19 кастрычніка спаўняецца 132 гады з дня нараджэння нашага земляка Сяргея Палуяна

Год гістарычнай памяці Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы

Сяргей Палуян – адна з самых светлых і ў той жа час трагічных постацей беларускай літаратуры. Ужо ў васямнаццаць гадоў яго назвалі празаікам, літаратуразнаўцам, публіцыстам, крытыкам, а ў дзевятнаццаць ён пайшоў з жыцця… Янка Купала прысвяціць яму жамчужыну сваёй паэзіі – паэму “Курган” і верш, а Максім Багдановіч – зборнік твораў “Вянок”. Вялікая, згадзіцеся, пашана і ўзнагарода за працу. На наступным тыдні з дня нараджэннянашага славутага земляка спаўняецца 132 гады.

Бацькі Палуяна: Аляксандра Дзмітрыеўна і Епіфан Іванавіч.

Так, ён быў ад прыроды надзелены геніяльнымі задаткамі. Яркі талент і вялікі працалюб. Чалавек-патрыёт з адкрытай душой і марай пра ўсеагульнае шчасце народа. Перадавы грамадскі дзеяч свайго часу, які дбаў пра адраджэнне беларускай мовы, росквіт Айчыны, хваляваўся за яе лёс. І хто б мог падумаць, што жыццё гэтай энергічнай, кіпучай натуры так раптоўна перарвецца…

Нарадзіўся Сяргей Палуян 19 (па н. ст.) кастрычніка 1890 года ў Брагіне ў сям’і арандатара, які, дзякуючы выключнай працавітасці і прадпрымальнасці, разбагацеў і набыў маёнтак Крышычы ў Юравіцкай воласці Мазырскага павета. Туды і пераехалі бацькі з дзецьмі. У сям’і было пяць дачок і трое сыноў.

З юных гадоў у хлопца расла цікавасць да кніг на роднай мове, прага да вывучэння краязнаўства і культуры роднай старонкі. Роздум пра тое, што адны жывуць багата, а другія, як ні працуюць, галеюць без хлеба, прыйдзе потым. А пакуль Сяргей проста здзіўляў бацькоў сваімі неспадзяванымі пытаннямі: “Чаму ў нас больш зямлі, чым у мужыкоў?”, “Чаму мы дома паміж сабой гаворым па-нашаму, а як прыедуць госці – па-руску ці па-польску?” Адказы дома не знаходзіў.

Акрылены рэвалюцыяй

Усё пачынаецца ў 1905 годзе, калі Сяргей зблізіўся з рэвалюцыянерамі. Тады гэта 15-гадовы вучань Мазырскай прагімназіі, дзе займалася 146 дзяцей. Падлетак пачаў хадзіць на маёўкі, слухаць гарачыя прамовы ў абарону працоўных, разносіць пракламацыі. Пачутае і вычытанае пераказваў сваім аднакласнікам. У выніку над ім навісла пагроза выключэння. Ну і дакараў свайго “няўдалага” сына Епіфан Іванавіч! Не дзіўна. Колькі намаганняў патрэбна было прыкласці бацьку, звычайнаму селяніну, каб стаць гаспадаром уласнай зямлі, выйсці ў мяшчанскае саслоўе, уладкаваць дзяцей на вучобу. Для яго, чалавека іншых жыццёвых прынцыпаў, які ўсё аддаваў зямлі і сям’і, гэта стала моцным ударам – калі адміністрацыя прагімназіі паведаміла пра захапленні Сяргея.

Юнака, безумоўна, забралі дамоў. Паспрабавалі ўладкаваць і ў іншую гімназію – Мітаўскую (цяпер Елгава, Латвія), дзе выкладалі сваякі. Маўляў, будзе пад прыглядам. Не атрымалася. Сяргей і там праявіў сваё бунтарства: удзельнічаў у мітынгах, дэманстрацыях, забастоўках. Сітуацыя паўтарылася.
Епіфан Іванавіч спрабаваў разабрацца з сынам па-свойму: працуй па гаспадарцы, працягвай бацькоўскую справу. Але ў Сяргея, па натуры – паэта, патрыёта, рамантыка, былі іншыя погляды і думкі. Праблемы ў сям’і, сцяна паміж сынам і бацькамі – моцная траўма, псіхалагічны ціск па жыцці. Пасля чарговага выхаваўчага моманту з прымяненнем сілы Сяргей пакінуў родны дом. Назаўсёды.

Поўны энергіі і аптымізму

Яму сямнаццаць. Высокі, русавалосы, з блакітнымі вачыма. Прыгожы, але вельмі сур’ёзны. Галоўнымі рысамі характару юнака сябры называлі праўдзівасць, справядлівасць і настойлівасць. Ды толькі як з усімі гэтымі якасцямі і імкненнямі, беларускім патрыятызмам, без капейкі за душой выжыць у гады сталыпінскай рэакцыі?

Сяргей Палуян едзе ў Кіеў, дзе спачатку жыў у дзядзькі, але хутка, шукаючы большай свабоды, стаў наймаць жыллё. Убогі пакойчык, выпадковыя заробкі рэпетытарствам і напісаннем сачыненняў гультаям-гімназістам, матэрыяльныя цяжкасці… І пры гэтым юнак умудраецца стаць адной з цэнтральных фігур беларускага адраджэння.

Менавіта тут, у Кіеве, Сяргей пачаў актыўна супрацоўнічаць з украінскімі выданнямі, а поруч з гэтым пільна сачыў за падзеямі ў Беларусі. Асаблівае захапленне выклікала ў яго дзейнасць “Нашай нівы”, з рэдакцыяй якой падтрымліваў цесны кантакт. Таму ахвотна прыняў яе прапанову пераехаць у Вільню. Зрабіў гэта ў 1909 годзе і прыступіў да працы ў славутым выданні.

За сваё нядоўгае творчае жыццё Палуян, як ні дзіўна, змог прааналізаваць асноўныя праблемы свайго народа. У шматлікіх рэцэнзіях і асабліва ў артыкуле пад назвай “Беларуская літаратура ў 1909 гаду” ён даў глыбокую ацэнку тых тэндэнцый і схільнасцей, якія, на яго думку, характарызавалі беларускае адраджэнне XX стагоддзя, і асаблівую цікавасць праявіў да творчасці Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, лічачы гэтых паэтаў найбольш нацыянальнымі і перспектыўнымі. Дастаткова ўзгадаць: менавіта Сяргей Палуян знайшоў у архіве “Нашай нівы” сшыткі з вершамі яраслаўскага гімназіста Багдановіча, расцэненыя як “дэкадэнцкія”, і першы пачаў змагацца за іх прызнанне і шырокую публікацыю.

“Хоць свет і людны, і шырокі…”

Па сведчаннях сучаснікаў, наш славуты зямляк пісаў вершы, апавяданні, п’есы, складаў беларускую хрэстаматыю, “Зборнік цудоўных малюнкаў-сімвалаў” для дзяцей, рыхтаваў вялікую работу па гісторыі беларускай літаратуры… Ад яго чакалі многа. Вось як пісьменнік Алег Лойка апісваў сустрэчу Янкі Купалы і Сяргея Палуяна ў жніўні 1909 года: “Гэты юнак яму спадабаўся, – больш таго, улюбёнымі вачыма глядзеў на яго паэт, бачачы ў ім будучага беларускага Бялінскага, проста цешачыся яго темпераментам, жыццялюбствам, высокай паставай, гаварлівасцю…” Яшчэ б! Таленавіты публіцыст і ідэолаг беларускага руху. “Ён, як і Янка Купала, не мог зразумець, як гэта ў імя нейкай грашовай падачкі можна паступацца чысцінёй ідэалаў – рэкламаваць ідэйна чужыя выданні, “новейшие парижские изделия” і г.д.”, – прыкмячаюць даследчыкі творчасці Палуяна Вячаслаў Рагойша і Таццяна Кабржыцкая.

У Кіеве Сяргей разышоўся з мясцовымі рэвалюцыянерамі з-за іх неадпаведнасці высокім ідэалам. У Беларусі – тое ж самае. Гэта стала страшэнным расчараваннем, невыносным цяжарам для чулай, узнёслай душы.

Палуян кідае работу і вяртаецца ў Кіеў. Зло, крыўды, несправядлівасць, пошукі шчасця – усё было, як чорная яма. Змрочныя думкі не адпускалі. Да ўсіх праблем дадалася яшчэ адна – невылечная на той час хвароба. А Палуян не адпачываў, не даваў спакою душы, што, відаць, і вяло да непазбежнай трагедыі. “Хоць свет і людны, і шырокі, ты быў як месяц адзінокі”, – напіша пазней аб ім Максім Багдановіч.

Пра смерць і вечнае жыццё

Сяргея Палуяна не стала на дваццатым годзе жыцця. Яго знайшлі ў невялікім цёмным пакоі павешаным. Афіцыйная версія – самагубства. Існуюць і іншыя меркаванні, здагадкі, падазрэнні. Напрыклад, на “рэвалюцыйных таварышаў”. Але няма сумненняў у адным: колькі б мог яшчэ зрабіць, пражыві ён больш!

Пахавалі Сяргея Палуяна на кіеўскіх Байкаўскіх могілках (не захаваліся). Бацькі, даведаў-шыся пра яго страту, вельмі перажывалі. Маці аж да самай смерці плакала і трымала пры сабе чырвоную касаваротку сына, прывезеную з Кіева, падкладвала яе пад падушку: а можа Сяргейка прысніцца…
Вядома таксама, што апошнія два гады побач з ім была каханая Наталля, якая нарадзіла яму сына.

На жаль, з мастацкіх твораў Палуяна захаваліся фактычна толькі два: апавяданне “Вёска” і верш у прозе “Хрыстос уваскрос!” Першы – аб паміранні і распадзе, другі – аб уваскрэсенні і надзеі. З аднолькавым майстэрствам і экспрэсіяй юны паэт гаворыць аб смерці і вечным жыцці. “Воцатам чужой культуры звiльжалi твае спячоныя смагай свету вусны… – пісаў ён пра родную Беларусь. – Але кожнага году па ўсёй Беларускай зямлi разносiцца клiч: Хрыстос уваскрос!.. I ты ўваскрэснеш, мой родны край!”

Розныя артыкулы, успаміны, меркаванні гісторыкаў сведчаць аб адным: Сяргей Палуян быў патрыёт, які згарэў за Беларусь. У яго сэрцы таілася вялікая любоў да роднай зямлі, і ён заслугоўвае, каб пра яго памяталі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА