80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца. Імёны на пастаменце: Араз Анаеў

80 гадоў вызвалення Беларусі Важнае Год гістарычнай памяці Грамадства Праект “МП”: Імёны на пастаменце

 

 

Араз Анаеў – памочнік камандзіра сабельнага ўзвода 55-га палка 15-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі 7-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса 61-й арміі Цэнтральнага фронту, гвардыі старшына.

Нарадзіўся ў 1913 годзе ў ауле Кодж Балканскага велаята Туркменістана ў сялянскай сям’і. Туркмен. У 1935–1937 гадах служыў у пагранічных войсках. Калі вярнуўся дадому, працаваў у Кізіл-Арваце (цяпер Гызыларбат) у міліцыі.

У 1941-м зноў быў прызваны ў Чырвоную армію, удзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Асабліва вызначыўся пры фарсіраванні ракі Днепр на Брагіншчыне (каля вёскі Ніўкі, якая цяпер не існуе) і ўтрыманні плацдарма на правым беразе.

Так, 21 верасня 1943 года гвардыі старшына Анаеў першым уварваўся ў населены пункт. У жорсткай рукапашнай схватцы ён знішчыў нямецкага афіцэра і расстраляў ва ўпор з аўтамата дзесяць салдат. Калі падышлі астатнія байцы, са сваім узводам працягваў праследаваць фашыстаў і адразу заняў важны апорны пункт немцаў.

Вызначыўся і ў баі каля вёскі Калыбань, узарваўшы варожую бронемашыну. Пры гэтым былі знішчаны сем гітлераўцаў і два кулямёты.

У палку, дарэчы, добра ведалі Араза Анаева, паважалі яго за смеласць і адвагу. Ветэраны-кавалерысты потым часта расказвалі пра гэта.

У адным з цяжкіх баёў, напрыклад, калі камандзір эскадрона атрымаў раненне, Араз прыняў на сябе камандаванне. У выніку яго ўмелых, рашучых дзеянняў атака гітлераўцаў была адбіта. Але неўзабаве фашысты ўзнавілі яе з яшчэ большай сілай – да іх падышло падмацаванне.

У самы разгар гэтага бою чуйнае вуха Анаева ўлавіла, што змоўк суседні станкавы кулямёт. Старшына кінуўся туды. Абодва кулямётчыкі ляжалі мёртвыя. Тады Араз залёг за кулямёт, злавіў у прыцэл атакуючых ворагаў і націснуў на гашэтку. Фашысты і на гэты раз не прайшлі.

Ужо потым, у мірны час, пра мужнасць і храбрасць Араза Анаева – аднаго з вызваліцеляў Брагіншчыны, апублікуюць не адзін артыкул. На старонках “МП”, у прыватнасці, вясной 1984-га паведамлялася:

“Вопытны, загартаваны воін ступіў на беларускую зямлю ў складзе штурмавога атрада, пад агнём ворага пераправіўшыся цераз Днепр. Кавалерыйская дывізія фарсіравала водную перашкоду непадалёку ад гарпасёлка Камарын. Захапіўшы невялікі плацдарм, воіны-кавалерысты адбілі ўсе атакі фашыстаў, а потым самі перайшлі ў наступленне. Ламаючы супраціўленне ворага, гвардзейцы ў цесным узаемадзеянні з іншымі часцямі прасоўваліся наперад. На іх шляху аказаўся высокі насып чыгуначнага палатна магістралі Чарнігаў – Оўруч. Там былі выгадныя пазіцыі для варожай абароны. Але нашы воіны працягвалі наступаць. Эскадрон, у складзе якога быў старшына Анаеў, прасоўваўся заходней вёскі Калыбань. Размешчаная каля самай чыгункі, вёска была ператворана гітлераўцамі ў добра ўмацаваны вузел супраціўлення.

Атака кавалерыстаў палка была дружнай, развівалася паспяхова. Араз разумеў, што трэба яшчэ ўзмацніць націск на ворага. Падбадзёрваючы байцоў, ён вёў іх наперад, кароткімі перабежкамі набліжаючыся да чыгуначнага насыпу. Заставалася апошняя перабежка, калі па атакуючым ланцугу кавалерыстаў ударылі кулямёты бронемашыны, якая падаспела на дапамогу фашыстам”.

У адным з архіўных дакументаў тых дзён захаваўся запіс: “Араз Анаеў, уставіўшы ў аўтамат новы дыск, захапіў гранаты, папоўз наперад. Папоўз праз агонь. Ён закідаў бронемашыну гранатамі, вывеў яе са строю. Але пры гэтым адважны старшына загінуў. Кавалерысты ўварваліся на насып, змялі ворага”.

Гэта быў апошні, самы адказны ў жыцці крок воіна-патрыёта… Загінуў ён у кастрычніку 1943-га.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года за паспяховае фарсіраванне ракі Днепр, трывалае замацаванне і пашырэнне плацдарма на заходнім беразе ракі Днепр і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства гвардыі старшыне Аразу Анаеву пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Першапачаткова ён быў пахаваны ў брацкай магіле каля вёскі Дуброўнае. А пазней адбылося перазахаванне ў брацкую магілу ў Камарыне. Імем Героя названы вуліцы ў Мінску, Светлагорску і Гызыларбаце. У апошнім, каля школы, устаноўлены яго бюст. На адным з дамоў беларускай сталіцы па вуліцы Мендзялеева – мемарыяльная дошка. Каб памяталі…

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

*У Вялікую Айчынную вайну верасень 1943-га стаў гістарычным для ўсёй Беларусі. Менавіта ў гэтым месяцы, задоўга да пачатку легендарнай аперацыі “Баграціён”, пачалося  вызваленне нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шлях крывавы, неймаверна цяжкі, усланы вялікай колькасцю загінуўшых. Толькі ў брацкай магіле Камарына, які першым скінуў з сябе цяжар гітлераўскай акупацыі, пахавана больш чым 900 савецкіх воінаў.  У тым ліку пяць Герояў Савецкага Саюза. А ўсяго за подзвігі, праяўленыя пры вызваленні Камарынскага і Брагінскага раёнаў, гэтага высокага звання ўдастоены 398 воінаў. Не ўсім суджана было сустрэць Перамогу. Імёны тых, хто аддаў за яё жыццё, – на пастаментах. Расказаць пра іх гераізм і мужнасць ставіць на мэце наш цыкл публікацый. Будзем ведаць і памятаць!

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.