ААТ “Камарынскі”: да пасяўной рыхтуюцца грунтоўна

Галоўнае Грамадства Сельская гаспадарка

На мехдвары ААТ “Камарынскі” ішла напружаная праца. Амаль каля кожнага агрэгата завіхаліся людзі, здалёк чуліся металічны звон і людская гаворка. Такі размераны рытм жыцця хлебаробаў неяк супакойваў і адцягваў ад трывожных думак. Захад хоча ўцягнуць Беларусь у вайну, варожа настроеныя ў адносінах да нас Польша і Літва ўчыняюць правакацыі, закрываюць пункты пропуску… У такіх умовах беларусам патрэбна быць згуртаванымі і адзінымі ў імкненні захаваць мір і стабільнасць. Вяскоўцы гэта разумеюць і настроены на пазітыў. Іх задача – усебакова падрыхтаваццца да пасяўной. Патрэбна пралічваць эканамічны эфект, працаваць без страт, атрымліваць якасную прадукцыю і ўмацоўваць фінансавае становішча гаспадаркі. Іншага не дадзена.

У час сяўбы Генадзю Чарнічэнку звычайна даручаюць пракласці першую баразну, а пакуль ён рыхтуе сваю сеялку “Amazone” да выхаду ў поле, рамантуе сашнікі. Высокая выпрацоўка і падарункі ад прафсаюзных лідараў, як гэта было ў папярэднія гады, а яшчэ прозвішча на раённай Дошцы гонару – прывычная справа і для яго, і для гаспадаркі. Трактар МТЗ-2022, які Генадзь Леанідавіч эксплуатуе ўмела і ашчадна, таксама праходзіць курс “лячэння” на рамонтным прадпрыемстве. Наперадзе – гарачыя будні, трэба быць ва ўсеўзбраенні, каб не прастойваць у баразне.

Механізатараў у “Ка-марынскім” не хапае. На тэрыторыі гарпасёлка функцыянуе не адна арганізацыя, дзе патрэбны людзі гэтай прафесіі. Таму тыя, хто застаўся ў ААТ і верны хлебаробскай справе, па-асабліваму ставяцца да тэхнікі, якую ім даверылі. Перабіраюць кожны вузел, кожную дэталь. Уладзімір Рыжык будзе рыхтаваць глебу пад яравыя культуры, зараз рамантуе дыскі БДК-5,4. У час адказных кампаній прычапны агрэгат – незаменны, выкарыстоўваюць яго на перадпасяўной апрацоўцы, закрыцці вільгаці.

Мікалай Якімовіч – адзін з тых, хто ў любую справу ўкладвае душу. Летам косіць травы, рыхтуе кармы, а вясной сее зерневыя. Яго ўвага сканцэнтравана на агрэгаце “Amazone”, каля якога Мікалай Уладзіміравіч шчыруе не першы дзень.

Дыскатар “Дыскапак” даводзіць да ладу Віталій Гануш, а слесары Леанід Вашчанка і Вадзім Рыжы – АКШ. За адзін праход шыроказахопны агрэгат выконвае тры аперацыі: выраўноўванне, рыхленне і ўшчыльненне глебы, забяспечвае рэсурса-зберагальную комплексную апрацоўку.

Дарэчы, дзве пнеўматычныя сеялкі дакладнага высеву ТС-М-8000 ужо стаяць на лінейцы гатоўнасці. Аб гэтым нам расказаў загадчык майстэрні Аляксандр Краўчанка. Па яго словах, да канца тыдня будуць адрамантаваны іншыя сельгасмашыны і прычапны інвентар. Камарынцы звычайна пачынаюць сяўбу ранніх яравых аднымі з першых у раёне, так што з падрыхтоўкай тэхнікі не марудзяць.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ