Сёння з працоўным калектывам КЖУП “Брагінскае” сустрэліся дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Чарняўская і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Калясан.
Парламентарый расказала прадстаўнікам камунальнай службы, над якімі законапраектамі зараз працуюць дэпутаты. Большасць з іх звязана з новай Канстытуцыяй, якая ўступіла ў дзеянне 15 сакавіка 2022 года. Асноўная ўвага надаецца закону аб Усебеларускім народным сходзе, дзе будуць прапісаны ўсе паўнамоцтвы прадстаўнікоў гэтага вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя.
Па словах Жанны Мікалаеўны, патрабуюць урэгулявання і пытанні, якія датычаць выкарыстання інтэлектуальнай уласнасці і атамнай энергіі.
Дарэчы, атамная энергія з’яўляецца не толькі самай таннай у свеце, але і самай экалагічна чыстай з усіх даступных крыніц энергіі. І тое, што Беларусь пачала развівацца ў гэтым накірунку, безумоўна, правільна.
– Атамная энергія – гэта не толькі святло ў дамах. Яе можна выкарыстоўваць у многіх сферах дзейнасці: ад медыцыны да сельскай гаспадаркі. Плануецца будаваць, у тым ліку і ў Брагінскім раёне, цалкам электрафікаваныя дамы, так званае разумнае жыллё. Набіраюць папулярнасць сярод беларусаў і электрамабілі, – адзначыла парламентарый.
Размова вялася таксама пра цэны, санкцыі і праблемныя пытанні ў сферы ЖКГ. Жанна Чарняўская папрасіла прысутных уносіць свае прапановы, як на заканадаўчым узроўні можна палепшыць работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК