Турнір праходзіў на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Удзел у ім прынялі больш за 60 юных спартсменаў з Беларусі і Расіі.
Па выніках спаборніцтваў у скарбонцы нашай зборнай – дзевяць медалёў – 2 залатыя, 4 сярэбраныя і 3 бронзавыя. У асабістым турніры ў дзяўчат да 19 гадоў лепшай стала Міра Бурая, другі вынік паказала Стэфанія Кіслянкова. Медалі каманднага турніру ў старэйшай узроставай катэгорыі таксама на рахунку беларусаў. У гэтай дысцыпліне нашы дзяўчаты ўзялі золата і бронзу, а хлопцы сталі трэцімі.
У індывідуальным заліку сярод дзяўчат да 17 гадоў срэбра ўзяла Аляксандра Ляшэнка. У камандным першынстве малодшай узроставай групы беларусы таксама не засталіся без медалёў. Па выніках выступу ў гэтай дысцыпліне нашы дзяўчаты былі другімі, юнакі – трэцімі. У змешанай эстафеце-U17 срэбра на рахунку Паліны Бубновай і Захара Сівіцкага.
У апошні дзень спаборніцтваў спартсменаў чакала змешаная эстафета сярод атлетаў, не старэйшых за 19 гадоў. Аднак у гэты дзень увесь п’едэстал занялі расійскія дуэты. Зусім трошкі балаў да перамогі не хапіла беларускаму дуэту ў складзе Міры Бурай і Барыса Абабурка. У выніку – чацвёртае месца.