Працай мір мацуем. У ААТ “Пераможнік” – згуртаваная каманда

Галоўнае Грамадства Сельская гаспадарка

Пра Сяргея Рака з ААТ “Пераможнік” шмат цёплых слоў я пачула ад галоўнага дзяржаўнага інспектара ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Пішчука.

Калегу з “Пераможніка” вылучыў адразу, прыкмеціў яго стараннасць і высокае пачуццё адказнасці. З таго дня, як юнак з Зарэчча закончыў Буда-Кашалёўскі каледж і вярнуўся на малую радзіму, прайшло 22 гады. Увесь гэты час Сяргей Фёдаравіч звязаны з рамонтам і падрыхтоўкай тэхнікі да важных сельгаскампаній.

Быў на розных пасадах, але ж апошнія чатыры гады ўзначальвае інжынерную службу.

ААТ “Пераможнік” усе работы выконвае ў тэрмін і з добрымі вынікамі, бо тут склалася дружная каманда аднадумцаў. Сваю справу людзі выконваюць сумленна, якасна, каб была карысць сабе і гаспадарцы. Сёлетні год не стаў выключэннем. Дбайна рыхтаваліся да вясны, своечасова паставілі на лінейку гатоўнасці чатыры энерганасычаныя трактары. Працуюць на іх Сяргей Сідарок, Аляксей Іотчанка, Сяргей Катлярэнка і Аляксандр Боркін. Што ні механізатар, то прафесіянал высокага класа. Яны ж займаліся і рамонтам, дарэчы, не толькі сваіх МТЗ, але і прычапнога інвентару. Сяргей Сідарок даводзіў да ладу высокапрадукцыйную сеялку “Amazone cirrus 6001”, Аляксей Іотчанка – дыскапак, Сяргей Катлярэнка – навясныя плугі. Машынна-трактарны парк папоўніўся ў канцы мінулага года новым культыватарам, сеялкамі айчыннай вытворчасці. Выйсці ў поле будзе з чым.

І не толькі інжынеру, але і галоўнаму аграному Сяргею Марчанку. Элітнае насенне аўса (адвядуць яму 275-гектарную плошчу) завезена з эксбазы “Крынічная”, ёсць і насенне ячменю, які размесціцца на 100 гектарах. Асноўную плошчу – а гэта 1420 гектараў – выдзеляць пад каралеву палёў, з якіх 370 – на зерне. У план сяўбы яравых уключаны і зернебабовыя (20 га).

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ