Працай мір мацуем. Дакладны рытм жніва ў ААТ «Імя Жукава»

Галоўнае Грамадства Жатва-2023 Сельская гаспадарка

 

Андрэй Мартыноўскі і яго памочнік Павел Галезнік.

На полі каля вёскі Шчарбіны ў сераду, 12 ліпеня, тры камбайны ААТ “Імя Жукава” ўбіралі рапс. Туды і накіроўваемся, каб пагутарыць з людзьмі, даведацца аб відах на ўраджай, выказаць словы падзякі. Летась гэтае сельгаспрадпрыемства заняло другое месца ў раённым спаборніцтве, атрымаўшы 7796 тон зерневых і зернебабовых (па 32,6 цнт/га). Парадаваў вяскоўцаў і рапс. Забягаючы наперад, скажу, што сёлета такой ураджайнасці алейнай культуры яны не атрымаюць.

За штурвалам першага камбайна – Андрэй Мартыноўскі і яго памочнік Павел Галезнік. Хто сочыць за работай аграрыяў, ведае, што раней старшы камбайнер Андрэй Мартыноўскі лідзіраваў сярод маладзёжных экіпажаў і выходзіў пераможцам на жніве. Павел Галезнік нядаўна вярнуўся з арміі і сумленна працуе ў гаспадарцы.

Старшы камбайнер Аляксей Лазовік (справа) і камбайнер Сяргей Гуляніцкі.

 

Тандэм у складзе Аляксея Лазовіка і Сяргея Гуляніцкага павінен заявіць пра сябе высокімі намалотамі. Тэхніку да ўборачнай кампаніі яны рыхтавалі самі, за плячыма ў кожнага – вопыт работы ў АПК, веды.

Трэці экіпаж – Аляксандр Раманюк і Уладзімір Герасіменка – прэтэндэнт на першае месца. У іх свой стыль работы на жніве, камбайнеры даражаць кожнай хвілінай і не дапускаюць прастояў.

Чорнае золата палёў льецца ў кузаў МАЗа Уладзіміра Шахніцкага.

Адвозіў насенне рапсу Уладзімір Шахніцкі, рабіў гэта з уласцівай яму акуратнасцю і адказнасцю. Чорнае золата палёў неабходна даставіць на перапрацоўку без страт, каб не высыпалася з кузава.

Галоўны аграном Міхаіл Смальцар правярае пасевы аўса.

У галоўнага агранома ААТ “Імя Жукава” Міхаіла Смальцара зараз найбольш напружаны і адказны час. Практычна ён адзін у полі воін. Малады калега, адпрацаваўшы пасля вучобы вызначаны тэрмін, пакінуў ААТ. І хаця галоўны спецыяліст родам з гэтых мясцін і любіць сваю справу, у такой вялікай гаспадарцы яму цяжка прасачыць за ўсім, што робіцца на зернетаку, у полі. Міхаіл занепакоены тым, што з 600-гектарнай плошчы рапсу да ўборкі засталося 130. Каштоўная культура вельмі адчувальная да кліматычных умоў, і калі ў жніўні стаіць спёка і сеяць даводзіцца ў сухую глебу, якая даўно прагне дажджу, на які ўраджай можна разлічваць? А выдасца яшчэ і зіма халодная, справа ўвогуле дрэнь. Большую частку пасеваў давядзецца спісаць. Рапс у гаспадарцы практычна ўжо ўбраны, як і азімы ячмень (засталося сем гектараў, якія даспяваюць). Яравы ячмень займае 492 гектары.

Вялікія надзеі ўскладваюць на азімую пшаніцу, якой адвялі 600 га. Не парадуе важкім коласам сёлета трыцікале, затое авёс абяцае добры ўраджай.

Жніво ў гаспадарцы вядуць сем экіпажаў, для іх, а таксама астатніх удзельнікаў уборачнай кампаніі арганізавана гарачае харчаванне ў сваёй сталовай. Рэгулярна падводзяцца і вынікі работы.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ