На мінулым тыдні ў міліцыю па лініі 102 паступілі 43 паведамленні. Аб гэтым расказалі ў штабе РАУС.
Узбуджаны дзве крымінальныя справы. Адна з іх – 4 мая ў дачыненні да жыхара Асарэвіч, які 14 красавіка некалькі разоў ударыў аднавяскоўца кулаком па твары. Пенсіянеру нанесены цялесныя пашкоджанні. 5 мая – на факце крадзяжу веласіпеда “Аіст” коштам 150 рублёў з падвальнага памяшкання дома па вуліцы Крылова ў райцэнтры.
Выяўлены таксама два парушэнні ў сферы АПК. Так, 4 мая ўстаноўлены факт знаходжання на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення вартавога адной з МТФ ААТ “Брагінскі”. Мужчыну вынесена папярэджанне. Калі супрацоўнікі міліцыі завіталі на гэтую ж малочна-таварную ферму 5 мая, то зарэгістравалі адсутнасць асвятнення на ўсёй тэрыторыі, а рамонтны ангар для тэхнікі не быў замкнуты.
2 мая ў Ніжніх Жарах адбылося ўзгаранне драўлянай гаспадарчай пабудовы, якая была цалкам знішчана агнём. Папярэдняя прычына пажару – замыканне электраправодкі.
6 мая паступіла паведамленне ад жыхара Дубліна, які на полі каля вёскі знайшоў снарад. Ваеннаслужачыя своднага атраду размініравання ўстанавілі, што гэта вучэбны боепрыпас. У той жа дзень падчас перагону па полі крупнай рагатай жывёлы была знойдзена міна, таксама недалёка ад Дубліна.
Супрацоўнікамі міліцыі складзены 12 адміністрацыйных пратаколаў. За п’янства затрыманы два чалавекі (арт. 19.3 КаАП), за правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін – чатыры (арт. 19.1, 10.1 КаАП).
Да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху прыцягнуты 39 чалавек, чатыры з якіх – веласіпедысты і пешаходы.
Падрыхтавала Вольга ПАЛЯШЧУК