Яе ініцыятарам з’яўляецца рэспубліканскі камітэт прафсаюза работнікаў АПК.
Мэта – адзначыць лепшых працаўнікоў ферм і комплексаў кожнай гаспадаркі, якія шмат гадоў звязаны з жывёлагадоўчай галіной і сумленна выконваюць свае абавязкі. Як правіла, і вытворчыя паказчыкі ў іх высокія.
У ААТ “Брагінка” да выбару кандыдатур тых, хто будзе заахвочаны, падыходзяць прынцыпова і ўзважана. Бяруцца пад увагу і дысцыпліна, і стаўленне да справы, і чалавечыя якасці.
Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Людміла Карсак напярэдадні Новага года пабывала на малочна-таварных комплексах “Шкураты” і “Касачоў”, уручыла падарункі і падзякавала за працу кожнаму, хто вызначыўся на сваім участку.
Жывёлавода Ірыну Карсак ведаюць не толькі ў нашым раёне. Неаднаразова ў рамках такіх акцый да яе ў Шкураты прыязджалі прафсаюзныя лідары вобласці і рэспублікі, каб асабіста сустрэцца і ўручыць ліст з падзякай і падарунак. Адзначалі яе і на абласных дажынках у 2018 годзе.
Працоўная біяграфія Аляксандра Цярэшчанкі звязана з жывёлагадоўляй. Ён ужо на заслужаным адпачынку, але ж па-ранейшаму кожную раніцу спяшаецца на ферму да сваіх маленькіх гадаванцаў.
Ігар Музычкін разам з жонкай адкормліваюць бычкоў на Кавацкай ферме. Справа нялёгкая і ў нейкай ступені рызыкоўная, бо патрабуе захавання як тэхналогіі кармлення, так і тэхнікі бяспекі.
Аператар машыннага даення Наталля Антоненка працуе на МТК “Касачоў” з першага дня яго адкрыцця. Па словах прафсаюзнага лідара, уважлівая, добразычлівая, карыстаецца аўтарытэтам у калег і кіраўніцтва. Як і цялятніца Таццяна Фралова.
Васіль Здор выпайвае цялят, робіць гэта з душой і пачуццём адказнасці. У Шкураты пераехаў з Конанаўшчыны. Дырэкцыя выдзеліла для яго сям’і катэдж.
Да рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” традыцыйна далучаюцца работнікі раённага дома культуры. Так было і на гэты раз. Папулярныя песні пад баян акампаніятара Аляксандра Чубсы гучалі бадзёра, выклікалі ўсмешкі, уздымалі настрой.
Ніна СІНІЛАВА