркімі паветранымі шарамі, упрыгожаныя населеныя пункты… А яшчэ – як жылі ў вялікай савецкай краіне.
Назад, у мінулае
Год 1939. Дванаццатага лістапада. Жыхары Брагіншчыны атрымалі чарговы нумар раёнкі, якая тады называлася “Трыбуна калгасніка”. На трэцяй старонцы – рэпартаж са святкавання 22-й гадавіны Кастрычніка. Прачытаць пра гэта, дзякуючы архівам, ёсць магчымасць і ў нас (правапіс захаваны):
“Яшчэ 6 лістапада ўсе вёскі, вуліцы і дамы працоўных раёна ўпрыгожыліся партрэтамі кіраўнікоў партыі і ўрада, сцягамі, лозунгамі і плакатамі. На прадпрыемствах, ва ўстановах і калгасах адбыліся ўрачыстыя сходы, а ў цэнтры сельсаветаў – урачыстыя пленумы, прысвечаныя святкаванню XXII гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Працоўныя г.п. Брагіна ў гэтым годзе святкавалі слаўную XXII гадавіну Кастрычніка ў новапабудаваным клубе. Тут жа ўпершыню адбыўся ўрачысты пленум Брагінскага РВК і горпасялковага совета.
…7 лістапада на плошчу, дзе ўстаноўлен помнік В.І. Леніна, адна за другой прыбываюць калоны дэманстрантаў; першыя прышлі рабочыя і служачыя райсаюза. Над іх галовамі развяваецца чырвоны сцяг з гербам Беларускай Совецкай Соцыялістычнай Рэспублікі. Многія ў руках трымаюць партрэты любімых кіраўнікоў партыі і ўрада. Пад гукі марша прышлі рабочыя і служачыя Брагінскай МТС. Уперадзе калоны лепшы трактарыст-стаханавец т. Маргун нясе чырвоны сцяг, ён горда развяваецца над галовамі спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Неўзабаве на плошчу прышлі калоны рабочых і служачых арцелей “Чырвоны Кастрычнік” і “Чырвоная іголка”, за імі прышлі калгаснікі калгасаў “Трэці рашаючы” і “Новы свет”.
З усмешкай на тварах, з пера-поўненымі радасцю сэрцамі ішлі школьнікі школ Брагіна. Іх вясёлыя песні, ажыўляючы вуліцы, дзесьці далёка разносіліся ў паветры.
12 гадзін. Горпасялковая плошча запоўнена дэманстрантамі. Старшыня РВК тав. Расоўскі адкрыў мітынг…”.
Далей – прывітанне прадстаўнікоў улады, рабочых і служачых, піянераў. Калоны дэманстрантаў з песнямі крочаць па вуліцах райцэнтра. У другой палове дня ва ўсіх установах Брагіна і калгасах раёна праходзяць вечары мастацкай самадзейнасці, святочныя гулянні.
Лакаматыў саюзнай эканомікі
Сёння, вядома, усё больш сціпла – без высокамоўных лозунгаў, заклікаў партыі. Але мы па-ранейшаму адзначаем гэты дзень на дзяржаўным узроўні, і дата 7 лістапада не змяніла колер. Узнікае слушнае пытанне: чаму? Прыкметна вялікі ўплыў тых далёкіх падзей на лёс Беларусі, – адказвае гісторыя, само жыццё. Прасочым…
Дзякуючы Кастрычніку 1917 года была абвешчана свабода ад эксплуатацыі, прыгнёту і бяспраўя, укараніліся такія асноватворныя прынцыпы, як права нацый на самавызначэнне, павага да лю-дзей працы. Ён стаў тым штуршком, які дазволіў беларускаму народу набыць сваю дзяржаўнасць, атрымаць магутны імпульс для сацыяльна-эканамічнага развіцця. Рэвалюцыя валодала вялікай стваральнай сілай.
Так, ужо ў першую пяцігодку ў нашай рэспубліцы з’явіліся швейная фабрыка “Сцяг індустрыялізацыі”, Бабруйскі, Барысаўскі і Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінаты. У 1930-м дала першы ток электрастанцыя пад Оршай. Пачала фарміравацца сетка аўтамабільнага і рачнога транспарту. БССР стала лакаматывам саюзнай эканомікі.
Напрыклад, у 1980-я гады ў не самых простых умовах вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічылася на 30 працэнтаў, сабекошт знізіўся на 18, прадукцыйнасць працы вырасла на 34. Прыбаўка ў рэалізацыі малака склала 1 млн 368 тыс. з ростам 36 працэнтаў, жывёлы і птушкі – 506 тыс. тон. Рэнтабельнасць аграпрамысловага комплексу ўзнялася з 3 да 36 працэнтаў. Зарплата на сяле вырасла ў 1,5 раза, дасягнуўшы 93 працэнты ад сярэдняй па рэспубліцы. Усе раней стратныя гаспадаркі сталі працаваць з прыбыткам.
Па выніках Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва ў 1983–1987 гадах Беларусь была прызнана безумоўнай пераможцай.
Культура, навука і адукацыя
Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў нашай краіне не было ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Затое пасля развіццё навукі і адукацыі атрымала небывалы раней размах.
У 1921-м, яшчэ ва ўмовах ваеннага становішча, быў заснаваны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Адметна, што яго фінансаванне складала галоўны радок рэспубліканскага бюджэту. А потым – стварэнне Інбелкульта, Акадэміі навук, мностваў ВНУ. Мінск стаў адной з навуковых сталіц СССР. Больш таго, беларускія вучоныя ўнеслі вялізны ўклад у стварэнне акадэмгарадка ў Навасібірску.
Ужо ў першыя гады савецкай улады разгарнулася шырокамаштабная кампанія па ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва.
Сваю творчасць у паслякастрычніцкі перыяд прадоўжылі Купала і Колас. А яшчэ расцвіў талент Лынькова і Куляшова, Макаёнка і Панчанкі, Быкава і Шамякіна, Азгура, Левіна, Савіцкага, Багатырова, Цікоцкага, Корш-Сабліна, Турава… Гэты спіс вялікіх творцаў можна працягваць. Дзяржава выдзяляла вялікія сродкі на падтрымку культуры. У прыватнасці, практычна нанова быў створаны нацыянальны тэатр, як драматычны, так і музычны.
На Брагіншчыне
Прасочым толькі за некаторымі падзеямі, зменамі і зрухамі, што адбываліся ў паслякастрычніцкі перыяд на тэрыторыі Брагіншчыны.
- Паводле перапісу 1922 года, 90 працэнтаў сялян Брагіншчыны не ўмелі ні чытаць, ні пісаць. Таму навучанне грамаце з першых крокаў савецкай улады стала яе ўдарным участкам работы. Перапіс 1926-га ўжо сведчыць: узровень пісьменнасці вясковага насельніцтва ў раёне дасягнуў 45,2 працэнта. З 1927-га па 1938 год агульная колькасць школ павялічылася з 63 да 98, вучняў – з 5200 да 13 700, настаўнікаў – з 330 да 786.
- З 1924 года сельскія школы былі пераведзены на поўны бюджэт. Большасць з іх атрымала зямельныя ўчасткі памерам 2,5 дзесяціны. Яны выкарыстоўваліся школьнымі работнікамі.
- За поспехі ў павышэнні якасці ведаў навучэнцаў, паляпшэнні выхаваўчай работы Камарынскаму раёну ў 1940 годзе ўручаны пераходны Чырвоны сцяг Наркамата асветы БССР.
- У паслярэвалюцыйны час на Камарыншчыне была адкрыта першая бальніца на 16 коек, а ў Брагіне – адрамантавана з пашырэннем на 10 месцаў.
- У 1927–1928 гадах на Брагіншчыне з’явіліся першыя трактары – у саўгасе “Астрагляды”, сельгасарцелях “Надзея”, “Новы свет” і інш. 1930 год: створаны машынна-трактарныя станцыі. І ўжо праз тры гады Брагінская МТС забяспечвала вытворчым абслугоўваннем 92 калгасы, а Камарынская – 40. За гэты ж час сумарная магутнасць трактарнага парка ў абодвух раёнах узрасла больш чым удвая.
- На Усебеларускую нараду выдатнікаў сельскай гаспадаркі 1936 года накіравалася 12 прадстаўнікоў Брагіншчыны. У іх ліку – старшыня калгаса імя Тэльмана Мікалай Дзялец, пастух-даглядчык аўцафермы калгаса “Чырвоны рассвет” Крыўчанскага сельсавета Пімен Доўбун, звеннявы калгаса “Чырвоны працаўнік” Буркоўскага сельсавета Васіль Кулай, загадчык свінагадоўчай фермы калгаса “Чырвоны Кастрычнік” (в. Казялужцы) Якаў Мельнічэнка і інш.
- У 1939 годзе на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы дэманстравалі свае вытворчыя дасягненні калгасы імя Тэльмана Малейкаўскага, “Другая пяцігодка” Брагінскага, “Чырвоны партызан” Малажынскага Саветаў, якія атрымалі добрыя ўраджаі збожжавых, бульбы, табаку.
- У апошнім перадваенным годзе вышэйшай узнагароды краіны – ордэна Леніна – удастоіўся калектыў адной з лепшых у Брагінскім раёне гаспадарак – калгаса імя Тэльмана.
- За перадваенныя пяцігодкі пабудаваны Іялчанскі крухмальны завод №8, радзільны дом у Камарыне, малочны завод у Касачове, шэсць млыноў, уведзены ў эксплуатацыю торфазавод “Брагінскі”.
З павагай, гонарам і настальгіяй
Хто б што ні гаварыў, але пераадолець фашызм удалося ў значнай ступені дзякуючы арганізатарскай ролі Камуністычнай партыі і камсамола. Менавіта яны сталі асновай для падпольнай і партызанскай дзейнасці. А колькі сярод такіх прадстаўнікоў прыкладаў адвагі, храбрасці і гераізму! Гэта былі людзі, якія ў самы цяжкі час згуртоўвалі воінскія калектывы, вялі за сабой. І вораг адчуваў іх сілу.
Энергія Кастрычніка натхняла на перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, на засваенне космасу, на працоўныя здзяйсненні. У Беларусі з’явілася больш за тысячу Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы.
Уласцівыя нашаму грамадству мір, стабільнасць і згода – заканамерны вынік таго, што мы не адхілілі заваёў Кастрычніка, не здрадзілі ідэалам раўнапраўя, справядлівасці і бескарыслівага служэння Айчыне. Значыць, дата 7 лістапада – свята нашай гісторыі, і яно мае права на памяць, на існаванне. Яно сведчанне павагі сучаснага грамадства да мінулага народа, да падзей, якія непарыўна звязаны з біяграфіямі нашых бацькоў і дзядоў. І няхай для кагосьці сёння гэта проста дадатковы выхадны, які можна правесці побач з роднымі і блізкімі. Але будуць і такія, хто з цеплынёй узгадае савецкую эпоху, сваю бурлівую камсамольскую маладосць, ідэалы, на якіх фарміраваліся як асобы, і пакладзе ярка-чырвоныя гваздзікі да помніка Леніну – правадыру пралетарыяту.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА