Галоўнае свята краіны нездарма завецца Днём Незалежнасці (Днём Рэспублікі). Яно стала сімвалам свабоды і суверэнітэту Айчыны, аб’ядноўвае дзень мінулы і сучасны, дазваляе нам адчуць не толькі веліч гераічных падзей, але і значнасць пасляваеннага будаўніцтва. Новы этап у гісторыі суверэннай Беларусі пачаўся ў ліпеньскія дні 1944-га. Калектывы Брагіншчыны самааддана працавалі, каб жыццё ў гэтым цудоўным куточку Палесся хутчэй наладжвалася, каб на нашых землях не было больш войнаў, панавалі мір і згода. Немалы ўклад у развіццё раёна ўнёс калектыў ААТ “Брагінаграсэрвіс”.
Брагінскае раённае прадпрыемства па вытворча-тэхнічным забеспячэнні сельскай гаспадаркі (яго ранейшая назва) заснавана ў верасні 1938 года. У 1978-м перайменавана ў аб’яднанне “Сельгастэхніка”, а ў 1986-м – у раённае прадпрыемства па вытворча-тэхнічным абслугоўванні АПК. У лютым 2004 года ў выніку рэарганізацыі да ААТ “Брагінаграсэрвіс” было далучана ААТ “Брагинский Снаб”, а ў 2008-м – ЧУП “Комаринагрохимик”. Да слова, як ні гучала яго назва, сутнасць заставалася нязменнай: быць надзейным партнёрам хлебаробаў, аказваць падтрымку ў рамонце тэхнікі і правядзенні важных сельгаскампаній.
У красавіку бягучага года да ААТ “Брагінаграсэрвіс” далучылі адкрытае акцыянернае таварыства “Брагінскі”. Больш чым 20 гадоў калектыў узначальвае Сяргей Набок, вопытны і энергічны кіраўнік.
Пасля аб’яднання дырэкцыі і спецыялістам даводзіцца, акрамя ўсяго, займацца развіццём жывёлагадоўлі, нарыхтоўкай кармоў для грамадскага статка, падрыхтоўкай памяшканняў да зімы. Ёсць аграномы, заатэхнікі, ветурачы, але ж агульнае кіраўніцтва павінна ажыццяўляцца на высокім узроўні. На мой погляд, у новым статусе “Брагінаграсэрвіс” з усімі задачамі справіцца. Тут склаліся свае добрыя традыцыі, на якіх і грунтавалася ўся вытворчая дзейнасць. Найважнейшая з іх – клопат пра людзей. Інжынер па тэхніцы бяспекі Таццяна Ятчанка – чалавек прынцыповы і неабыякавы, прамалінейны і ў той жа час чулы. Перажывае за лёс кожнага рабочага.
Таццяна Сяргееўна шмат сіл прыклала, каб тэрыторыя прадпрыемства была добраўпарадкавана: на клумбах яркімі фарбамі гарэлі кветкі, а ў альтанцы можна было пасядзець, адпачыць. Шмат зроблена ёю сумесна з дырэкцыяй па стварэнні належных бытавых умоў для людзей. Прызнаецца, хацелася б больш, ды ўсё ўпіраецца ў фінансы. У калектыве карыстаецца аўтарытэтам, гэта заўважаеш адразу. На прадпрыемстве многа маладых механізатараў, адказных і добрасумленных, кваліфікаваных. Яны паспяхова спраўляюцца з усімі работамі, якія даручаюць у гаспадарках раёна. Машынна-трактарны парк прадпрыемства пастаянна абнаўляецца. Новыя МТЗ-3522, якія ААТ атрымала ў 2018-м, даверылі Паўлу Філатаву, Віктару Марчанку, Івану Малочку, Сцяпану Дзегцярэнку і Мікалаю Марчанку. У ліку лепшых – Валерый Скепскі, механізатар першага класа.
Разам з Таццянай Сяргееўнай і загадчыкам гаража Дзмітрыем Палявым аб’язджам усе ўчасткі, на якіх кіпіць работа. Травы першага ўкосу ўжо ў валках, патрэбна хутчэй запрасаваць іх і звезці рулоны пад павець, а падвяленую масу здрабніць і даставіць у сянажную ёмістасць. Першы, каго сустрэлі, быў Павел Філатаў. Свой працоўны шлях ён пачынаў у ААТ “Брагінаграсэрвіс” токарам, а потым сеў за руль трактара, як і марыў. Задзейнічаны Павел на адвозцы зялёнай масы (у Вуглах закладвалі другую траншэю кансерваванага корму). Нарыхтоўвае яе на УЭС-2-250 “Палессе” ў счэпе з навясной касілкай-плюшчылкай Анатоль Літвіненка. Адвозіць рулоны сена Алег Ласіца, а грузіць іх Мікалай Русак.


Кармавое поле на меліяраваных землях знаходзіцца ў акружэнні густой сцяны лесу. Пад чэрвеньскім сонцам у ясны пагожы дзень адчуваеш не толькі прыгажосць гэтай летняй пары, але і адказнасць людзей за вынікі агульнай справы. Арганізавана яна дакладна, кожны выконваў сваё заданне сумленна і якасна. З новымі калёсна-пальцавымі граблямі ГПК-8,5 вытворчасці ААТ “Мазыртэхсэрвіс” спрытна ўпраўляўся Сяргей Чыкін.

Дарэчы, набыло іх прадпрыемства паўмесяца таму. Аляксандр Заранік эксплуатуе прэс-падборшчык. Яго прозвішча ў раёне вядома ўсім, хто звязаны з сельскай гаспадаркай.

Пабывалі мы і на месцы закладкі сянажнай траншэі, дзе на магутным трактары вопытны механізатар Аляксандр Сыцянок шчыльна ўтрамбоўваў падвяленыя травы. Рабочыя, якія знаходзіліся побач, дадавалі ў ёмістасць неабходныя кансерванты.

За вёскай Лубенікі таксама вялася нарыхтоўка кармоў. Каб дабрацца да чацвёртай клеткі (так паміж сабой называюць гэты ўчастак у “Брагінаграсэвісе”), давялося нямала пакалясіць, а дзе і прайсціся. Задзейнічаны тут былі Віктар Заранік, Уладзімір Макрушаў, Мікалай Дзялец, Дзмітрый Буйневіч, Сцяпан Дзегцярэнка. Адны нарыхтоўвалі зялёную масу, другія адвозілі яе. Механізатары і вадзіцелі робяць усё, што ад іх залежыць, каб грамадскі статак ААТ зімой не галадаў. Для іх арганізавана гарачае харчаванне.


У спадчыну ад пакалення пераможцаў і вызваліцеляў мы атрымалі гэтае свята – Дзень Рэспублікі, у нас ёсць магчымасць жыць у роднай краіне, расціць дзяцей, сваёй працай мацаваць мір. Нашчадкі першых трактарыстаў дбаюць аб будучыні Беларусі, яе росквіце і эканамічнай стабільнасці. Няхай не перарываецца сувязь часоў, існуе традыцыя захавання і прымнажэння ўсяго лепшага, што пакінулі нам мудрыя продкі.

Дарэчы
Айчынная вытворчасць трактароў пачалася ў нашай краіне ў 1927 годзе. У 1930 годзе на Брагіншчыне і Камарыншчыне былі створаны МТС. Першымі дырэктарамі Брагінскай і Камарынскай (Ялчанскай) машынна-трактарных станцый з’яўляліся Ф. Ціхаміраў і М. Клімянок. Ужо праз тры гады Брагінская МТС забяспечвала вытворчым абслугоўваннем 92 калгасы, а Камарынская – 40.
У перыяд другой пяцігодкі (1933–1937) пры МТС адкрылі курсы трактарыстаў. Пасля іх заканчэння ў абодвух раёнах добрасумленна працавалі першыя трактарысты Фёдар Дзялец, Касьян Касцючэнка, Яўхім Гардзеенка, Ульян Літаш, Анікей Макута, Міхаіл Маргун, Міхаіл Процка, Аляксей Самойленка, Васіль Смусянок, Дзямід Сярдзюк і інш.
Толькі за 1947–1948 гг. Брагінскі і Камарынскі раёны атрымалі 29 гусенічных трактароў і 27 камбайнаў, дзясяткі грузавых аўтамабіляў, трактарных сеялак і г. д. Да канца чацвёртай пяцігодкі (1946–1950) магутнасць трактарнага парка ў МТС і саўгасах абодвух раёнаў перавысіла даваенны ўзровень на 26%.
Чарговым важным аграрна-палітычным мерапрыемствам з’явілася рэарганізацыя ў 1958 годзе МТС у рамонтна-тэхнічныя станцыі, калі ўся тэхніка перайшла ў рукі гаспадарак. Не маючы неабходнай рамотнай базы, калгасы не маглі забяспечыць належнай якасці аднаўлення тэхнікі і складаных прычапных машын.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Галіны ШАЎЧЭНКІ