Сваё 80-годдзе гаспадыня адзначыла ў маі, а яе верны спадарожнік будзе святкаваць 85-годдзе 14 кастрычніка. Разам ідуць па жыцці 62 гады.
Слухаць горкі расказ Аляксандраўны Іванаўны пра сваё маленства без хвалявання нельга. Нарадзілася яна ў вёсцы Кацічаў у 1943-м. Тое, што дзяўчынка выжыла тады і не памерла ў галодным 1947-м, можна назваць цудам. Чатыры гадочкі было, але ж памятае, як дома з гнілой бульбы, якую пасля зімы збіралі на калгасным полі, пяклі аладкі. У гаспадарцы ў той час вырошчвалі лубін. Старэйшыя браты прыносілі яго ў торбе, і маці варыла насенне ў чыгунку. І хаця пры гэтым чатыры разы мяняла ваду, ад такой стравы ў Сашы апухлі ногі. Браты вылілі тое варыва і забаранілі маці нешта гатаваць з лубіну. Паколькі пайшлі працаваць у калгас, ім, як і астатнім вяскоўцам, давалі крыху зерня, яно і выратоўвала. У бацькоў Аляксандры была кароўка, суседзі і сваякі раілі зарэзаць яе, каб крыху падтрымаць малых і ўмацаваць іх здароўе. Ніхто на такі крок не пайшоў, таму дзецям перападала шклянка малака, а часам і кавалак сыру, масла. А калі на бульбу выдаўся неўраджайны год, ласаваліся ячменем.
У 1957-м Аляксандра закончыла пяць класаў і больш у школу не пайшла. Неабходна было дапамагаць бацькам. Уладкавалася ў мясцовы калгас. Жывёлагадоўлі аддала 36 гадоў свайго жыцця, 19 з іх даіла кароў рукамі. У групе – 25 галоў, даенне трохразовае. Акрамя гэтага, неабходна было самім раздаваць кармы, падтрымліваць парадак у хляве. Вясковыя жанчыны, увішныя і спрытныя, спраўляліся з работай хутка, працавалі сумленна. Да ўсяго і гаспадыні былі дбайныя. Мая гераіня – з іх ліку. За стараннасць і добрыя вытворчыя паказчыкі ёй уручылі 36 рублёў прэміі. Гэтых грошай хапіла, каб купіць шафу.
Давялося перажыць і чарнобыльскую навалу. Калі пасля аварыі на ЧАЭС у “Камарынскім” пачалі разводзіць мясную пароду жывёлы, пераключылася на яе адкорм. Да выхаду на заслужаны адпачынак даглядала бычкоў і цялушак.
Лёс паслаў ёй добрага хлопца. Уладзімір Крывапаленка вярнуўся дамоў пасля службы ў арміі, якую праходзіў у Літве і Латвіі тры гады. У 1961-м яны стварылі сям’ю. Дом, у якім жывуць у Карлаўцы і зараз, пабудавалі за ўласныя сродкі. Аляксандра Іванаўна ўзгадвае, што для гэтага ёй давялося ўзяць у калгасе пазыку на пяць гадоў, а потым паступова выплачваць.
Разам яны ўжо 62 гады. Сваё 85-годдзе Уладзімір Паўлавіч будзе святкаваць 14 кастрычніка. Яго працоўны шлях звязаны з райсельгасхіміяй, дзе вопытнага і дысцыплінаванага вадзіцеля памятаюць да гэтага часу.
А з’яднала гэтых цудоўных і здольных людзей любоў да музыкі. Аляксандра Іванаўна прыгожа спявала, а яе каханы віртуозна іграў на гармоніку і баяне. Дарэчы, валодаць інструментам навучыўся самастойна. Уладзімір Паўлавіч з роду таленавітых музыкаў-самародкаў. Яго дзед вырабляў скрыпкі і прафесійна іграў на іх. Сястра Валянціна – гонар сям’і: спявала ў хоры Пятніцкага, куды прымалі толькі адораных людзей.
Сваё 80-годдзе Аляксандра Іванаўна святкавала ў маі. Павіншаваць яе з днём нараджэння прыехалі старшыня савета пажылых грамадзян райвыканкама Ліна Пятніцкая і ансамбль “Песні над Дняпром” Брагінскага ТЦСАН. Юбілярша, акрамя таго што сумленна працавала ў сельскай гаспадарцы доўгія гады, была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Фальклорны калектыў “Карлаўчанка” (яму прысвоілі званне народнага) многія памятаюць да гэтага часу. Я не раз чула выступленне карлаўскіх спевакоў і музыкантаў, якія ў час раённых аглядаў-конкурсаў займалі прызавыя месцы. Аляксандра Іванаўна была ў калектыве салісткай.
Да сваіх юбілейных дат муж і жонка падышлі з важкім багажом сямейных каштоўнасцей: вырасцілі сына і дзвюх дачок, дачакаліся семярых унукаў і маюць столькі ж праўнукаў. Адно засмучае здольнага баяніста: зараз пальцы не могуць з такім жа спрытам, як у маладосці, націскаць на кнопкі музычнага інструмента. Але ж у просьбе выканаць знаёмую мелодыю родным і блізкім не адмаўляе. І тады наваколле Карлаўкі напаўняюць прыгожыя гукі. У некалі вялікай і прыгожай, а зараз напалову апусцелай вёсцы гучыць музыка. Тут жывуць душэўна прыгожыя людзі, якім песня – добры спадарожнік ва ўсіх справах.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ