80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца. Імёны на пастаменце: Іван Мікалаевіч Анціпін

80 гадоў вызвалення Беларусі Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы Праект “МП”: Імёны на пастаменце

Іван Мікалаевіч Анціпін – камандзір аддзялення 483-га асобнага сапёрнага батальёна 356-й стралковай дывізіі 61-й арміі Цэнтральнага фронту, малодшы сяржант.

Вёска, дзе ў 1914 годзе ў сялянскай сям’і нарадзіўся будучы Герой, зараз не існуе. Месца Кукуй знаходзіцца ў Усць-Куцкім раёне Іркуцкай вобласці.

Пасля заканчэння Кірэнскай сямігодкі і школы фабрычна-заводскага навучання ў Іркуцку Іван Анціпін працаваў інструктарам абласнога стралковага клуба. А з 1940-га – загадчыкам аддзела Усць-Куцкага райвыканкама. У лютым 1942-га быў прызваны ў армію. Удзельнік баёў на Заходнім, Бранскім, Арлоўскім і Цэнтральным франтах. Смелы, ініцыятыўны і знаходлівы, ён не раз праявіў сябе ў баях з фашысцкімі захопнікамі. У прыватнасці, падчас Арлоўскай аперацыі са сваімі байцамі зняў і абясшкодзіў 400 мін і «сюрпрызаў» праціўніка.

26 верасня 1943 года сапёрнае аддзяленне на чале з Анціпіным выйшла на левы бераг Дняпра. Байцы тут жа прыступілі да пошуку лодак і вырабу плытоў з дошак, сухога голля, мяшкоў з сенам. Каб разведаць зручныя для пераправы месцы, камандзір аддзялення пабываў і на заходнім беразе. Выявілася, што на рацэ ёсць мелкія астраўкі, выкарыстаўшы якія, можна з лёгкасцю перабрацца на той бераг. У выніку камандзір палка прыняў рашэнне фарсіраваць Днепр менавіта на гэтым участку.

У ноч на 27 верасня на лодках і плытах, падрыхтаваных аддзяленнем Анціпіна, пачаў перамяшчацца батальён. Адбывалася гэта на тэрыторыі тагачаснага Камарынскага раёна. Сапёры прынялі актыўны ўдзел не толькі ў захопе плацдарма на заходнім беразе, але і ў адбіванні шматлікіх контратак фашыстаў.

6 кастрычніка 1943 года ў жорсткіх змаганнях з ворагам адважны сібірак загінуў. Высокае званне Героя Савецкага Саюза яму прысвоена пасмяротна.

Вось што пісаў яго жонцы ад імя ўсяго асабовага саставу батальёна маёр Мялкоў, камандзір вайсковай часці:

“Уважаемая Александра Иннокентьевна! Младший сержант Антипин остался в памяти наших бойцов и командиров как пламенный патриот нашей Родины, храбрый и мужественный воин Красной Армии. Будучи в нашей части, он самоотверженно дрался с врагом, смело и решительно выполнял боевые приказы. В боях за реку Днепр товарищ Антипин проявил исключительную храбрость и самоотверженность, бесстрашно выполнял боевые задания. Как герой Днепра, он удостоился высокого звания Героя Советского Союза.

Иван Николаевич храбро погиб на поле битвы с фашистскими палачами. На его могиле бойцы и командиры поклялись жестоко отомстить немецким бандитам за Ивана Николаевича, за наших жён, детей, матерей и отцов, за поругание немецкими мерзавцами нашей земли…

Желаем Вам, Александра Иннокентьевна, крепкого здоровья. С приветом к Вам командир войсковой части майор Мелков”.

Вечны спакой Герой знайшоў на брагінскай зямлі: пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Галкі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

*У Вялікую Айчынную вайну верасень 1943-га стаў гістарычным для ўсёй Беларусі. Менавіта ў гэтым месяцы, задоўга да пачатку легендарнай аперацыі “Баграціён”, пачалося  вызваленне нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шлях крывавы, неймаверна цяжкі, усланы вялікай колькасцю загінуўшых. Толькі ў брацкай магіле Камарына, які першым скінуў з сябе цяжар гітлераўскай акупацыі, пахавана больш чым 900 савецкіх воінаў.  У тым ліку пяць Герояў Савецкага Саюза. А ўсяго за подзвігі, праяўленыя пры вызваленні Камарынскага і Брагінскага раёнаў, гэтага высокага звання ўдастоены 398 воінаў. Не ўсім суджана было сустрэць Перамогу. Імёны тых, хто аддаў за яё жыццё, – на пастаментах. Расказаць пра іх гераізм і мужнасць ставіць на мэце наш цыкл публікацый. Будзем ведаць і памятаць!

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.