У Беларусі помнікі не зруйноўваюць, а ўзводзяць новыя

80 гадоў вызвалення Беларусі Год гістарычнай памяці Грамадства

Мне, ураджэнцу Брагіншчыны, заўсёды прыемна бываць на малой радзіме і адчуваць шчырасць, дабрыню, прыветлівасць сваіх землякоў. Апошні мой прыезд не стаў выключэннем. Зразумеў: нездарма мы стварылі атрады міратворцаў, дзейнасці якіх  далі высокую адзнаку не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Школьнікі адчуваюць сваю адказнасць па захаванні гістарычнай памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, ведаюць кошт міру, за які вельмі дорага заплацілі нашы продкі-героі. Боль і смутак па ахвярах генацыду, радасць Перамогі заўсёды павінны жыць у людскіх сэрцах. Для мяне вайна – самае страшнае слова. Яна не павінна паўтарыцца.

Сімвалічна, што на фоне дзікунства па зруйнаванні помнікаў вызваліцелям ад нацызму ў Літве, Латвіі і Польшчы ў нас у Брагіне і Рудні Жураўлёвай узводзяцца новыя. Вялікі дзякуй вам, людзі, і нізкі паклон за ўдзел у акцыі “Дарогамі спаленых вёсак”.

На зваротным шляху мы падвозілі да Гомеля святара з Украіны, царкву якога разбурылі “азоўцы”, а сам ён пешшу дабраўся да камарынскіх пагранічнікаў, дзе быў абагрэты і накормлены. За акном няспынна ішоў дождж, бацюшка хрысціўся і нешта шаптаў. Мабыць, маліўся за рускіх воінаў, нашчадкаў смелых і мужных салдат Савецкай Арміі, якія сёння вядуць баявыя дзеянні ў Луганску і Данбасе. Як і іх дзяды і прадзеды, яны змагаюцца з нацыяналістамі супраць генацыду, насілля і гвалту. А ў мяне ў галаве адразу склаліся гэтыя радкі:

Людзі бягуць ад вайны,

У чым яны вінаваты?

Пакідаюць свае дамы,

Пакідаюць абжытыя хаты.

А за плячыма грукоча вайна:

Здзекі, пакуты і смерці,

Шмат гора зямнога яна

Прынесла дарослым і дзецям.

Бывай, бацькоўскі куток,

Вербы, клёны, бярозкі,

Бывай, заліўны лужок,

Залацістага жыта палоскі.

Пакідаем любы свой край

З надзеяй аднойчы вярнуцца.

І зноў зацвіце тут май

Салаўі звонкай песняй зальюцца.

З павагай, Аляксандр Цярэшчанка