Насустрач святу. Жанчына, вясна і музыка

Галоўнае Грамадства

У восьмым дні сакавіка зліліся ў адно пяшчота і прыгажосць, мудрасць і высакароднасць, абаяльнасць і клопат – усё тое, што мы атаясамліваем з вобразам жанчыны. Свет без яе быў бы сумны, аднастайны і шэры, тым больш – мастацтва. Вясновы подых, набліжэнне свята натхняюць на творчасць, абуджаюць узнёслыя пачуцці, і музыка гучыць… Рытмічная ці меладычная, яна пранікае ў самыя патаемныя куточкі чалавечай душы. Выклікае то радасць, то журбу, то паток успамінаў, настальгію. Часам – наводзіць на роздум. Ці проста дапамагае развеяць сум, нуду, настроіцца на пазітыў. А для Алены Гаршковай музыка – гэта яшчэ і прафесія, любімая справа.

На працу ў Брагінскую дзіцячую школу мастацтваў яна ідзе з задавальненнем. Каб навучанне музыцы пераўтварыць у захапляльны працэс, імкнецца стварыць у класе камфортную атмасферу. Лічыць, што тут павінны гаспадарыць павага і шчырасць, сяброўства і індывідуальны падыход да кожнага вучня. Не дзіўна, што жадаючых займацца менавіта з Аленай Мікалаеўнай заўсёды шмат. Для дзяцей і іх бацькоў яна прыклад інтэлігентнасці, прыстойнасці і высокай адукаванасці, а для пачынаючых калег – вопытны, на-дзейны і дасведчаны дарадчык. Усе адчуваюць яе добразычлівасць і ветлівасць, тактоўнасць і ўраўнаважаны характар.

Разам з Аленай Мікалаеўнай юныя музыканты не толькі авалодваюць ігрой на акардэоне ці фартэпіяна, але і адкрываюць для сябе новыя творчыя гарызонты, пашыраюць кругагляд, абагачаюцца духоўна. А сама яна лічыць працу педагога ўнікальнай: “Перш за ўсё таму што дазваляе быць побач з дзецьмі, людзьмі, блізкімі па духу, задумках і ідэях. У нашага працоўнага калектыву – высакародная мэта: зрабіць свет больш шчырым, добрым, прыгожым, выхоўваючы і развіваючы падрастаючае пакаленне. А кожны ўрок – гэта непаўторны момант, напоўнены ведамі, вопытам, творчымі пошукамі і знаходкамі. Мы разам з вучнямі радуемся іх поспехам, перажываем няўдачы і плённа працуем, рухаемся далей, каб атрымаць задавальненне ад выніку”.

Такі ён, кожны працоўны дзень у школе мастацтваў, – з цікавымі заняткамі, дзіця-чымі ўсмешкамі, чароўнай палітрай гукаў музычных інструментаў, падрыхтоўкай да конкурсаў, канцэртаў… А потым – і дамоў, дзе таксама сустракаюць з радасцю, цёплымі абдымкамі родныя людзі. Гэта акрыляе, дадае ўпэўненасці і сіл, дапамагае пераадольваць любыя жыццёвыя цяжкасці. Жаночае шчасце бачыцца ў звычайных чалавечых каштоўнасцях: любімая справа, трывалая сям’я, утульны дом, дзе цябе чакаюць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ