9 кастрычніка – Дзень работнікаў культуры

Галоўнае Грамадства

Набліжаецца другая нядзеля кастрычніка. А значыць, і прафесійнае свята людзей, вынікі працы якіх мы бачым, наведваючы музеі і тэатры, клубы і бібліятэкі, выставы і канцэрты… Дзейнасць, безумоўна, захапляе
шматграннасцю творчасці і дорыць асалоду ад свету мастацтва, нясе зарад станоўчых эмоцый. Жыццё без работнікаў культуры было б, згадзіцеся, шэрым, сумным і аднастастайным. Таму ўсе высокія словы сёння – у іх гонар.

Мы, вядома, толькі гледачы, госці на мерапрыемствах. І наўрад ці той, хто ніколі не паглыбляўся ў творчы працэс, ведае, наколькі гэта адказная, карпатлівая праца: не проста падрыхтаваць сцэнарый і выступіць, а ўразіць, захапіць, здзівіць, крануць струны чалавечай душы. Зрабіць так, каб нейкая падзея, свята, іншая ўрачыстасць запомніліся, выклікалі светлыя пачуцці. У кожны такі відавочны поспех, выніковую справу ўкладзены арганізатарскія здольнасці і талент, шмат энергіі і сіл прафесіяналаў.

Сёння, дарэчы, беларуская культура – найважнейшы рухавік сацыяльнага прагрэсу, трывалы падмурак нашай ідэалогіі і маралі. Яна зберагае гістарычную памяць і духоўныя скарбы народа, сваімі асаблівымі сродкамі адлюстроўвае жыццё, ствараючы яркі і велічны мастацкі вобраз эпохі, абуджае ў людзях шчырыя патрыятычныя пачуцці. Больш таго, нават самы маленькі сельскі клуб дае магчымасць чалавеку знайсці сябе, рэалізаваць уласныя здольнасці і талент, імкнецца задаволіць духоўныя і эстэтычныя патрэбы людзей. На Брагіншчыне, па інфармацыі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, працуе 120 аматарскіх калектываў, студый, гурткоў, аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх задзейнічана больш за 600 мясцовых жыхароў. А за час, калі пандэмія вымусіла абмежаваць масавыя мерапрыемствы, многія засумавалі па выязных канцэртах. Зараз такая форма работы, улічваючы яе запатрабаванасць, адноўлена і актывізавана.

Прыемна, што кожны год работнікі культуры не толькі расквечваюць мастацтвам нашу паўсядзённасць, але і заяўляюць аб сабе на абласным, рэспубліканскім і нават міжнародным узроўні. У народнага вакальнага ансамбля “Белыя росы”, напрыклад, сёлета цэлы букет узнагарод. Ён, у прыватнасці, стаў пераможцам міжнароднага конкурсу-фестывалю “Зарапад” у намінацыі “Малыя вакальныя ансамблі” (г. Санкт-Пецярбург), лаўрэатам першай ступені міжнароднага шматжанравага фестывалю-конкурсу творчасці “Millennium” (г. Брэст), лаўрэатам міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўна” – адзначаны за высокі ўзровень выканаўчага майстэрства. Поспех прынёс таксама міжнародны тэлепраект “Кубак дружбы” (г. Мінск): “Белыя росы” атрымалі дыплом трэцяй ступені ў намінацыі “Эстрадны вакал”. А са “Славянскага базару ў Віцебску” вярнуліся з падзякай за актыўны ўдзел у канцэртных праграмах “Задвінскага кірмашу”.

У новых жа, нядаўна створаных калектываў яшчэ ўсё наперадзе. Працаваць яны пачалі на базе Брагінскага РДК і Камарынскага культурна-спартыўнага цэнтра. Пад кіраўніцтвам Вячаслава Гаршкова – вакальна-інструментальная група “Ancora”, Ніны Рассудоўскай – фальклорны калектыў “Каліна”.

Зрэшты, нашы землякі, якія плённа працуюць на ніве культуры, заўсёды з гонарам прадстаўляюць Брагіншчыну, яе гістарычную і духоўную спадчыну, яркія ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. У гэтым сёлета маглі ўпэўніцца ўдзельнікі і госці свята беларускага пісьменства, фестываляў нацыянальных культур, “Вытокі. Крок да Алімпу”, #ЧитайГомель.

Прыкметныя змены да лепшага адбыліся ў Брагінскай дзіцячай школе мастацтваў, дзе калектыў у няспынным творчым пошуку, імкненні дасягаць большага. У прыватнасці, для вучняў пашырыліся магчымасці на інструментальным аддзяленні – дадалася скрыпка. З’явіліся новыя накірункі для тых, каго прываблівае выяўленчае мастацтва, – лепка і бацік. Гэта стала магчымым з прыходам ва ўстанову ў жніўні мінулага года маладых спецыялістаў.

Вучні да таго ж працягваюць актыўна ўдзельнічаць у раённых, абласных, міжнародных конкурсах. Сёлета яны, дарэчы, перамаглі ў рэгіянальным фестывалі дзіцячай эстраднай творчасці “Зорная карусель”: за самую цікавую канцэртную праграму атрымалі галоўны прыз – “Залаты ключык”. А ў абласным конкурсе музычна-выканаўчага майстэрства сярод выпускнікоў ДШМ трэцяе месца ў намінацыі “Баян” заняла Алена Раманюк з Буркоў (педагог – Аляксандр Раманюк). Удзел у справаздачным канцэрце адораных вучняў ДШМ Палескага рэгіёна, па выніках адборачнага тура, прыняў узорны харэаграфічны калектыў “Брагінка” (кіраўнік – Алена Цярэшчанка).

Упэўнена, што і надалей усе, хто імкнецца праслаўляць Брагіншчыну сваімі талентамі, спрыяе захаванню яе культурных традыцый, выхоўвае ў дзяцей і моладзі любоў да мастацтва, абавязкова будуць дасягаць поспехаў. Няхай нікога не пакідае творчае натхненне, а цікавыя ідэі і праекты ўвасабляюцца ў жыццё, не мялеюць крыніцы радасці, якую вы дорыце людзям!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА